Навіны

У дарозе

У доўгай дарозе заўсёды ёсць час падумаць, паразважаць, пра нешта ўспомніць, а нешта запланаваць. Калі едзеш адзін, добра памаўчаць, калі з сябрамі – пагаварыць пра многія рэчы, паспрачацца, падзяліцца ўбачаным адразу.

Пашчасціла мне праехацца ў мінулыя выходныя амаль праз усю Беларусь – ад заходняй Гародні да Мазыра, што на паўднёвым усходзе краіны. Калі казаць пра геаграфію паводле сённяшняга адміністрацыйнага падзелу – то праз Гарадзенскую, Берасцейскую і Гомельскую вобласці, пераважна па землях Палесся. Праехаць амаль праз дзясятак раённых цэнтраў і мноства іншых, больш дробных паселішчаў. У нашых суседзяў за ўсходняй мяжой, як ведама з літаратурнай класікі, дзве праблемы: дарогі і дурні. У Беларусі дарогі якраз добрыя, лепшыя чым у бальшыні сумежных дзяржаваў. А галоўныя дзве бяды – таксама дурні і ўсходнія суседзі. Класік нашай літаратуры пісаў, што ўся бяда ад дурнога і кепскага начальства. А начальства гэтае ўжо трыста гадоў – альбо чужынцы, альбо мясцовыя манкурты. Гэта асаблівая катэгорыя людзей – іх сутнасць скіравана выключна на захаванне сваёй улады і на тое, каб не даць развівацца іншым. А калі няма палітычнага выбару, няма эканамічнай канкурэнцыі, няма спабору ідэй – толку ня будзе. І так ва ўсіх сферах, і ў прыватнасці турыстычнай, пра якую і хочацца пагаварыць.

Прыязджаеш, прыкладам, у які-небудзь айчынны турыстычны цэнтр – і цікавых аб’ектаў шмат, і музеі створаны і нават указальнікі з’явіліся. Але захочаш паабедаць – заходзіш у адчыненую кавярню, а там кажуць: “Мы то працуем, але ў кухара сёння выходны”. Адпаведна ў такой установе могуць толькі наліць алкаголю, а ўжо каб закусіць гарачым – і марыць не даводзіцца. А што рабіць тым, хто не ўжывае моцных напояў? Тыя, хто падарожнічае па Беларусі, не раз сутыкаўся з такой праблемай. І нічога, што нядзеля, а ў цэнтры стаіць некалькі турыстычных аўтобусаў. А таму, што “всё вокруг колхозное”, а значыць нічыё. Былі б гэтыя кавярні прыватныя – працавалі б пры патрэбе кругласуткава. Але не туды тое. Дзяржава ўсё сцягвае на сябе, замест таго, каб даць гаспадарчую вольнасць прадпрымальным людзям, культурніцкую вольнасць творчым людзям, яна лезе ўсюды, нават у тое, у чым зусім не разбіраецца. Таму і вынікі такія. І пакуль будзе гэта савецкая сістэма, развіццё будзе менавіта такім: касабокім, перакручаным і няўклюдным. Нягледзячы на ўсе захады, інвестыцыі і намаганні.

Іншым прыкладам – добрая ідэя – бязвізавая зона ў раёне Аўгустоўскага каналу. Нібыта вось-вось яна запрацуе. Але ўжо ў бочку гэтага мёду, які яшчэ ніхто не пакаштаваў, улілі вялікую бутэльку дзёгцю. Гасцям Беларусі,  якія будуць наведваць без візы ваколіцы Гародні, будуць выдаваць адмысловыя пашпарты турыстаў. Прычым надрукуюць гэтыя інфармацыйныя буклеты на расейскай, польскай і ангельскай мовах. Мове ж тытульнай нацыі – беларускай – і тут няма месца. Калі хтосьці скажа, што гэта з-за таго, што беларуская мова нібыта “некамерцыйная” сёння – то гэта хлусня. Хутчэй зараз назіраецца адваротная тэндэнцыя. Значыць справа ў іншым – альбо ў поўнай прымітыўнасці мазгоў распрацоўнікаў праекту, альбо ў іх сведамай антыбеларускай пазіцыі.  

А вось яшчэ днямі прайшла інфармацыя, што рыхтуецца новы ўказ – забараніць аграсядзібам прымаць больш 20 чалавек разам. Ці не абсурд? Гэта тое сама, што забараніць чалавеку запрашаць у сваю кватэру, скажам, больш 5 чалавек. Нейкі чыноўнік, які нічога стваральнага за ўсё сваё бюракратычнае жыццё не зрабіў, будзе ўказваць дбайнаму рупліваму  гаспадару, якую колькасць людзей той можа накарміць і прыняць на начлег. Захоча нехта правесці на аграсядзібе адзначэнне юбілею ці вясельную вечарыну – то ўжо мусіць уразаць спіс запрошаных гасцей.

 А турыстычны патэнцыял у Беларусі вялізны – прыродны, архітэктурны, паляўнічы, атракцыйны. Зямля прыгожая, тэрыторыя вялікая, ды і людзей добрых шмат. У дарозе па значнай прасторы ўсё гэта бачыцца і адчуваецца выразна. Але ж калі ў прыроднай зоне замест гатэляў, паркаў адпачынку і кавярняў будуюцца шкодныя прадпрыемствы ці атамная станцыя, то ўвесь гэты патэнцыя пойдзе пылам.

13.10.2016

праваабарончыя сайты