Навіны

Бязвізавы канал

   Калі ўся беларуская грамадскасць святкавала 25-ыя ўгодкі з часу надання Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце краіны канстытуцыйнага статусу, кіраўнік дзяржавы выдаў досыць нечаканы ўказ. Некаторыя не без падставаў нават назвалі яго сенсацыйным. Гаворка ідзе пра ўказ, які ўводзіць бязвізавы ўезд замежных грамадзянаў у рэкрэацыйную зону Аўгустоўскага каналу на тэрыторыі Беларусі. Пад вольны ўезд паводле яго павінны падпасці некалькі сельсаветаў Гарадзенскага раёну (Адэльскі, Гожскі, Капцёўскі, Падлабенскі, Сапоцкінскі) і сам абласны цэнтр – Гародня. Рашэнне бясспрэчна пазітыўнае, хоць падаць у эйфарыю ад яго ня варта. Хоць бы таму, што дзеянне ўказу пачне ўваходзіць у жыццё толькі праз два месяцы, плюс (дакладней – мінус) – яно абмежаванае ў часе – будзе дзеіць толькі да канца 2017-га году (праўда, заўважана, што з магчымасцю працягу). Паведамляецца, што замежны грамадзянін зможа ўехаць у вызначаную зону без візы ў пашпарце, але з адпаведным дакументам на права наведвання зоны адпачынку. Што гэта будзе – нейкі ваўчар, ці квіток, ці турыстычная пуцёўка – пакуль невядома. І сама галоўнае – ці не будзе гэта каштаваць занадта дорага – прыблізна столькі, колькі і віза? Але ж можна тут спадзявацца хоць бы на спрашчэнне набывання такога дакументу.

   А цяпер пра матывы нечаканага, здавалася б, рашэння начальніка беларускай дзяржавы. Прычынаў тут можа быць некалькі і яны завязаныя ў комплексе праблемаў. Невядома, які фактар ёсць важнейшым, таму паспрабую пералічыць іх у адвольным парадку. Зусім нядаўна, літаральна тыдзень таму, такі ж нязменны і вечны кіраўнік Казахстану Нурсултан (так і хочацца падзяліць гэтае імя на нур і султан) Назарбаеў абвесціў пра бязвізавы выезд на берагі Сырдар’і і Балхаша для ўсіх грамадзян Польшчы. Зразумела, што гэта больш сімвалічнае рашэнне, чым практычнае. Адстаць жа ад свайго азіяцкага сабрата Аляксандр Рыгоравіч ніяк ня мог, адказаўшы падобным шырокім крокам. Тым больш, што Назарбаеў усё больш перахоплівае апошнім часам у яго тогу міратворца паміж Расеяй і Украінай, у іншых рэгіянальных канфліктах. Так што гэта яшчэ і своеасаблівы завочны спабор палітычных альфа-самцоў. Абодва кіраўнікі не на жарты баяцца яшчэ больш жарсных абдымкаў старэйшага брата (і слушна, бо баяцца ёсць чаго!) і час ад часу робяць жэсты прыхільнасці ў бок Захаду, імкнуцца балансаваць на хісткім мастку геапалітыкі.

   Іншая бясспрэчная прычына новага ўказу – гэта адсталае эканамічнае развіццё гарадзенскага рэгіёну, у чым нядаўна мог пераканацца сам кіраўнік Рэспублікі Беларусь, наведваючы вобласць. У тым ліку і з-за закрытасці і штучных межаў. Такі памежны горад як Гародня проста мусіць развівацца куды больш дынамічна і паслядоўна. Здаецца, гэта цяпер зразумелі і ў “вярхах”. Беларускай эканоміцы надзвычай патрэбныя заходнія інвестыцыі, прыток капіталаўкладанняў. А таксама развіццё адпаведнай часу інфраструктуры і прыток замежных турыстаў, паколькі дагэтуль знешні турызм беларусаў значна перавышае ўнутраны. Істотнае спрашчэнне перасячэння мяжы па дарозе да Гародні можа хоць нейкім чынам палепшыць гэтую сітуацыю. Патэнцыйна таксама можа актывізавацца і супраца ў Еўрарэгіёне “Нёман”, з’явяцца новыя еўрапейскія праекты.

  У кожным разе такую пастанову аб спрашчэнні мяжы з часткай Беларусі, хай сабе пакуль толькі з адным абласным прымежным цэнтрам, трэба толькі вітаць. Жыхары суседняй Беласточчыны і Друскенікаў (усяго больш адкрытымі стануць ажно 4 памежныя пераходы з Польшчы і Літвы) змогуць ездзіць у госці да сваякоў і сяброў па больш спрошчанай формуле, пабачаць нашу культурную спадчыну і цяперашні лад жыцця. Глядзіш, і з так званым малым памежным рухам нешта зрушыцца, актывізуецца.

   Толькі трэба памятаць, што бязвізавы Аўгустоўскі канал – гэта зусім не малочная рэчка з кісельнымі берагамі…  

 Уладзімір Хільмановіч

01.09.2016

праваабарончыя сайты