Навіны

Быць беларусам на Гарадзеншчыне

Калі пад час перабудовы пачалі крыху прыадчыняцца сакрэтныя архівы з сведчаннямі злачынстваў савецкага рэжыму, не ўсе людзі хацелі верыць абнародаваным тады фактам.

І сапраўды, многаму цяжка было паверыць. Не верылася ў абсурдныя гісторыі, якія былі настолькі алагічныя, што чалавечая псіхіка адмаўлялася іх прымаць.

Як вось такая, калі нейкі служака, які суправаджаў цягнік з зняволенымі, заўважыў што аднаго чалавека не хапае. Яму растлумачылі, што той чалавек не вытрымаў пакутаў пераезду і памёр. І што мінулы канваір сам зняў з вагона бездыханнае цела і адправіў яго куды трэба. Толькі ў дакументах не адзначыў.

У новага канваіра паўстала праблема. Па паперах ён мусіў даставіць у лагер на аднаго чалавека больш, чым было. Можна было паслаць запыт мінуламу канваіру, можна было напісаць рапарт, сабраць паказанні сведкаў…

Але ўсё гэта патрабавала працы. А служака, надзелены вялікай уладай і вогнепальнай зброяй працаваць не любіў. І ён проста, на адной з станцый у Казахстане прыставіў свой пісталет да галавы мясцовага жыхара ды запіхнуў яго ў вагон з зняволенымі, выправіўшы такім чынам разыходжанне ў лічбах.

Сапраўды не хочацца верыць, што такое можа быць. Але калі бачыш сённяшнюю гарадзенскую рэальнасць, то ўжо перастаеш сумнявацца ў мажлівасць такога абсурду. Ну хто не ведае гісторыю, што ў старадаўняй Гародні, горадзе з старажытнай прававой гісторыяй і традыцыямі магдэбургскага права асудзілі аднарукага чалавека за тое, што ён пляскаў у далоні. А вось зараз, зноў жа на Гарадзеншчыне, асудзілі чалавека за удзел у свіслацкай акцыі, а яго там і блізка не было.

Я не проста так напісаў словы “зноў жа на Гарадзеншчыне”. Бо ў галіне антынацыянальнай палітыкі гэта асаблівы рэгіён, варты павышанай увагі даследчыкаў. І каб далёка не хадзіць, можна, як гаворыцца, па гарачых слядах глянуць на яго праз прызму свіслацкай справы, якая акурат у самым разгары. Амаль усе гарадзенцы, якія туды паехалі каб ушанаваць памяць загінулых за Беларусь герояў, атрымалі позывы ў суд. Неверагодны адсотак.

У іншых гарадах Гарадзеншчыны сітуацыя таксама не зацішная. Ужо і суды былі і прысуды не дзіцячыя. І каторы не быў у Свіслачы таксама атрымаў па-даросламу. І што характэрна, гарадзенская дэлегацыя гэтым годам была не самай шматколькаснай. Менскіх было значна больш. Але пераследуемых там намнога меней. Адчуваецца, што ні праваахоўнікі, ні суды ў горадзе-героі не маюць вялікага жадання караць людзей толькі за тое, што яны з кветкамі і нядаўняшняй дзяржаўнай сімволікай наведалі магілу нацыянальнага героя. Сярод іх таксама ж ёсць беларусы. І калі і робяць гэта, то як кажуць у народзе, з пад палкі. Такое ўражанне, што чакаюць калі хутчэй пройдуць два месяцы, каб з лёгкім сэрцам закрыць гэтую справу бо час прайшоў.

А ў Берасці суд увогуле адправіў на дапрацоўку свіслацкі пратакол. На Гарадзеншчыне ж па аналагічных пратаколах народ атрымлівае і ў хвост і ў грыву.

У іншых рэгіёнах нават дазвол ад уладаў на правядзенне нацыянальнай беларускай акцыі атрымаць можна. Вось і Слуцкі збройны чын людзі легальна маглі адзначыць. На Гарадзеншчыне актывісты ўжо нават не звяртаюцца да ўлады. Досвед адмоў багаты.

Даследчыкі даўно ўжо звярнулі ўвагу на антынацыянальны характар нейкай нябачнай, але вельмі ўплывовай рукі на Гарадзеншчыне. І закрыццё беларускіх школак, і выкідванне беларускамоўных выкладчыкаў з універсітэту, і алагічны ціск на нацыянальна свядомых актывістаў і безліч іншых фактаў ускосна наводзяць на такія разважанні.

Такое ўражанне, што гэтая рука не проста выслужыцца хоча, а дзейнічае паводле сэрца свайго. Бо гэта выглядае не проста на службовую актыўнасць, а на нейкую маніякальную асабістую зацікаўленасць.

З якім даследчыкам сённяшняй рэальнасці не размаўляеш, ці з палітыкам, ці з праваабаронцам, ці з пісьменнікам, ці увогуле з апалітычным і нейтральным, усе ў адзін голас задаюць адно і тое ж пытанне:

– Што там у вас на Гарадзеншчыне робіцца?

А ты проста, з усмешкай адказваеш:

– На Гарадзеншчыне быць беларусам небяспечна.

Віктар Сазонаў


14.12.2016

праваабарончыя сайты