Навіны

Візавая палітыка

Адзін мой знаёмы вельмі любіць падарожнічаць. Трэба аддаць яму належнае, гэта ў яго добра атрымліваецца. У першую чаргу таму, што правільна выбірае кампанію. А яна, як вядома, на кожнае падарожжа патрэбна свая.

   Гэтым разам яго выбар паў на мяне.

– А ты не хочаш у Англію з’ездзіць, – неяк запытаў ён мяне. – У цябе ж, наколькі мне вядома, прабабка родам з Вялікай Брытаніі. Ну дык вось з’ездзіш і разбярэшся адкуль яна канкрэтна. З Шатландыі, Паўночнай Ірландыі, Уэльса ці самой Англіі. А заадно паглядзіш на зямлю, дзе жылі і працавалі адны з тваіх прашчураў.

   Прапанова вельмі заманлівая. Толькі ведаю, што нам, беларусам, не так лёгка яе ажыццявіць. Асабліва цяпер. Асабліва такім як я. І асабліва, калі маем продкаў аднекуль адтуль, куды патрапіць хочам.

   Зразумеў я гэта тады, калі падаў паперы як праваабаронца па адмысловай праграме на паездку ў ЗША. Ніякіх сумневаў не меў, што прайду. І не толькі таму, што рэкамендацыі меў ад надта ўплывовых людзей.

   Ну як маю кандыдатуру маглі адкінуць, калі нават прадзед мой быў грамадзянінам ЗША, і сваёй цяжкай працай і паломаным беларускім лёсам падымаў яе эканоміку на пачатку дваццатага стагоддзя. Там жа ён і сустрэў тую англічанку, маю прабабку. Там жа і шлюб з ёй узяў. І як вынік іх кахання нарадзіўся мой дзед. Там жа, у Навым Йорку, што па волі усяго таго ж беларускага лёсу прынесла яму вялікія праблемы. Бо мая мама усё дзяцінства чула, як яе бацькі штодзённа перажывалі, што дзеда забяруць бальшавікі ў Сібір, бо ў яго пашпарце месцам нараджэння значыліся ЗША.

   Ну але па той праграме знайшліся больш вартыя людзі. Я то не ведаю тых людзей і пра справы іх не чуў, але кажуць што яны існуюць насамрэч. І іх справы нібыта таксама. Як мінімум на паперы. І яны значна больш мульцікультурныя, чым мае. А вось мець заходняеўрапейскіх продкаў у сваім геніялагічным дрэве на сённяшні дзень вельмі несучасна і не модна.

   Я не асабліва расхваляваўся з таго, проста зразумеў, што свет за апашнія дзесяць год змяніўся. Ну а яго візавая сістэма найлепшае люстэрка.

   Некалі, асабліва ў дзевяностыя гады мы свабодна перасякалі заходнюю мяжу. У Польшчу ўвогуле віз не было. Ну якія сапраўды могуць быць візы ў суседзяў? Асабліва ў такіх падобных адзін на другога суседзяў, межы паміж якімі палітыкі малявалі то тут, то там. У суседзяў падобных не толькі знешне, але і культурна, і гістарычна… Ну, беларусы, яшчэ пакуль што не вырваліся з пад моцных лап Крамля. Пагаджаюся. Ну то ў гістарычным маштабе і палякі не так даўно былі ў тых абдымках.

   Адным словам візы паміж Польшчай і Беларуссю ёсць з’явай ненатуральнай, як белы мядзведзь у Афрыцы. Але яны ёсць. І самае галоўнае, штогод іх атрыманне звязанае ўсё з большымі цяжкасцямі. Хоць беларусы за ўсе гэтыя гады не заўважаныя былі ні ў адным тэракце ў Еўропе. І увогуле ў злачынствах. Здаецца, для тых, хто вызначае візавую палітыку для той, ці іншай краіны, гэта мусіць быць аргументам. Але не туды тое.

   І вось у той час, калі беларус мусіць за кожным разам пры перасячэнні мяжы ў Еўропу і назад паказваць свае адбіткі пальцаў, Еўропа прымае міл’ёны уцекачоў у якіх і пашпарты не ва ўсіх ёсць. І сама прызнаецца, што ужо згубіла з свайго поля зроку ажно пятнаццаць адсодкаў з гэтых міл’ёнаў. Дзе яны і што яны робяць, дзеля чаго прыехалі і ці збіраюцца назад ніхто не ведае. І ведаць не хоча. Ясна, што значна лягчэй увесці абавязковя адбіткі пальцаў для законапаслухмяных, чым адсачыць пятнаццаць адсоткаў тых, хто ад пачатку пляваць хацеў на ўсе еўрапейскія законы.

   Вось прыкладам паперы, якія трэба запоўніць грамадзяніну Беларусі, каб атрымаць візу ў Англію. Вы ведаеце, значна лягчэй туды патрапіць без візы. А наяўнасць ангельскіх продкаў хутчэй абцяжарваючы фактар, чым палёгка.

   І не дзіўна цяпер, што з-за такой еўрапейскай візавай палітыкі, усё больш людзей у свеце якія вырашаюць, у якасці каго ім лепш наведаць Заходнюю Еўропу, турыста ці нелегала, выбіраюць апошняе. А еўрапейскія чыноўнікі аніяк не могуць зразумець чаму.

   Віктар Сазонаў.

24.08.2016

праваабарончыя сайты