Навіны

Добрыя дзевяностыя

На постсавецкай прасторы ўстойліва замацавалася выслоўе “ліхія дзевяностыя”. Імперскія прапагандысты і настальгуючыя па савецкім саюзе так зацята далдоняць і заганяюць гэта ў мазгі маладому пакаленню, што ў яго сапраўды можа скласціся ўражанне, нібы ў пачатку дзевяностых рабілася нешта надзвычайнае. Ледзь не апакаліпсіс тады надышоў: па цэнтральных вуліцах і пляцах гойсалі банды рэкеціраў з аўтаматамі, ля райвыканкамаў чародамі кружлялі прастытуткі, пад крамамі за кожную бутэльку – поўную і парожнюю – біліся алканаўты, а ў барах і на дыскатэках віўся бесперапынным дымам наркатычны кумар. Праўда з гэтага толькі тое, што на абломках і руінах прагніўшай імперыі сапраўды павылазілі многія язвы грамадства, якія раней альбо знішчаліся без разбору, альбо хаваліся і замоўчваліся. Варта успомніць хоць бы класічны прыклад маскоўскай алімпіяды, калі ў сталіцы СССР перад спартовымі баталіямі зніклі ўсе бяздомныя, наркаманы, алкаголікі і прастытуткі. Насамрэч гэтыя, так званыя “асацыяльныя элементы”, былі вытураны і вывезены з белакаменнай і чырвоназоркавай сталіцы за “соты кіламетар”. Так пускаўся прапагандысцкі пыл у вочы, стваралася ўражанне, што ў саветаў ніякіх заганаў няма.

На хвалі перабудовы спярша сапраўды было шмат пены і недарэчнасцяў, аднак гэта быў час, калі дыхалася свабодна, калі можна было пачуць праўду і самому яе. Цудоўна памятаю, які кантраст чакаў мяне на гістарычным факультэце нашага ўніверсітэту па звароце з савецкага войска – першы курс – 1984 год, другі – 1987-ы. Атмасфера змянілася кардынальна. А ў пачатку дзевяностых Савецкі саюз нарэшце ляснуўся. Для старэйшага пакалення гэта быў пераважна стрэс, злом усяго ладу жыцця, эканамічна стала вельмі цяжка, сістэма ранейшага сацыяльнага забеспячэння дала збой. А вось для маладых і людзей сярэдняга веку адкрыліся межы, рынкі і прынцыпова новыя мажлівасці. Не было тады хіба такога чалавека на нашай прасторы, хто не паспрабаваў бы сябе ў гандлі, нейкай куплі і перапродажы. Найбольш ініцыятыўныя і смелыя насіліся па ўсім свеце – ляталі ў Кітай, Турцыю, іншыя краіны, валаклі вялізныя цюкі з таварам, станавіліся на рынках і гандлявалі, гандлявалі… Іншыя скіраваліся ў Заходнюю Еўропу, пераганялі адтуль патрыманыя, але яшчэ дастаткова якасныя машыны, паступова змяняючы аўтамабільны рынак сваёй краіны. У абедзвюх катэгорый было нямала праблемаў на шляхах і дарогах – трапляліся махляры, рэкеціры, іншага кшталту бандыты, але людзі неяк давалі гэтаму рады. Спакваля яны багацелі, куплялі сабе лепшыя машыны, будавалі дамы. Гэта тады, менавіта ў пачатку 90-ых, гэтыя працавітыя людзі маглі здабыць сабе першасны капітал, станавіліся ўласнікамі і стваралі свой уласны дабрабыт. Гэта іх шматлікія і шыкоўныя катэджы стаяць зараз на ўскрайках вялікіх гарадоў. Гэтыя мікрараёны называлі ў свой час “полем цудаў” – і сапраўды дамы там раслі як на дражджах.

Гэта быў залаты час для індывідуальных, дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, калі людзі маглі зарабіць і даць зарабіць іншым, ствараючы новыя працоўныя месцы. Дзяржава ім не перашкаджала тады, мела з іх падаткі і таксама патроху станавілася на ногі. Гэта быў залаты час і для інтэлектуальнай эліты. Ствараліся галерэі, ставіліся помнікі, без усялякай цэнзуры пісаліся і выдаваліся цікавыя кніжкі, праходзілі навуковыя канферэнцыі, ішло адраджэнне беларускай мовы і культуры, беларусы ўсяго свету знаёміліся і гуртаваліся. Высілкі разумнейшых людзей з грамадства і з дзяржаўных структур зліваліся ў адно – што патроху давала свой плён. І гэта было ўсё ў нашай Беларусі ў пачатку нібыта “ліхіх” 90-ых. Безумоўна, матэрыяльна было цяжкавата, памятаю гэта таксама па сабе. Але была надзея, было святло на даляглядзе і была перспектыва. А потым, пасля 1994-га, быў абвешчаны курс “назад у СССР”, быў дэкляраваны абсурдны “рынкавы сацыялізм” і надоўга напаўзлі, надышлі змрок і цемрашальства. Наступіў канец і вольнасці, і культуры, і прадпрымальніцтву. Да гэтага часу не відаць святла ў канцы тупіковага тунэля.

Так што насамрэч “ліхія” 90-ыя былі добрымі 90-мі. І, напэўна, лепшымі ў нашай гісторыі.

Уладзімір Хільмановіч


19.01.2017

праваабарончыя сайты