Навіны

Супраць смерці

З пятага кастрычніка ў Беларусі праходзіў традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання, мерапрыемствы якога адбываліся пад слоганам “смяротнае пакаранне – незваротнае”. Праваабаронцы і грамадскія актывісты падрыхтаваліся да гэтай даты належным чынам. Былі зацверджаныя мерапрыемствы і графікі іх правядзення, а выказванні, аналітыка, развагі і праведзеныя акцыі шырока асвятляліся ў сродках масавай інфармацыі. Ну а газета “Народная воля” №75 (4122) выйшла з спецвыпускам, цалкам прысвечаным праблемам смяротнага пакарання ў Беларусі. Яго раздавалі у розных кутках Беларусі, задарма, проста ў рукі, каб давесці свае погляды да шырокіх колаў беларускага грамадства.

І даводзіць было што. На старонках спецвыпуску размясціліся выказванні на дадзеную тэматыку і адзінай пакуль што лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі з Беларусі Святланы Алексіевіч, і неаднаразовага прэтэндэнта на гэтую прэстыжную прэмію, былога палітвязня і кіраўніка Праваабарончага Цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, і каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, і былога старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Мечыслава Грыба, і музыканта Лявона Вольскага, і пісьменніка Уладзіміра Арлова. Знайшлося месца і на шырокую гутарку з маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва Любоўю Кавалёвай.

І нават гэта не ўсё. Яшчэ статыстыка, факты, лічбы, інфармацыя, роздум… Матэрыялы падрыхтаваныя так, што тэарэтычна людзі рознага ўзросту, рознага сацыяльнага статусу, незалежна якога полу і якой адукацыі знойдуць тут некага аўтарытэтнага для сябе, каб праз яго думку заахвоціцца прачытаць і іншых аўтараў. І ўвогуле задумацца пра праблему смяротнага пакарання у сябе на радзіме. Бо Беларусь на сёння ёсць адзіная краіна ў Еўропе, дзе практыкуецца смяротнае пакаранне.

Мы ў Гародні даўно не выходзілі на вуліцу для раздачы газет. І зразумела чаму. Мы ж жывём у час інтэрнэту. Праз яго прасцей распаўсюджваць свае ідэі. Хоць друкаванае слова хіба што ёсць не менш эфектыўным сродкам, хоць і больш працаёмкім. Таму друкаваная прадукцыя з большага адпраўлялася на рэгіёны, дзе карыстанне інтэрнэтам не набыло маштабаў абласнога цэнтру.

Апошні раз за распаўсюд друкаванай прадукцыі ў Гародні мяне затрымала міліцыя 23-га жніўня 2011 году, калі я раздаваў спецвыпуск бюлетэня, які меў галоўнай мэтай інфармаванне гарадзенцаў пра прысуд Алесю Бяляцкаму. Тады, пакуль мяне затрымалі, я раздаў амаль усё, што ў мяне было. Хоць мяне схапілі менш чым праз паўгадзіны, як я выйшаў на вуліцу роднага гораду. Людзі проста выдзіралі з рук друкаваную прадукцыю, каб даведацца думку тых, каму яны давяраюць больш, чым афіцыйным агітатарам афіцыйных СМІ. І вельмі было цікава параўнаць рэакцыю людзей тады, і цяпер.

І невялічкая розніца ў рэакцыі некаторых гарадзенцаў была заўважна. Газеты з рук больш ніхто не выдзіраў. І нават з’явілася невялічкая катэгорыя людзей, якія ад пачатку адмаўляліся браць іх у рукі. Пераважна гэта былі вельмі маладыя людзі, якія нібыта мусяць паводле свайго ўзросту цікавіцца жыццём і ўсімі яго праявамі. І з гэтым псеўдадасягненнем хіба што можна павіншаваць нашу хвалёную сістэму адукацыі, работнікі якой ёсць галоўным рэзервам участковых камісій, якія лічаць галасы выбарцаў. І тых, хто столькі сілаў і сродкаў кідаў на тое, каб думкі беларускага грамадства унісаніравалі з афіцыйнай прапагандай.

Хоць па вялікім рахунку іх віншаваць няма з чым. Бо за столькі год масіраванай агітацыі і прапаганды яны дасягнулі няшмат. Можна сказаць, што амаль зусім нічога не дасягнулі. Большасць то гарадзенцаў газеты бралі з задавальненнем і ахвотай. Многія раскрывалі іх адразу каб пабачыць змест і па гарачых слядах дыскутаваць з распаўсюднікамі. Даведацца пра мэту акцыі ўжывую. Некаторыя прасілі некалькі нумароў, каб раздаць іх суседзям або на працы.

Людзі шукалі праўду.

І гэтым разам яны даведаліся праўду пра смяротнае пакаранне ў Беларусі. Яны будуць думаць пра гэта.

Віктар Сазонаў


20.10.2016

праваабарончыя сайты