Навіны

Амерыканскі выбар

Такіх разгубленых твараў я не бачыў даўно. Тэлекаментатары большасці сусветных каналаў выглядалі ў гэты дзень як нечыстотаў з’еўшы. Гэта ж трэба! У адзін голас прадказвалі перамогу аднаму кандыдату, а выйграў другі. Усе каментары, усе хатнія загатоўкі былі падрыхтаваныя пад перамогу Клінтан, а перамог Трамп.

Застаецца толькі пасыпаць галаву попелам і прызнаць сваю некампетэнтнасць. Але ж не. Гэтыя не здаюцца. Яны ўхапіліся за вулічныя акцыі тых, хто зусім нядаўна абвінавачваў Трампа, што той можа не прызнаць вынікаў выбараў, а зараз самыя не прызнаюць Трампа сваім прэзідэнтам.

Тыя, хто вінаваціў іншых у непрызнанні выбараў, самыя іх не прызнаюць. Насамрэч робяць тое, у чым абвінавачвалі таго, хто гэтага не зрабіў. І мусоляць ды мусоляць гэтую тэму бясконца, высмоктваюць малюнкі з пальца і аж з шкуры вылазяць каб даказаць, што нібыта Амерыка ўсё роўна Трампа не любіць.

Такі зараз свет. Тыя, хто насам рэч агрэсіўныя, абвінавачваюць у неталерантнасці і нецярпімасці іншых, насам рэч талерантных і цярпімых, проста за тае, што яны адважыліся выказаць сваё меркаванне. Азвярэлыя агрэсары называюць фашыстамі тых, хто асмеліўся абараняцца ад іх. А тыя, хто крычыць што лепш будаваць масты, а не сцены, у рэальнасці не пабудавалі і не пабудуюць анічога. І масты, і сцены будуюць адны і тыя ж людзі, якія будаваць умеюць. А што будаваць, масты або сцены, вырашаюць па прынцыпе сённяшняй мэтазгоднасці.

Амерыканскія выбары паказалі ўсю некампетэнтнасць большасці сённяшніх псеўдахвалёных сацыёлагаў, бяздарных аналітыкаў, безадказных СМІ, без меркавання якіх не рабіліся зараз аніякія дзеянні. На іх думку, як на навукова правераную методыку абапіраліся тыя, хто прымаў рашэнні. І ўсё гэта аказалася дутым пшыкам, пустышкай, не вартай выедзенага яйка. Усе аналізы гэтай шматколькаснай і добра забяспечанай арміі пустабрэхаў аказаліся проста банальным падманам.

І нам, людзям, зараз трэба сур’ёзна задумацца, што мы нічога не ведаем пра свет, у якім жывём. Бо ўжо многа дзесяцігоддзяў глядзелі на яго вачамі гэтых падманшчыкаў. Зыходзячы з іх меркаванняў, мы будавалі свае ўяўленні пра дабро і зло, пра праўду і няпраўду, пра іншых людзей і нават пра самых сябе.

А ўсё гэта аказалася добра прадуманым падманам. Ужо пасля таго, як прадказвалі перамогу супраціўнікаў брэксіту, можна было паставіць тлустую кропку на праўдзівасці сённяшніх інфарматараў. Але ж здавалася, што адзін раз можа памыліцца кожны. А вось зараз канчаткова стала зразумелым, што гэта не памылка. Гэта сістэма. Ведаю гэта на сваім прыкладзе.

Далёка і хадзіць не трэба. Я публічна прадказваў перамогу брэксіта, за што неаднаразова быў высмеяны нібыта разумнымі аналітыкамі. Але пасля таго, як стала зразумелым, што праў быў я, мяне ні разу не запрасілі на размову аніякія медыйныя акулы пяра. У іх па-ранейшаму выступалі тыя псеўдааналітыкі, з разумнай мордай абгрунтоўваючы прычыны, чаму брытанцы выйшлі з Еўразвязу. І хачу сказаць, што іх прычыны былі такія ж фальшывыя, як і ранейшыя іхныя прадказанні.

Тое сама і з амерыканскімі выбарамі. Пасля таго як я напісаў матэрыял з прадказаннем перамогі Трампа, на мае сацыяльныя сеткі прыйшло безліч каментароў ад даволі вядомых прозвішчаў, дзе мяне абзывалі дурнем і чалавекам, які зусім не разбіраецца ў сусветнай палітыцы. Але пасля таго, як менавіта мае прагнозы збыліся, то акурат гэтыя людзі наваднілі ўсю медыйную прастору і з яшчэ большым цынізмам разважаюць пра прычыны перамогі Трампа. І гавораць такую бязглуздзіцу, ад якой пачынае ванітаваць.

А некаторыя дык сцвярджаюць, што яны прадбачвалі перамогу Трампа, але не казалі пра яе, каб не псаваць агульнапрыняты медыйны малюнак.

Вось так.

Яны не прападуць. Наадварот. Яны будуць вечна. Бо упісваюцца ў фальшывую сістэму, якая сама сябе і трымае.

І становіцца цалкам зразумелым, чаму праўдзівыя сродкі масавай інфармацыі ўвесь час абразаюць у фінансаванні, або ўвогуле выцясняюць з медыйнага рынку.

Каму ў наш час патрэбна праўда?

Віктар Сазонаў


16.11.2016

праваабарончыя сайты