Навіны

Пра мову і школу

У 1991 годзе, пасля сканчэння ўніверсітэту, мне, гісторыку паводле адукацыі, давялося выкладаць ў адной гарадзенскай школаў, беларускую мову і літаратуру. Прычына была ў тым, што ў дзяржаве ішла беларусізацыя і спецыялістаў выкладання роднай мовы востра бракавала. У той час у розных дзяржаўных установах ладзіліся розныя курсы беларускай мовы. Давялося і мне весці такі адмысловы курс для супрацоўнікаў і работнікаў гатэльнай гаспадаркі двух гарадзенскіх гасцініц – “Беларусь” і “Гродна”. Трэба сказаць, што гэта была ўдзячная праца, за некалькі месяцаў выкладання такіх курсаў і заняткаў ні разу не давялося сустрэцца з праявай нейкага непрымання і тым больш абурэння. Наадварот – жывая цікавасць і натуральны інтарэс. У краіне ішла сапраўды мяккая і паэтапная беларусізацыя, грамадзянам вярталася родная мова, якую нішчылі стагоддзямі. Праз паўгода ўсе інфармацыйныя таблічкі ў згаданых гатэлях былі ўжо па-беларуску, а персанал вольна валодаў размоўнай мовай у межах сваёй спецыяльнасці. Паралельна мова натуральна прышчаплялася і развівалася ў дзіцячых садочках, пачатковай школе. Калі я ўжо працаваў у музеі, нашымі супрацоўнікамі былі падрыхтаваныя адмысловыя тэмы, з якімі мы выязджалі ў садкі і школы, расказвалі пра нашу сімволіку – герб і сцяг, слуцкія паясы, старажытныя замкі, шматканфесійныя храмы, нацыянальных герояў і іншае. У выніку некалькіх гадоў адраджэння мовы тытульнай нацыі на 1994 год з 30 гарадзенскіх школаў палова стала беларускамоўнымі, спакваля і ў вышэйшых навучальных установах прыжывалася дзяржаўная беларуская мова. Ну а потым прайшлі выбары першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, яшчэ, менш чым праз год, адбыўся антыканстытуцыйны пераварот, услед ганебны рэферэндум, які ўсталяваў заканадаўча другую дзяржаўную мову і фактычна забараніў нацыянальную сімволіку. Пасля гэтага пачалася сістэмная дыскрымінацыя беларускай мовы і татальная русіфікацыя ўсіх адукацыйных і іншых дзяржаўных установаў, ліквідацыя беларускамоўнай тэлевізіі. Асабліва мэтна гэты працэс вёўся ў Гродне. На сёння ў горадзе над Нёманам з 43 школаў, ліцэяў і гімназій няма аніводнай (!) беларускамоўнай. Дакаціліся, што называецца, да краю. Усе спробы грамадскіх актывістаў і некаторых бацькоў прывялі толькі да стварэння адзінкавых малаколькасных беларускіх класаў, якія паўнавартаснымі назваць цяжка. Хутчэй гэта нейкія маленькія рэзервацыі. У вышэйшых навучальных установах яшчэ горш – з іх выкінутыя амаль усе беларускамоўныя выкладчыкі, а ровень навучання, асабліва на гуманітарных факультэтах, апусціўся ніжэй плінтуса. Найбольш здольная і перспектыўная моладзь пасля сканчэння школаў масава выязджае на навучанне за мяжу – у Польшчу, Вялікабрытанію, ЗША, іншыя краіны. Да гэтага прывяла ўся дзяржаўная палітыка.

Чаму ж людзі не аддаюць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы? Зараз нібыта аддзелы адукацыі не супраць іх стварэння, а вось заяваў – мізэрна. Неаднаразова мне даводзілася выступаць на школьных сходах перад бацькамі – слухаюць вельмі прыязна, аніводнай рэплікі супраць беларускай мовы, нават пляскаюць у далоні. І ў выніку – нуль заяваў. Чаму – таму што бацькі глядзяць на гэтую справу надзвычай прагматычна  і адчуваюць фальш улады. Бо куды пойдуць іх дзеці пасля сканчэння беларускамоўнага класу сярэдняй ва ўсіх сэнсах школы – у нікуды! Вось каб дзяржаўная адміністрацыя абвесціла набор у беларускамоўныя класы ў адной-дзвюх прэстыжных гімназіях гораду – гэта б азначала істотныя змены, а не імітацыю. І ніякай агітацыі не спатрэбілася б тады. Запэўніваю – заявы ад бацькоў пасыпаліся б і за адзін год стварылася б некалькі паўнавартасных класаў. Тым больш – у гарадскім грамадстве зараз узнікае гэткая мода на ўсё беларускае, што пацвярджае і папулярнасць розных моўных беларускіх курсаў. Але ж русіфікатары-чыноўнікі пад кіраўніцтвам спецслужбаў насамрэч мяняць нічога не хочуць альбо баяцца.

Але тыя чыноўнікі, якія стаяць на самай вяршыні ўлады, павінны разумець, што калі яны не возьмуцца за адраджэнне беларускай мовы, культуры, адукацыі, іх чакае не толькі ганьба праз дзесяцігоддзі, іх чакае хуткі бясслаўны канец. Бо той “русский мир”, глебу для якога яны так дбайна рыхтуюць, калі сюды прыйдзе – будзе да іх асабліва бязлітасным.   

Уладзімір Хільмановіч  

27.12.2016

праваабарончыя сайты