Навіны

Люты 2017

Каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на люты 2017

1 лютага

300 гадоў таму (1717) – “Нямы альбо маўклівы сойм” практычна пагадзіўся на пратэктарат Расеі над Рэччу Паспалітай.

2 лютага

Сусьветны дзень водна-балотных нетраў.

125 гадоў таму (1892) – У Варшаве памёр Люцыян Крашэўскі, мастак, фатограф, удзельнік паўстаньня 1863-64. Вучыўся ў Сьвіслачы.

85 гадоў таму (1932) – У мяст. Скідаль (Гарадзенскі р-н) нарадзілася Людміла Махнюк (дзявочае Каліноўская), дзеячка беларускага культурніцкага руху ў эміграцыі (ЗША).

4 лютага

60 гадоў таму (1957) – У Торуню (Польшча) памёр Браніслаў Ямант, мастак, педагог. Нараджэнец в. Дакудава (Лідзкі р-н). Пахаваны на торуньскіх могілках Сьв. Ежы.

5 лютага

380 гадоў таму (1637) – У манастыры ў Дэрмані на Валыні (цяпер Ровенская вобласць, Украіна) памёр Язэп Вельямін Руцкі (нар. у 1573 ці 1574 у в. Рутка, Наваградзкі р-н), царкоўна-палітычны дзеяч, уніяцкі мітрапаліт, пісьменьнік-палеміст. Быў пахаваны ў Вільні ў Сьвятатраецкім манастыры. У 1655 годзе пасля захопу Вільні маскоўскімі войскамі, труну з яго парэшткамі вывезлі ў невядомым кірунку.

8 лютага

130 гадоў таму (1887) – У Гародні нарадзіўся Уладзіслаў Талочка, беларускі рэлігійны і культурна-асьветніцкі дзеяч, культуролаг, гісторык, літаратуразнавец.

9 лютага

150 гадоў таму (1867) – У Парыжы памёр Караль Нямцэвіч (нар. у 1797 у Скоках пад Берасьцем), удзельнік паўстаньня 1830-31. Пахаваны на парыжскіх могілках Манмартру. Вучыўся ў Сьвіслачы.

10 лютага

565 гадоў таму (1452) – У Луцку (Україна) памёр Сьвідрыгайла (нар. каля 1370), вялікі князь ВКЛ у 1430-32 гг.

11 лютага

210 гадоў таму (1807) – У в. Варацэвічы (Іванаўскі р-н) нарадзіўся Напалеон Орда, піяніст, кампазітар, мастак, удзельнік паўстаньня 1830-31. У 1823 г. скончыў Сьвіслацкую гімназію.

65 гадоў таму (1952) – У савецкім канцлягеры памёр Андрэй Цікота (паводле інш. зьв. 13 ці 21 лют.), беларускі рэлігійны і грамадзка-культурны дзеяч, генерал ордэну марыянаў. Нараджэнец хутару Плавушка (Смургонскі р-н).

65 гадоў таму (1952) – У Віцебску нарадзіўся Мікола Лук’янаў, беларускі мастак. Жыў і працаваў у Гародні.

14 лютага

80 гадоў таму (1937) – У в. Вялікая Лябёдка (Шчучынскі р-н) памёр Напалеон Чарноцкі, беларускі публіцыст, перакладнік, лекар. Пахаваны ў в. Скрыбаўцы (Шчучынскі р-н).

15 лютага

45 гадоў таму (1972) – У Эльблонгу (Польшча) памёр Міхал Шалкевіч, беларускі каталіцкі сьвятар. З 1922 г. служыў у касьцёле ў Тракелях (Вараноўскі р-н).

16 лютага

115 гадоў таму (1902) – У Трокеніках (Астравецкі р-н) нарадзіўся Мар’ян Богуш-Шышка, беларуска-польскі мастак, педагог.

19 лютага

130 гадоў таму (1887, паводле іншых зьвестак 1895) – У Суботніках (Івейскі р-н) нарадзіўся Янка Пазьняк, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, выдавец, публіцыст. Забіты пасьля кастрычніка 1939, хутчэй усяго ў засьценках НКВД у Менску.

20 лютага

630 гадоў таму (1387) – Першы агульназемскі прывілей ВКЛ.

21 лютага

Міжнародны дзень роднай мовы.

22 лютага

630 гадоў таму (1387) – Прывілей Ягайлы каталіцкай царкве ў ВКЛ.

155 гадоў таму (1862) – Памёр Вікенці Дмахоўскі (нар. у 1805 ці 1807 у в. Нагародавічы, Дзятлаўскі р-н), жывапісец, майстар гістарычнага жанру, удзельнік паўстаньня 1830-31 гг.

23 лютага

110 гадоў таму (1907) – У в. Арляняты (Смургонскі р-н) нарадзіўся Станіслаў Станкевіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, літаратуразнавец, публіцыст, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, ЗША).

24 лютага

115 гадоў таму (1902) – Нарадзіўся Янка Геніюш, беларускі дзеяч, бібліяфіл, доктар, вязень ГУЛАГу. Жыў і пахаваны ў Зэльве.

27 лютага

90 гадоў таму (1927) – У Гародні памёр Мельхіёр Фардон, каталіцкі сьвятар, францішканін. Пахаваны на гарадзенскіх бернардынскіх могілках. Парэшткі перапахаваны 4 сьнежня 2003 году ў касьцёле Маці Божай Анёльскай.

28 лютага

95 гадоў таму (1922) – У Гародні памерла Станіслава Буйло, кіраўнічка беларускага дзіцячага прытулку.

75 гадоў таму (1942) – У Ленінградзе ад голаду памёр Канстанцін Пушкарэвіч беларуска-расейскі славіст, літаратуразнавец, педагог. Нараджэнец Слоніму.

 

01.02.2017

праваабарончыя сайты