Навіны

Маккейн як сімвал канца эпохі

У кожнай дзяржавы ёсць свае пункты адліку. Часам за гістарычнымі яркімі падзеямі, нейкімі эфектнымі датамі, час сапраўднага пералому застаецца незаўважаным. А часам усё відавочна і прагназуецца наперад на дзесяцігоддзі, а то і больш. Такая відавочнасць была, прыкладам, са зменай у Расеі ельцынаўскай эпохі на пуцінскую. Усё зразумела было ўжо пасля пару тыдняў кіравання новага ўладара Крамля.

Многія пра гэта пісалі, адзінае – што доўга мы ўсе спісвалі еўразвязаўскія і амерыканскія загульванні з Пуціным на недалёкасць і неабачлівасць заходніх палітыкаў. А праўда яшчэ і ў тым, што ў аперацыях па пашырэнні ўплыву Крамля на сусветную палітыку былі шырока задзейнічаны заходнія палітыкі разнастайнага спектру, ад ультраправых да ўльтралевых. Пра гэты маштаб добра напісаў зусім нядаўна геніяльны шахматыст і расейскі апазіцыйны палітык Гары Каспараў.

Калі ж казаць пра наймагутнейшую дзяржаву сучаснага свету – Злучаныя Штаты Амерыкі, то сваю апошнюю вялізную памылку яе народ зрабіў у 2008 годзе, калі з двух кандыдатаў у прэзідэнты, выбраў дэмакрата Барака Абаму. Яго супернік – рэспубліканскі сенатар Джон Маккейн – быў якраз той асобай, якая магла істотна ўплываць ня толькі на ўнутранае развіццё краіны, але і на ўсю сусветную палітыку. Але яго, на жаль, не выбралі. У маім асабістым успрыманні палітычнага свету – гэта быў бы ідэальны прэзідэнт ЗША, нездарма яго называлі другім Рональдам Рэйганам.

Але зоркі не склаліся, падзеленых галасоў забракла, рэспубліканцы прайгралі тыя выбары. А шкада. Бо Макейн цудоўна разумеў і разумее палітыку Масквы, гэта чалавек, які глядзеў смерці ў вочы, ведае кошт чалавечага жыцця, выдатна адчувае сутнасць таталітарных рэжымаў. І ня можа быць карумпаваным, як бальшыня сучасных палітыкаў. У выніку ж наступіла эпоха няздарнай, непаслядоўнай і неабачлівай знешняй палітыкі абамаўскай адміністрацыі, з Крамлём яна гулялася ў “перазагрузку”, на Блізкім усходзе і ў Паўночнай Афрыцы ўвогуле не мела ніякага выразнага бачання, што давяло да хаосу ў многіх кропках свету. На гэтым фоне Нобелеўская прэмія міру Абаму глядзелася як няўдалы жарт.

Былі яшчэ выбары 2012 году, дзе спрацавала сіла інерцыі – нязначнай большасцю Абама быў пераабраны, а рэспубліканскі кандыдат Міт Ромні амаль нічым не запомніўся. 8 гадоў кіравання абамаўскай адміністрацыі, у якой працавала і кіравала таксама Хілары Клінтан, – час страты ЗША свайго аўтарытэту. Раскладка сілаў зараз у час амерыканскіх выбараў відавочная і выразная. За Хілары Клінтан, якой мала 8 гадоў пры ўладзе, – магутныя вялікія фінансавыя карпарацыі, буйныя прамысловыя кампаніі, разнастайныя меншасці – канфесійныя, нацыянальныя, сексуальныя, навуковая эліта і так званы свецкі бамонд, ліберальныя медыі, якія складаюць 90% ад усіх медый. За Дональда Трампа – белая хрысціянская Амерыка, рабацягі, вытворцы, сярэдні клас.

Сам Трамп у мяне асаблівых сімпатый не выклікае, рэспубліканцы зноў не вылучылі лепшага, але дастаткова было паглядзець толькі адны тэледэбаты, каб зразумець – наколькі гэтая кампанія брудная з боку дэмакратычнага лагеру і асабіста яе вылучэнкі. Замест дыскусіі па найбольш прынцыповых пытаннях унутранага развіцця і знешняй палітыкі Хілары разам з сваёй камандай і армадай агрэсіўных медый вылівае на свайго апанента тоны бруду і пераважна фальшывага кампрамату. Паводле афіцыйных звестак Трамп патраціў на сваю рэкламу 5 мільёнаў даляраў, Клінтан на сваю – ажно 125 мільёнаў – у 25 разоў больш (!).

Таму, не ведаю, як вы, а асабіста я ня веру ў розныя сацыялагічныя апытанні, якія аддаюць безумоўную перамогу Клінтан. У сённяшнім падманным свеце фальшуецца ўжо ўсё. І не верыцца, што хоць у якой краіне выбары можа выйграць асоба кшталту амерыканца Джона Макейна, што на чале дзяржавы можа стаць чалавек роўню чэха Вацлава Гавела ці літоўца Вітаўтаса Ландсбергіса. Вось і ў Польшчы, пасля Смаленскай катастрофы 2010 году і забойства польскай палітычнай эліты, высвятляецца, што і правіца ўжо зусім не такая і палітыкаў такога кшталту як Лех Качыньскі, здаецца, ужо няма. Такая цяпер эпоха.

Уладзімір Хільмановіч


26.10.2016

праваабарончыя сайты