Навіны

Канец алімпійскіх кольцаў

   Упершыню ў сваім сведамым жыцці асабіста я не буду ўважліва сачыць за хадой алімпійскіх гульняў. Мая памяць пра галоўныя спартовыя спаборніцтвы чалавецтва сягае 1976 году, з таго часу мінула больш дваццаці летніх і “белых” алімпіядаў і што характэрна, з кожнымі новымі гульнямі пад пяццю пераплеценымі кольцамі гублялася адчуванне свята. Гэта ў юнацтве і маладосці алімпійскія ідэалы здаюцца чыстымі і светлымі. З гадамі ж высвятляюцца такія акалічнасці, што сузіраць, як раней здавалася чэсныя, спаборы на арэнах і пляцоўках, ня надта хочацца. Маю на ўвазе, канешне, найперш ужыванне спартоўцамі допінгу, зло, якое выкараніць зараз з вялікага спорту надзвычай цяжка, а можа ўжо і немагчыма. А па-другое, вышэйшыя спартовыя арганізацыі свету так пагрузлі ў карупцыі і патаемных гешэфтах, што адрадзіць чысціню алімпійскіх ідэалаў магчыма хіба толькі распусціўшы ўсе гэтыя МАКі-ФІФы-УЕФы. Вось прыклад з той жа камандай Расіі. Міжнароднае антыдопінгавае анегцтва фактычна даказала, што ўжыванне допінгу расейскімі спартоўцамі мела дзяржаўны характар і было санкцыянавана ўладамі. Зразумела, што допінг ужываюць прадстаўнікі многіх краін. Але ў пераважнай бальшыні з іх – гэта брудная справа асобных атлетаў, альбо нейкіх груповак, асобных нацыянальных федэрацый. У аўтарытарных жа і таталітарных краінах гэтым займаюцца дзяржавы. Прыгадаем тут яшчэ з сацыялістычных часоў “феномены” ў асобных відах спорту атлетаў Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Кубы, ну і канешне Савецкага саюзу. Зараз жа ў абсалютныя лідары па ўжыванні стымулятараў выйшла імперская Расія. Сусветнае антыдопінгавае агенцтва па-сутнасці прапанавала адхіліць усю зборную Расіі ад алімпіяды, а вось МАК ухіліўся ад рашэння. Хто ў тэме – той разумее чаму. Добра яшчэ, што хоць некаторыя журналісты могуць назваць рэчы сваімі імёнамі. Так аўтарытэтнае нямецкае выданне “Bild” назвала прэзідэнта МАК Томаса Баха “пудзелем Пуціна”. У выніку расейцы возьмуць удзел у алімпіядзе, хоць і моцна прарэджанай камандай. На маю ж думку, іх трэба было альбо ўсіх дыскваліфікоўваць, альбо ўсіх дапускаць.

   У беларусаў жа “спаліліся” весляры, шэраг лёгкатлетаў і бальшыня цяжкаатлетаў. Каманда ў выніку страціла значную частку прэтэндэнтаў на медалі. Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь на адкрыцці алімпіяды даверылі несці велагоншчыку Васілю Кірыенку. Некалькі месяцаў таму гэты спартовец у інтэрв’ю Радыё Свабода заявіў, што беларуская мова мёртвая, на ёй, маўляў, ніхто не размаўляе і выказаў абурэнне, што яго дачку прымушаюць вывучаць такую непатрэбную мову. Наўрад ці чалавек з такім роўнем інтэлекту ўсвядоміў, што ён абразіў некалькі мільёнаў беларусаў. Скандальным і недалёкім, мякка кажучы, выказваннем ён адразу перакрэсліў усё, што зрабіў раней для ведамасці нашай краіны за мяжой сваімі спартовымі заваёвамі. Шкада, бо чалавек мог увайсці ў гісторыю як той, хто здабываў не толькі для сябе, але і для краіны медалі на трэку ці шашы, а ўвойдзе вось з такой “герастратавай” славай, “спаліўшы” сваё імя. Хоць, канешне, яго зараз ведае значна большая колькасць людзей. Аднак цяпер пераважная бальшыня з іх будзе заўзець супраць гэтага велагоншчыка, хоць гэта і супярэчыць нармальнай прыродзе чалавека. Аўра антысімпатый будзе вельмі моцнай. А тут яшчэ гэтае рашэнне функцыянераў нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Хоць канешне такому сцягу такі чалавек як Кірыенка менавіта адпавядае. Гэтыя функцыянеры за 20 гадоў развалілі амаль увесь беларускі спорт, заўсёды наперадзе прафесійнага падыходу ставілі фальшывую ідэалогію, чаго яшчэ было ад іх чакаць…

   Памятаю, як ішлі нашы алімпійцы пад бел-чырвона-белым сцягам у нарвежскім Лілехамэры ўжо ў далёкім 1994-ым годзе. І першы там жа суверэнны медаль канькабежца Ігара Жэлязоўскага. Вось гэта былі эмоцыі, гэта было заўзенне! Ну а зараз зусім не тое. Застаецца на алімпіядзе паперажываць за асобных прадстаўнікоў Беларусі, якія раней выявілі сябе як сумленныя спартоўцы і сапраўдныя патрыёты.

 

14.08.2016

праваабарончыя сайты