Навіны

Актыўнасць на Месяцы і зямлі

На мінулым тыдні месяц свяціў намнога ярчэй, чым звычайна, а астраномы раілі назіраць асаблівы бляск гэтага свяціла. Зоркі, як вядома, вельмі моцна ўплываюць на наш лёс, а астролагі ўвязваюць актыўнасць Месяца, як спадарожніка Зямлі з актыўнасцю ў грамадстве на нашай планеце. Апошнім часам найбольш актыўнымі былі карэйцы. Прычым не тыя, якім і дыхнуць нельга пад татальнай ідэалогіяй чучхэ. Паўночныя карэйцы на сёння – гэта сама няшчасная нацыя на гэтым свеце, выбрацца з той безнадзейнай прорвы, у якой апынулася гэтая частка Карэі, найперш “дзякуючы” Савецкаму саюзу, няма шанцаў хіба яшчэ некалькім пакаленням.

А пратэстуюць якраз паўднёвыя карэйцы, у якіх дэмакратыя і дабрабыт, у якіх амаль усё добра. Але няма нічога добрага, каб не захацелася зрабіць яшчэ лепш. Паўднёвыя карэйцы пратэстуюць супраць карупцыі, а можа нават не карупцыі, а толькі гэткага кумаўства ў вышэйшым эшалоне ўлады. І калі на вуліцы сталіцы на мірны пратэст выходзіць за дзень амаль мільён чалавек – то справа гэтай цяперашняй прэзідэнтшы дрэнь, не мінуць, па ўсім відаць, ёй адстаўкі.

Нягледзячы на ўсе папярэднія заслугі і народную абранасць.

У Каталоніі свае пратэсты. У яе сталіцы Барселоне на вуліцы выйшла каля 70-90 тысяч дэманстрантаў. Прычына – юрыдычны і іншы пераслед іспанскімі цэнтральнымі ўладамі каталонскіх палітыкаў. Працэс здабывання незалежнасці ў каталонцаў – доўгі, у нечым супярэчлівы і хваравіты.

Але трэба меркаваць, што падавіць Мадрыду гэтае памкненне не ўдасца і абвешчанне і прызнанне незалежнасці Каталоніі – пытанне не бліжэйшых дзесяцігоддзяў, а гадоў.

У ЗША яшчэ працягваліся пратэсты супраць абрання прэзідэнтам Дональда Трампа. Тыя, хто вінаваціў рэспубліканца ва ўсіх смяротных і жыццёвых грахах, самы сталіся няздольнымі прызнаць паразу сваёй кандыдаткі.

У Беларусі самым яркім пратэстам мінулага тыдня стаў захоп трыма ці чатырма сталымі жанчынамі сталічнага трамваю. Вінаватыя былі менавіта трамвайшчыкі, якія не папярэдзілі людзей, што транспарт не пойдзе ў азначаным кірунку, а людзі аплацілі свой праезд. На дзіва, нават міліцыянты не зрэагавалі на такую акцыю радыкальных кабетак і транспартнікі мусілі даставіць людзей туды, куды належала.

Усе іншыя праявы змагання за свае правы ў нібыта “новаліберальнай Беларусі”, у якую так хочуць верыць заходнія партнёры рэжыму, душацца бязлітасна і паслядоўна. Кожнае вольнае слова, кожны плакацік, кожны ўзняты бела-чырвона-белы сцяг, нават кожная запаленая свечка, маюць свой улік у кагэбэшнікаў і міліцыянтаў. Ну а карныя суды, акуратна выпісваюць грамадзянскім актывістам вялізныя штрафы.

Тактыка пераследу ва ўладаў цяпер такая – не затрымліваць і засуджваць адміністрацыйнымі арыштамі, а папаўняць дзіравую казну дзяржаўнай машыны, душачы грамадскі рух штрафамі.

У суседняй Украіне зараз зноў неспакойна. Украінскую вярхоўную ўладу палохаюць новым майданам. І гэта зразумела – столькі ахвяраў, столькі жыццяў аддадзена за вольнасць і развіццё краіны, а гідра карупцыі надалей жывучая. Як казаў герой папулярнага твору – “адна галава ўпала, а тры вырасла”. Крэдыт даверу да прэзідэнта Парашэнкі растае імкліва як лістападаўскі снег, а Україна ўсё больш нагадвае гістарычную Запарожскую Сеч, дзе ўсё пераплецена – гэткая сумесь вольніцы і анархіі, свабоды і безадказнасці, салідарнасці грамадзян і кумаўства палітычных кланаў, якія ператасаваліся ў крэслах.

Гэтыя кланы, праўдападобна, пільнуюць толькі сваіх эканамічных інтарэсаў і мала дбаюць пра лёс краіны. Палітычнае ж выспяванне ўкраінскіх элітаў значна адстае ад нацыянальнага. Гэта пацвердзіла і наіўная рэакцыя многіх украінскіх палітыкаў на спробу дзяржаўных прадстаўнікоў Беларусі сарваць галасаванне ў ААН па пытанні правоў чалавека ў акупаваным Крыме.

Некаторыя нават назвалі гэта “ударам у плечы”. Такія знешнепалітычныя ілюзіі ў дачыненні да паўночнага суседа толькі пацвярджаюць няспеласць украінскай дыпламатычнай і абарончай дактрыны.

Ну а калі прыйдзе новы пік грамадскай актыўнасці ва Ўкраіне – трэба пытацца не ў сацыёлагаў, а ў зорак.  

Уладзімір Хільмановіч

22.11.2016

праваабарончыя сайты