Навіны

За нашу і вашу мову

Ну вось і запрацавала сістэма бязвізавага ўезду у старажытную Гародню і прылеглы раён Аўгустоўскага каналу. Стужачкі перарэзаны, масты не спалены, а наладжаны, узнёслыя прамовы агучаны, буклеты раздадзены. Першыя соткі турыстаў з-за мяжы Еўразвяза рушылі ў стары каралеўскі горад на агляд музейных асяродкаў, помнікаў архітэктуры, наведванне кавярняў, рэстарацыяў ды іншых, цікавых для адпачынку душы і цела, мясцін. Можна было б толькі радавацца – развіццё турызму гэта заўсёды добра. Толькі турызм – гэта не толькі эканамічная катэгорыя, не толькі прыбытак і стварэнне інфраструктуры.

Турызм – гэта яшчэ і культурны абмен, узаемаабагачэнне духоўнымі здабыткамі, спазнанне мовы і традыцый суседзяў. І вось тут у партнёраў вялікага турыстычнага праекту пакуль выходзіць пшык. Мой сябра і калега, беларус з Падляшша, наведаўшы адкрыты турыстычны цэнтр у Гродне па вуліцы Ажэшкі, быў непрыемна ўражаны, што ніякай інфармацыйнай прадукцыі па-беларуску там не ўбачыў. Назву цэнтру, праўда, хоць і з граматычнай памылкай, зрабілі нібыта па-беларуску, а вось ні буклетаў на мове тытульнай нацыі, ні пашпартоў турыста па-беларуску не будзе. Нешта ёсць па-польску, нешта па-ангельску (і гэта абсалютна нармальна). А вось па-беларуску – як кажуць, ні-ні…

На мой зварот у Гарадзенскі аблвыканкам чыноўнікі адказалі, што лічаць выданне пашпартоў турыста і па-беларуску “нецелесообразным”. Для іх усё, што па-беларуску, лічыцца “нецелесообразным”. Зразумець гэтых бюракратаў у прынцыпе лёгка, яны не валодаюць ніякімі мовамі, акрамя рускай, ды і тая ў іх не руская, а канцылярска-савецкая – Чэхаў і Талстой – на тым свеце варочаюцца. Усё, што яны могуць – паставіць на палічку якіх-небудзь матрошак і казаць, што гэта і ёсць наша культура.

Для стварэння ж турыстычнай прывабнасці Гародні пільна патрэбныя гісторыкі-прафесіяналы, дасведчаныя краязнаўцы, таленавітыя мастакі ды музыкі. Але сапраўдных навукоўцаў даўно павыганялі з дзяржаўнага ўніверсітэту, звяртацца да прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый улады ня будуць, творчыя людзі загнаныя ў андэграўнд, усюды існуюць “чорныя спісы”.

Яшчэ большае здзіўленне чакала беларусаў Падляшша, якія прыйшлі на адкрыццё аналагічнага пункту турыстычнай інфармацыі ў Беластоку. Вырабленая польскім бокам інфармацыйная прадукцыя для беларускіх турыстаў выканана толькі па-руску. На натуральнае пытанне журналіста – чаму так зроблена, прадстаўнік маршалкоўскай управы Падляшша Богдан Дыюк, не запнуўшыся, і, напэўна, не міргнуўшы вокам, адказаў, што руская мова – адна з дзяржаўных моваў Беларускі і польскі бок выканаў усё ў адпаведнасці з заканадаўствам. О, sanсta simplicitas! – Святая простасць! Не здзіўлюся, калі чыноўнікі з Беларусі прывезлі яшчэ чыноўнікам Падляшша ў прэзент русско-польские разговорники, дарыў жа іх кіраўнік Папу Рымскаму русский букварь!

На ўсялякі выпадак прыгадаю і тым, і другім, што польская пісьменніца Эліза Ажэшка, якая жыла ў Гародні, па-расейску не размаўляла, і зусім не таму, што не любіла гэтую мову, а таму што мела прынцыпы і павагу да мясцовага.

Беларусы нямала далі і старадаўняй Рэчы Паспалітай і новай Польшчы – ад ліцвіна Тадэвуша Касьцюшкі да беларуса па паходжанні Ежы Папялушкі. Мелі сапраўдную салідарнасць і ад палякаў: варта прыгадаць тут прозвішчы такіх выдатных асобаў, як Ежы Гедройць, Ян Новак-Езераньскі, з палітыкаў – Леха Качыньскага, іншых. Беларуска-польская салідарнасць, зважаючы на няпростыя гістарычныя стасункі, асабліва на сумежжы, рэч дастаткова тонкая. Але яна ёсць. Успомню тут толькі некалькі момантаў. Прыкладам, калі на суд над журналістам Анджэем Пачобутам прыйшлі беларусы ў кашульках з двухмоўнымі напісамі “Wolność, Свабода”, і якая была агульная радасць, калі нашага калегу вызвалілі. Як беларусы прыйшлі разам з мясцовымі палякамі бараніць Дом саюзу палякаў у Гародні.

З іншага боку – як той жа Лех Качыньскі ўзнагародзіў беларусаў Алега Латышонка і Яўгена Вапу высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі за змаганне супраць камуністычнага рэжыму ў Польшчы ў 80-ыя гады.

Ганаруся, што маю сяброў і знаёмых палякаў у Шчэціне, Беластоку, Кракаве, Вроцлаве, з якімі мы заўсёды супрацавалі ў двух-мовах – польскай і беларускай. На жаль, такой салідарнасці і разумення, асабліва з боку палітыкаў і чыноўнікаў, з часам становіцца менш.

Таму за нашу і вашу мову!

Уладзімір Хільмановіч


12.11.2016

праваабарончыя сайты