Навіны

Выбарчыя анекдоты

   На гарадзенскім прыпынку гарадскога транспарту размаўляюць дзве старэнькія кабеты:

– Па тэлевізары казалі, што ў гэтыя выходныя зноў выбары будуць, – цяжка ўздыхнуўшы кажа адна. – Трэба ісці.

– А за каго цяпер трэба галасаваць? – з шчырай цікавасцю пытае другая.

– Цяпер, мабыць, за Пуціна, – адказвае суразмоўніца.

   Стала крыху смешна. І не таму, што праўладны беларускі электарат, якога фармуе тэлевізар, зусім заблытаўся ў беларускіх і расейскіх прапагандысцкіх тэлепраграмах і, згубіўшы апошнюю сувязь з рэальнасцю, ужо перастаў адрозніваць дзе і якія праходзяць выбары. І не таму смешна, што яны шчыра вераць, што ім трэба абавязкова ісці і некага падтрымліваць, бо нехта там зверху патрабуе ад іх гэтага. А смешна таму, што яны насамрэч думаюць, што ад іх голасу нешта залежыць. І што каманду куды ісці і за каго галасаваць, яны, на іх думку, як шпіёны у савецкіх фільмах, атрымліваюць асабіста па іх уласным тэлевізары.

   А па тэлевізары, дзе ідуць пераважна расейскія каналы, бо гэта сучасная Беларусь, зноў заклікалі ісці на выбары ў наступныя выходныя пасля беларускіх выбараў. Ну і што, што выбары ў Расеі! Але ж тэлевізар то ў Беларусі! Ну як тут замбаванаму прафесійнаму галасавальшчыку разабрацца што першасна, а што другасна. Галоўнае – выканаць загад.

   Ня ведаю як там расейскія выбарцы, што яны там мяркуюць пра свае выбары, пайшлі на іх ці не, а вось частка беларускіх, як аказваецца, як тыя савецкія піянеры, заўсёды гатовыя. І нават ведаюць за каго трэба галасаваць. Аказваецца за Пуціна. А тое, што Пуціна няма ў спісах, дык гэта нічога страшнага. У кожных выбарах ёсць свае недахопы. Галоўнае гатоўнасць.

   Вось так і нараджаюцца анекдоты. З жыцця. Таму іх даўно варта прызнаць найяскравейшай праявай народнай творчасці ў таталітарных краінах.

   Зрэшты, з падобным анекдотам я ўжо сутыкнуўся за тыдзень да гэтага, калі выбары былі там жа, дзе і тэлевізар. У Беларусі. З выязнога галасавання па месцы знаходжання выбаршчыка прыехаў адзін назіральнік і расказаў не менш цікавую гісторыю. Старэнькая жанчына стала пытацца, дзе ў бюлетэні прозвішча Лукашэнкі. Бо яна выклікала сяброў камісіі дахаты толькі таму, што мусіць прагаласаваць за Лукашэнку. І калі яна гэтага не зробіць, то яна ня ведае што будзе, але дакладна нічога добрага.

   Ёй пачалі тлумачыць, што Лукашэнка не ўдзельнічае ў парламенцкіх выбарах. І яго прозвішча таму няма ў бюлетэнях для галасавання.

   Вочы жанчыны напоўніліся жахам.

– А куды ж вы Лукашэнку дзелі!? – стала ні то дапытвацца, ні то выстаўляць прэтэнзіі яна. – Чаму гэта ён не балатуецца? Што ж цяпер будзе? За каго ж цяпер галасаваць!?

   І сапраўды, за каго галасаваць чалавеку, калі наконт такой няштатнай сітуацыі ён не атрымаў аніякіх дадатковых інструкцый? Якая недапрацоўка праўладных тэлевізійшчыкаў! За што ім толькі грошы плацяць?

   Ну, але нават гэтыя выпадкі, пры ўсёй іх глыбокай жыццёвай сатыры і яскравым канцэртным гумары ўсядно не могуць канкураваць у намінацыі “лепшы выбарчы анекдот” з тым, што ажно два апазіцыянеры выйгралі выбары.

   Вось гэта анекдот дык анекдот!

   Яно то і раней было, калі апазіцыянеры сцвярджалі, што Захад дамовіўся з беларускай уладай прапусціць у парламент некалькі чалавек з апазіцыі. Бо каб адносіны паміж Захадам і Беларуссю палепшыць трэба зрабіць ну хоць што-небудзь. Чым гэта канчалася тады, усе ведаюць. І гэта нагадвае яшчэ адзін стары савецкі анекдот, калі Сталіну прывялі паказаць яго двайніка.

– Вельмі падобны на мяне, – незадаволена кажа Сталін, агледзеўшы двайніка. – А двух Сталінаў быць не павінна.

– Нічога страшнага, – супакойвае яго Берыя. – Мы гэтага двайніка зараз расстраляем і ўсё тут. Аніякіх праблем.

– Але ж гэта стары камуніст, – умешваецца Малянкоў. – Навошта расстрэльваць? Давайце паголім яму вусы і ён перастане быць падобным на таварыша Сталіна.

– Ну добра, – падсумоўвае Сталін. – Пагаліце яму вусы. Або расстраляйце. Але рабіце што-небудзь.

   А вось што будуць рабіць два апазіцыянеры ў гэтым парламенце – гэта ўжо тэма для будучых анекдотаў.

Віктар Сазонаў  

20.09.2016

праваабарончыя сайты