Навіны

Лагічнасць свету

Усё ж такі логіка перамагла. Свет лагічны і ўсё ў ім лагічна. Ну можа не адразу тая логіка праяўляецца з-за таго, што некаторыя моцныя гэтага свету лічаць, што яны ў змозе змяніць сусветныя законы так, як ім хочацца. Але рана ці позна ўсё ўтрасаецца належным чынам.  

   Сапраўды, падобнае цягнецца да падобнага. Дэмакратыі цягнуцца да дэмакратый, а дыктатуры да дыктатур. Таталітарны кіраўнік заўсёды знойдзе агульнае з такім жа як ён. Спробы дэмакратый загульваць з таталітарнымі краінамі, выхоўваць іх і спрыяць дэмакратычнай адукацыі таталітарных лідараў з трэскам праваліліся ў глабальным маштабе і працягваюць правальвацца ў меншых маштабах там, дзе да палітыкаў з нізкім IQ яшчэ не дайшло што так будзе.

   Нехта гэта ўспрымае як катастрофу, нехта як асабістую паразу, а нехта як натуральны працэс, які ўсё расставіў на свае месцы.

   Зусім нядаўна мы былі сведкамі жорсткага супрацьстаяння Расіі і Турцыі. Дакладней Пуціна ды Эрдагана. Чаго там толькі не было. І эканамічныя санкцыі, і забарона прыезду турыстаў і нават пагрозы з боку расійскага кіраўніка, што калі туркі лічаць што ім усё сыдзе з рук толькі забароненымі памідорамі, то яны моцна памыляюцца.

   Туркі таксама не адмоўчваліся, хоць патрабавалі ад іх усяго толькі прабачэнняў за збіты самалёт. Не так і шмат. Але ў адказ былі свае пагрозы. Многія тады лічылі, што гэта надоўга. Але ж крумкач крумкачу вока не выдзеўбе. І вось ужо свет мяняецца ў лагічны бок. Два таталітарных лідары доўга не вытрымалі адзін без другога.

   Хоць прабачэнняў за самалёт і не было, а толькі шкадаванні, але і гэтага хапіла. І вось ужо, пасля няўдалага, або ўдалага перавароту ў Турцыі Крэмль запусціў сваю правераную дыпламатычную кавалерыю. Найперш Эрдагана запрасіў да сябе кіраўнік Беларусі. Але турэцкі лідар хіба што вырашыў першыя перамовы з рускімі, хай сабе і праз пасрэднікаў, правесці на сваёй тэрыторыі. І вось ужо ў Анкару імгненна вылецеў другі саюзнік Пуціна па СНД кіраўнік Казахстана.

   І вось ужо і сам турэцкі кіраўнік ляціць у Расію.

   Што там тыя памідоры ці тым больш той лётчык. Перашкодаў больш няма. Эрдаган даказаў, што ён свой, і з ім цяпер можна мець справы. Ён жа выказаў свае негатыўныя адносіны да ЗША. І да Еўропы таксама. Цяпер усе пытанні вырашаюцца імгненна. Аднаўляецца “Турэцкі паток”, ідзе размова пра пабудову ў Турцыі расійскай АЭС, пра пабудову стратэгічнага газасховішча, робіцца заява пра новыя стасункі ў адносінах Расіі і Турцыі.

   А ў новай палітычнай рэальнасці вымалёўваецца новая, і абсалютна лагічная кааліцыя Расія-Турцыя-Іран.

   І можаце не сумнявацца, што да канца году нафта будзе каштаваць каля 100 даляраў.

   Зараз ужо Турцыя не будзе збіваць расійскія самалёты. А Расія, у адрозненні ад Еўропы, і не збіраецца патрабаваць ад Турцыі не ўводзіць смяротную кару. Яна нават ад Беларусі такога не патрабуе.

   Не магу зразумець толькі аднаго. Чаму так шмат людзей, якія па абавязку сваёй прафесіі мусілі ўсё гэта прадбачыць, меркавалі, што можа быць па-іншаму? Ну адкажыце, ці было калі па-іншаму? Ці змаглі ў еўрапейскіх гуманітарных інстытутах выхаваць Пол Пота ці Кім Чэн Ына? Увогуле, каго змаглі выхаваць? Каму змаглі, шляхам загульвання і ліслівасці, саступаў і прамых фінансавых падтрымаў праз Сусветны Валютны Банк укласці ў галаву дэмакратычныя каштоўнасці.

   І ўсе гэтыя гульні адбываюцца заўсёды пры адкрытай здрадзе тых колаў грамадства, якія акурат і маюць гэтыя дэмакратычныя каштоўнасці.

   Ну што ж. Хай спрабаюць яшчэ і яшчэ. Гісторыя вучыць толькі таму, што нічаму не вучыць.

   А пра ўваход Турцыі ў Еўразвяз ужо хіба што размовы прыціхнуць. На нейкі час. Пакуль, на чарговых выбарах у Еўропе не прыйдзе новае пакаленне палітыкаў, якія як і іх папярэднікі забыўшыся пра логіку зноў палічаць сябе разумнейшымі за тых папярэднікаў і абвесцяць праграму “перазагрузкі” і для Турцыі і для Расіі нават пры гэтых кіраўніках.

   Беларусі ж такую праграму будуць з кожнымі новымі выбарамі абвяшчаць новыя польскія палітыкі.

   А перамагаць заўсёды будзе логіка.

   Віктар Сазонаў.

13.08.2016

праваабарончыя сайты