Навіны

У кожнага сваё кіно

Дзень пачаўся кепска. Неяк так нервова, незразумела.

Па гарадскім аўтобусе ў спадзяванні злавіць зайца як шалёныя лёталі кантралёры і настрою не паляпшалі. Надвор’е з свайго боку таксама не абяцала нічога добрага, а заказаны на Свіслач аўтобус напалову апынуўся пусты…

У Свіслачы ладзілася традыцыйная акцыя ў гонар паўстанцаў 1863-64-га гадоў і ўсіх палеглых за Беларусь.

Яна ладзіцца штогод ужо больш чым чвэрць стагоддзя і мноства патрыётаў з усіх куткоў Беларусі наведалі гэты гарадзенскі раённы цэнтр, каб аддаць даніну павагі сваім гераічным продкам і, падыхаўшы вольным паўстанцкім паветрам на ўскрайку Белавежскай пушчы, адчуць паўстанцкі дух і гонар за тых, чые імёны ўзвялічылі і ўзмацнілі беларускую нацыю.

Тым больш было дзіўна, што на месцы ў заказаным на Свіслач аўтобусе не прэтэндуюць па тры чалавекі на кожнае… Як было некалі… Частка патрыётаў абгрунтавала гэта тым, што ў іх бракуе грошай на аўтобус… Нібыта ў паўстанцаў паўтары стагоддзі таму грошай на квіток, каб даехаць да атрадаў Каліноўскага, было занадта. Але яны неяк дабраліся да таго месца, дзе зараз стаяць крыжы на славутых магілах і моўчкі сочаць, як удзячныя нашчадкі знаходзяць мажлівасць каб, ушанаваць іх памяць…

А вось маладыя гарадзенцы не змаглі. Хоць многія з іх хваляцца, што паўсвету здужалі аб’ездзіць аўтастопам… І ўсё неяк міма Свіслачы…

Яшчэ частка свядомых беларусаў засталася на прагляд вельмі важных фільмаў пра вышыванкі суседзяў. Я таксама хацеў паглядзець гэтыя фільмы. Напраўду. Вельмі люблю і суседзяў і вышыванкі. Ну, але арганізатары выбралі для прагляду менавіта гэты дзень, калі галасы нашых гераічных продкаў, што аддалі свае жыцці за свабоду і годнасць, клічуць жывых наведаць месцы іх пахавання і баявой славы.

Цікава, ці будуць гэтыя аматары кінапраглядаў з гонарам расказваць тым суседзям, або сваім дзецям, што зрэзыгнулі з свайго нацыянальнага свята, бо хацелі паглядзець кіно?!

Гарадзенскія журналісты таксама не зацікавіліся галоўнай публічнай акцыяй году на Гарадзеншчыне. Прынамсі ў аўтобусе не было аніводнага. Яно то зразумела, што больш бяспечна у цёплым памяшканні зрабіць рэпартаж пра веліч суседзяў, чым рызыкаваць свабодай і здароўем адстойваючы сваю.

Калі гаварыць пра журналістыку ў Гародні, то тут многа гадоў запар нават працавала школа маладога журналіста, праз якую прайшло безліч “акулаў пяра”. Такі вось парадокс беларускага жыцця. Школа журналістаў і яе выпускнікі ёсць, а журналістаў няма…

Зрэшты, падумалася мне, навошта лічыць аўтобус напалову пустым. Можна ж лічыць яго напалову поўным. І настрой адразу падняўся. Дзень імгненна стаў прыгажэйшы. Нават надвор’е палепшылася.

Яшчэ харашэй стала, калі ў аўтобусе пабачыў сваіх старых правераных сяброў. Гэтыя не падвядуць. Ні цябе, ні сябе, ні продкаў…

Ну а калі ў Свіслачы убачыў, што туды прыехала людзей больш чым з двух дзесяткаў беларускіх мясцін, зразумеў, што дарма нэрваваўся. Каму гэта трэба – той прыедзе. Святое месца пустым не бывае.

Акцыя як заўсёды прайшла годна і велічна. Луналі бел-чырвона-белыя сцягі, гарэлі знічкі, гучалі прамовы. Грымела славутае “Жыве Беларусь!!!” “Жыве!!!” – адказвалі людзі, рэха і далягляды ў Свіслачы, Якушоўцы і Белавежскай пушчы.

Вечная памяць героям!!! Гонар і слава!!!

Напрыканцы як заўсёды лес, бардаўская гітара, зычлівы пачастунак мясцовых арганізатараў…

І ўжо не маглі сапсаваць настрой ні міліцыянты, што спынялі аўтобус, ні іншыя спецслужбы, што кожнага ўдзельніка акцыі здымалі на відэа, каб падкрэсліць, што ўшанаванне славутых беларусаў не пройдзе непакараным…

Кары яшчэ наперадзе. Пратаколы, суды і апантаная бяссільная злосць тых, каму так і не ўдалося зламаць беларускі дух…

Я, гледзячы на гэтых кінааператараў, падумаў, што хоць гэтыя зафіксуюць важнасць падзеі. Вось і яны аказаліся на нешта патрэбнымі. І некалі нехта дастане гэтыя фільмы з іх архіваў, і засведчыць, што беларусы ніколі не забываліся пра сваіх герояў.

Такое вось кіно.

Яно, як гаворыцца, у кожнага сваё.

Віктар Сазонаў


04.11.2016

праваабарончыя сайты