Навіны

Адмучыліся

   Так званыя “парламенцкія выбары” у Беларусі скончыліся. Адмучыліся шматлікія кіраўнікі адміністрацый, прадпрыемстваў, навучальных установаў, змушаныя заганяць падначаленых ім людзей ісці на выбарчыя ўчасткі і аддаваць тых свае галасы. Адрапартавалі наверх старшыні камісій, некаторыя спрытныя як ілюзіяністы, іншыя, асабліва з меншым досведам, няўклюдныя, але усе вытрыманыя ў сваёй місіі выканаць “свяшчэнный долг перад ацечаствам і рукаводствам”. Заранёў вызначаныя больш ста  “народных абраннікаў” задаволена пагладзілі жывоцікі і іншыя часткі цела – бальшыня з іх застануцца ў цёплых утульных крэслах, некаторыя ўпершыню ўздымуцца ў саму сталіцу на хлебныя месцы. На “окормление”, як сказалі б у старажытнасці. Разышліся па хатах з прэміяльнымі ганарарамі за ўдзел тысячы членаў участковых камісій, якія былі вінцікамі і шрубкамі ў вялізнай махіне фальсіфікацый. Бальшыня з іх хоча верыць, што яны нібыта нічога і не фальшавалі, але ж сумленне, у каго яно засталося, проста ў кішэню не схаваеш. Сустрэў я нядаўна даўняга прыяцеля, настаўніка школы, шараговага сябра ўчастковай камісіі. “Ты ж быў раней адным з сумленнейшых людзей сярод усіх нашых сяброў і знаёмых – кажу яму – навошта табе ўдзел у гэтых камісіях?!”. У адказ ён счырванеўся, замахаў рукамі і папрасіў не гаварыць больш на гэтую тэму. На тым і разышліся.

   Не абышлося, праўда, на гэты раз і без парачкі сюрпрызаў на фінішы выбарчай “перагонкі”. У дзвюх акругах у палатку прапусцілі дзвюх жанчын з дэмакратычнага стану. Хутчэй усяго, толькі на гэтых дзвюх акругах выбары і не былі сфальшаваныя. Хоць і тут ёсць свае акалічнасці. Улада РБ настойліва імкнецца атрымаць міжнароднае прызнанне, таму стварэнне падабенства апазіцыі ў парламенце – патрэба часу і цяжкай сітуацыі. Апазіцыянераў ў “чырвонай палатцы” не было ажно з 2004 году. Што датычыць персаналій, то прадстаўніцу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганну Канапацкую прапусцілі па акрузе, дзе балатавалася нядаўняя кандыдатка ў прэзідэнты – Тацяна Караткевіч. Падтэкст зразумелы – куды табе кабета ў прэзідэнты, калі ты ня можаш нават выйграць у нікому невядомай прэтэндэнткі. А перамога Алены Анісім з Таварыства Беларускай Мовы абумоўлена хутчэй усяго ростам цікавасці ў грамадстве да ўсяго беларускага – мовы, культуры, нацыянальнага адзення. Неяк мусіць прыстасоўвацца да гэтага і дзяржава. Алене ж Анісім можна толькі паспачуваць – вакол яе адной будзе 109 рускамоўных дэпутатаў. Але будзем усё ж спадзявацца, што ёй удасца хоць у нейкай ступні лабіяваць пашырэнне ўжытку беларускай мовы ў краіне.

   Адпакутавалі праваабаронцы і незалежныя назіральнікі, змушаныя чарговы раз назіраць за згвалтаваннем заканадаўства, прыстойнасці і здаровага сэнсу. Псіхалагічна назіральнікам надзвычай цяжка. Гэта ўсё роўна, як ты ведаеш, што вось тут, у гэтым месцы, адбудзецца згвалтаванне, але перапыніць табе яго не ўдасца – а ўсё, што ты можаш – гэта зафіксаваць падрабязнасці і дэталі гэтага згвалтавання. Прычым не спадзеючыся, што заўтра цябе выклічуць у суд як сведку. А калі і выклічуць – то хутчэй у іншай іпастасі. Здымаю капялюш перад тымі людзьмі, якія вытрымана з кампаніі ў кампанію па ўсёй краіне фіксуюць парушэнні заканадаўства, літаральна ловяць злачынцаў за руку.

   Асобнай размовы заслугоўваюць і дэмакратычныя кандыдаты. Пераважная бальшыня з іх толькі імітавала выбарчую актыўнасць, а дэклярацыі “ісці да канца” не падмацоўваліся рэальнымі дзеяннямі і змаганнем за галасы выбарцаў. Мне асабіста зразумелая і блізкая пазіцыя тых, хто правёў агітацыйную кампанію, скарыстаўшыся такім законным правам, а потым зняў сваю кандыдатуру. Разумею і тых, хто актыўна пісаў скаргі, імкнуўся бараніць свае законныя правы. Але такіх сярод дэмакратычных вылучэнцаў былі толькі адзінкі. Бальшыня ж паспяхова адыграла сумную ролю статыстаў у чарговым спектаклі-фарсе, які народ даўно ўжо называе “вырабамі”.

   Адмучыліся…

 

15.09.2016

праваабарончыя сайты