Навіны

Звар’яваны свет

Мы жывем у перакручаным, нейкім абсурдальным і фантасмагарычным свеце, у эпоху татальнай дэзарыентацыі, страты сапраўдных каштоўнасцяў, маральных вартасцяў і звычайнай чалавечай прыстойнасці. Дастаткова адкрыць інтэртнэт і паглядзець дзясятак свежых навінаў, каб пераканацца ў гэтым. Яшчэ гадоў 40-50 гадоў таму тагачасны чалавек не паверыў бы, што такое можа быць рэальнасцю. Вось свежы прыклад, навіна апошніх дзён, якую перадрукоўваюць амаль усе інфармацыйныя рэсурсы. Частку праху нейкага, нібыта вядомага амерыканскага пісьменніка, Трумэна Капотэ, прадалі на аўкцыёне ў Лос-Анджэлесе за 45 тысяч даляраў. “У аўкцыёне бралі ўдзел людзі з Расеі, Германіі, Кітая, Паўднёвай Амерыкі і адсюль, з ЗША”, – распавёў прадстаўнік аўкцыёну, адмовіўшыся назваць імя пакупніка. Калі хоць крыху задумацца – што прадаюць, што купляюць? Кучку попелу, якая засталася пасля чалавека, хай сабе і вядомага. За такія грошы, якія, прыкладам, сярэдні беларускі вясковец наўрад ці заробіць за ўсё сваё цяжкое працоўнае жыццё. І за што? Нават не за чэрап Гогаля. 45 тысяч за кучку попелу… Ды за гэтыя грошы можна ўратаваць трох-чатырох цяжка хворых дзяцей, ці карміць месяц тысячу сіротаў! І так ва ўсім – нейкі футбаліст, нават сярэдняй рукі, дакладней нагі, за адзін сезон заробіць больш, чым рабацяга за жыццё на сваім аўтамабільным заводзе. Нейкая дзеўка выставіць для гламурнага часопіса ці тэлевізіі сваю задніцу ці грудзі, а часцей і тое і другое – і пра гэта тыдзень будуць пісаць усе, абмяркоўваць, перахопліваць “інфармацыю”. А іншы можа  пісаць геніяльныя артыкулы на важнейшыя тэмы сучаснасці – і яго прачытаюць сто чалавек. Такі ўжо цяперашні медыйны свет – усё перакручана, перавернутае, абылганае, штучнае і выдуманае.

Такая зараз і сусветная палітыка. Амаль нічога праўдзівага, ясна дэкляраванага і падмацаванага канкрэтнымі паслядоўнымі дзеяннямі. Такія зараз і палітыкі. Пра таталітарныя і аўтарытарныя рэжымы тут не кажу – з імі то ўсё ясна і проста. Гутарка пра дэмакратычныя дзяржавы Захаду. Возьмем хоць бы надыходныя выбары прэзідэнта ЗША. Такой бруднай выбарчай кампаніі там не было хіба ніколі. Не выбары, а суцэльная вайна кампраматаў. Скажу шчыра, у цэлым мне не даспадобы рэспубліканскі кандыдат Дональд Трамп, але, падаецца, што ён гаворыць усё ж больш праўды, чым яго суперніца – дэмакратка Хілары Клінтан. Яе ўжо многа разоў злавілі на вельмі сумнеўных справах, палітычных гешэфтах, нават афёрах, але ліберальныя медыі Амерыкі і Еўропы куды больш бруду выліваюць менавіта на Трампа – з нагоды кожнага яго слова, ці ўчынку, якія не адпавядаюць сучаснай, так званай паліткарэктнасці.

А праблема бежанцаў у Еўропе. Палітыка кіроўных элітаў Еўразвязу, якую найперш вызначаюць Германія з Францыяй, завяла Стары свет у такое балота, у такі змрочны тупік, што пытанне гэтае зараз амаль невырашальнае. Куды падзець зараз гэтыя тысячы людзей, як ім дапамагчы, а галоўнае – як уратаваць карэннае насельніцтва краін Еўразвязу ад тэрактаў, а д фізічнага гвалту, ад разбурэння тоеснасці? Праблема гэтая дакацілася і да Беларусі, паколькі свет зараз надзвычай глабальны. Вось сядзіць зараз паўтары, а можа і дзве тысячы чачэнскіх бежанцаў у Брэсце. Польшча не прымае гэтых уцекачоў да сябе, Беларусь ня ведае, што з імі рабіць. Калі іх гвалтам дэпартаваць назад у кадыраўскую Чачню – гэтых людзей чакае фізічная смерць альбо пажыццёвае рабства са здзекамі. Засяліць іх у Беларусі і працаўладкаваць таксама няма ніякай магчымасці. Таму мне вельмі спадабалася ідэя кіраўніка Венгрыі Віктара Орбана, які прапануе Еўразвязу пабудаваць дзе-небудзь на тэрыторыі Лібіі цэлы горад для бежанцаў, уцекачоў з розных ісламскіх краінаў. Ліберальныя прымітывы канешне адразу ўсчалі віск пра парушэнне правоў чалавека, махровы расізм і таму падобнае. Самы ня ў стане нічога прапанаваць канкрэтнага. А чым кепская ідэя?! Чаму б Еўразвязу сапраўды не збудаваць такі горад, ці некалькі гарадоў для няшчасных бежанцаў, людзей адной, ці вельмі блізкай, ментальнасці і канфесіі. Бо ўжо ўсім зразумела, што яны ніколі не інтэгруюцца ў еўрапейскіх краінах. Пабудаваць новы горад, заснаваць школы, паставіць розныя фабрыкі, каб гэтыя людзі маглі ня толькі жыць, але і працаваць. Адной зарплаты якога-небудзь Крышціяну Раналду хапіла б на цэлы пасёлак. Прынамсі, такая праграма каштавала б намнога танней, чым марныя спробы рассялення гэтых бежанцаў па краінах Еўропы. Але ж карумпаваны і звар’яваны еўрапейскі свет наўрад ці наважыцца на такое.

Уладзімір Хільмановіч

 

01.10.2016

праваабарончыя сайты