Навіны

Скажам не смяротнаму пакаранню! (абноўлена, многа фота)

У рамках беларускага тыдня супраць смяротнага пакарання ў гарадзенскім офісе Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі адбыўся круглы стол, прысвечаны праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі. Прадстаўнікі розных палітычных плыняў Гарадзеншчыны выказалі сваё стаўленне да інстытуту пазбаўлення чалавечага жыцця.  У час дыскусіі прысутныя вызначылі тры найбольш вострых аспекты гэтай праблемы ў нашай краіне, а менавіта маральны, юрыдычны, і палітычны.

Як адзначыў актывіст праваабарончай арганізацыі “Вясна” Уладзімір Хільмановіч:-“Напэўна вы ведаеце, што хрысціянскія канфесіі ў сёняшнім свеце катэгарычна выступаюць супраць смяротнага пакарання. Паводле Новага запавету ніхто не мае права забіваць людзей. Але ёсць і многія іншыя важкія прычыны выступаць супраць смяротнага пакарання. Калі мы возьмем статыстыку ЗША за 80 год, прыблізна да 2012 году, то убачым, што у краіне, у якой дэмакратычныя інстытуты наймацнейшыя ў свеце, а судовая сістэма з’яўляецца адным з такіх інстытутаў, было здзейснена 20 смяротных пакаранняў ў выніку судовай памылкі, бо насамрэч злачынства здзейснілі іншыя людзі. Тая ж статыстыка гаворыць, дзе ёсць практыка прымянення вышэйшай меры пакарання, цяжкіх злачынстваў менш не становіцца. Я катэгарычна супраць смяротнага пакарання, асабліва ў таталітарных краінах. У Беларусі нават цела расстралянага не аддаюць сваякам, дасылаюць толькі паперку “убыл по приговору”. Высілкі беларускіх праваабаронцаў скіраваны на тое, каб адмяніць смяротнае пакаранне. Для гэтага выкарыстоўваюцца ўсе магчымыя спосабы.  Нядаўна быў напісаны ліст да Папы рымскага, каб ён сваім аўтарытэтам паўплываў на беларускае кіраўніцтва. Ці давяраем мы ворганам, якія праводзяць ў нашай краіне выбары? – Канешне не! А ці можам мы  даверыць жыццё чалавека беларускай судовай сістэме?”.

Беларусь зараз адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, ў якой выконваюцца смяротныя прысуды. Выконваюцца яны праз стрэл ў патыліцу.

Сустрэча прайшла ў рамках тыднёвага мерапрыемства якое распачалося 5 кастрычніка пад слоганам “Смяротнае пакаранне-незваротнае” і была прымеркаваны да сусветнага дня супраць смяротнага пакарання які адзначаецца 10 кастрычніка.

Цягам тыдня гарадзенскія праваабаронцы раздавалі жыхарам гораду спецвыпуск газеты “Народная воля”, прысвечаны праблеме смяротнага пакарання. Гарадзенцы і пры раздачы газетаў уступалі з праваабаронцамі ў размовы па акрэсленай тэматыцы, з здзіўленнем даведваліся, што Беларусь адзіная ў Еўропе краіна, якая па сённяшні дзень практыкуе смяротнае пакаранне.

Эдвард Дмухоўскі

 

11.10.2016

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты