Навіны

Горкія думкі. Да саракавінаў Алеся Белакоза

2 снежня 2016 года прыблізна каля адзінаццатай гадзіны ў вёсцы Гудзевічы ад царквы рухалася пахавальная працэсія. Вясковыя людзі прывыклі да гэтых шэсцяў, бо апошнім часам яны здараюцца амаль кожны дзень…Вёскі выміраюць…Можа незвычайным трохі было тое, што труну не везлі ў катафалку. Звычайна сваякі памерлага звяртаюцца да адпаведнай службы па выкананні неабходных у такім выпадку пахавальных працаў: выкапаць дол, выносіць і перавозіць труну з памерлым, пахаваць і сфармаваць магілу. Людзі карыстаюцца гэтай параўнаўча недарагой паслугай, бо пахаванне праходзіць больш урачыста: пахавальная каманда ў адпаведных прыстойных чорных убраннях, катафалк чорнага колеру…Усё гэта падкрэслівае сэнс падзеі. Раней прыходзілася шукаць для такой працы мясцовых жыхароў, якія звычайна гэтым займаліся. Але яны маглі займацца іншым пахаваннем, або проста быць на добрым падпітку і даверу не выклікаць. Ды й адзяваліся яны як для копкі долу, у рабочае адзенне, ніяк не клапоцячыся пра знешні выгляд.

Дык вось гэтая працэсія, 2 снежня, рухалася без катафалку і не было абслугі ў адпаведных строях.

Наўрад гэта выклікала б якую зацікаўленасць, але раптоўна шэсце скіравалася з дарогі направа да музейнай “вясковай хаткі” і труну паклалі на слончыкі побач з ёй. Тады стаў у труне бачны Алесь Мікалаевіч Белакоз і бел-чырвона-белы букецік астраў перавязаны бел-чырвона-белай стужкай.

Ішло пахаванне Алеся Белакоза — заслужанага настаўніка Беларусі, заслужанага дзеяча культуры, аднаго з першых, хто быў ушанаваны медалём імя Францішка Скарыны. Лаўрэата прэміі «За свабоду думкі».

Аказалася, што сярод прысутных ёсць не толькі сваякі і жыхары з Гудзевіч, але некалькі чалавек з Гародні, Мастоў, Луна. Нават прысутнічала 2 ці 3 карэспандэнта ад недзяржаўных СМІ… Сваю прысутнасць яны выдавалі зваротамі да прысутных з мікрафонамі ў руках.

Але вялі журботны мітынг не прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, а прадстаўнікі ўлады, якія на працягу ўсяго творчага жыцця Алеся Белакоза імкнуліся яму перашкодзіць…

Дамогся выступу прафесар Аляксей Пяткевіч з Гародні, які ў сваім развітальным слове прапанаваў надаць Гудзевіцкаму музею імя Алеся Белакоза.

На могілках у апошні момант цела Вялікага патрыёта Беларусі ахінулі Бел-Чырвона-Белым Сцягам…

Да саракавінаў Алеся Белакоза цудоўна напісала Альжбета Кеда:

“І адзін у полі воін. Калі думаю пра Алеся Мікалаевіча Белакоза, спрачаюся з гэтай прымаўкай. Ён адзін зрабіў столькі, колькі не заўсёды зробіць цэлае войска. Цэлае войска беларускіх патрыётаў. Беларусізаваў сваю Радзіму, ваколіцы вакол Гудзевічаў, дзе пражыў усё жыццё. Узгадаваў не адно пакаленне беларусаў, у звычайнай вясковай школе стварыў незвычайны музей. Словы, якія Аляксей Пяткевіч калісьці выбраў для назвы сваёй размовы з Белакозам: “Я ўвесь час думаю, што зрабіў мала” — сведчаць пра ягоную чалавечую сціпласьць.”

Хочацца дадаць яшчэ, што Алесь Белакоз – гэта жывы прыклад таго, як у самых неспрыяльных умовах дабівацца выніковай працы. Яго стратэгію і тактыку павінны вывучаць на ўсіх семінарах апазіцыі, якая два дзясяткі гадоў не дае рады быць выніковай…

Успамінаю, колькі гасцей было ў невялікай хаце Алеся Белакоза на яго 70-годдзе! З усіх куткоў Беларусі! І якія людзі. На пахаванні большасці з іх не было. Палічылі непатрэбным. Горкія думкі…

Дэмакратычная апазіцыя не дала рады (ці не захацела?) годна пахаваць ЧАЛАВЕКА-СІМВАЛА, які “у аддзельна ўзятай” вёсцы перамог цэлую сістэму. І гэту саромную няздольнасць і бяздзейнасць крыху ўратавалі толькі бел-чырвона-белы букет з Мастоў, выступ прафесара Аляксея Пяткевіча і Бел-Чырвона-Белы Сцяг, які прывезлі з Гародні і якім накрылі цела Алеся Белакоза!

Няхай Беларуская зямля будзе яму пухам, а Памяць пра яго няхай б’е  “у сэрца мячамі, не дае чужынцамi быць!”

Лявон Карповіч, Луна-Воля 

 

04.01.2017

праваабарончыя сайты