Навіны

Усё пра выбары

Ужо ў гэтыя выходныя ў Беларусі завершацца выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Асноўны дзень галасавання прыпадае на 11-га верасня, сумна вядомую дату, калі ўвесь свет будзе ўспамінаць ахвяраў адной з самых жудасных трагедый, калі тэрарысты на пасажырскіх самалётах атакавалі сімвалічныя і знакавыя будынкі ў ЗША. Колькасць загінулых у той чорны дзень выклікае жах, шкадаванне і смутак. Гэты дзень чалавецтва ўспрымае як пераломны, пасля якога людзі па планеце Зямля канчаткова зразумелі, што яны жывуць у эпоху непасрэднай і пастаяннай тэрарыстычнай пагрозы.

Зразумела што для большасці сусветных інфармацыйных рэсурсаў тэма беларускіх выбараў у гэты дзень будзе на такім заднім плане, што большасць людзей планеты пра іх нават не даведаюцца. Асноўнай жа гэтая тэма будзе на старонках і тэлеэкранах ды радыёхвалях беларускіх СМІ. Праўладнае тэлебачанне і прэса узахлёб раскажуць пра створаныя ўладай найзручнейшыя ўмовы для волевыяўлення беларускага народу. Мы убачым прыгожыя лічбы галасавання і даўно вядомыя аналітыкам прозвішчы новых абраннікаў народу.

Нешматлікія апазіцыйныя і незалежныя СМІ правядуць свой аналіз, і зробяць свае высновы. Яны будуць кардынальна адрознівацца ад высноў дзяржаўнай прэсы. Але і з іх старонак выбарчая тэматыка за вельмі кароткі час знікне зусім, як нецікавая і практычна не чытальная.

А новая Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання пачне займацца сваёй галоўнай працай, дзеля чаго яна па сутнасці і стваралася. Пачне змагацца за міжнароднае прызнанне гэтых выбараў і легітымізацыю сённяшняй улады і самых сябе на міжнародным палітычным полі. А на міжнародным палітычным полі чакаюць гэтага даўно і з нецярпеннем і толькі нервова моляцца, каб хоць у апошнія дні выбараў беларуская ўлада не нарабіла чагось такога, што пры ўсім жаданні тады не дазволіць прызнаць выбары хоць крыху адпаведнымі міжнародным нормам і дэмакратычным стандартам.

Зрэшты, гэта не першае памкненне заходніх краін прызнаць беларускія выбары справядлівымі. Еўрапейцы даўно былі гатовыя прызнаць і парламенцкія і прэзідэнцкія выбары ў Беларусі каб пачаць больш цесную супрацу. І рабілася дзеля гэтага багата чаго. Толькі вось усе гэтыя намаганні з цягам часу заходзілі ў тупік. Але новаабраныя палітычныя сілы ў Еўропе пасля кожных новых сваіх выбараў усё пачыналі з пачатку, думаючы што іх папярэднікі былі нашмат за іх горшыя і няўмелыя, што не змаглі даць рады з гэтым беларускім пытаннем. Ну а ў іх то цяпер ўсё нібыта атрымаецца.

І зноў ўсё пачынаецца з нуля, з самага пачатку, гэтак жа прадказальна, бяздарна, безвынікова, прымітыўна, банальна, брутальна і вельмі-вельмі сумна.

Хоць гэтае еўрапейскае жаданне – не мець праблем і канфліктаў з беларускім кіраўніцтвам цалкам зразумелае. Ну трэба ж, каб хоць нешта станоўчае было ў іх палітычнай дзейнасці. Еўропа задыхаецца ад міграцыйнага крызісу, які ўжо пацягнуў небывала рэзкую змену палітычных эліт. Многія еўрапейскія краіны ўвесь час жывуць з аб’яўленай высокай ступенню тэрарыстычнай пагрозы. Псуюцца адносіны з нядаўнімі саюзнікамі, такімі як Турцыя. Не наладжваюцца адносіны з Расеяй…

Ну хоць бы Беларусь была зонай адноснай стабільнасці! Хоць бы нават з гэтым кіраўніцтвам! Другога ўсядно не прадбачыцца ў бліжэйшай будучыні! Вось таму, думаюць яны, выбары трэба прызнаць…

Я займаюся на гэтых выбарах назіраннем. Да мяне падыходзілі за гэты час многа людзей, якія таксама хацелі б гэтым займацца, але большасць з іх баяцца. Кажуць, што дакладна нажывуць сабе з-за гэтага праблемы і на працы, і па месцы жыхарства і ўвогуле паўсюдна. І калі ім кажаш, што гэта ўсё законна, афіцыйна, згодна з Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам, якое не толькі прадугледжвае права быць назіральнікам але і вітае гэта, то людзі толькі ўсміхаюцца і кажуць, што праблем пасля ўсядно не абярэшся, хоць усё нібыта законна і згодна з выбарчым заканадаўствам…

Гэта ўсё, што трэба ведаць пра беларускія выбары.

Віктар Сазонаў


06.09.2016

праваабарончыя сайты