Навіны

Вакол Украіны

На ўсходзе Украіны зноў забіваюць людзей. Гарматы, грады, тэхніка і жывая сіла, усё прыведзена ў дзеянне. Стрэлы, узрывы, атакі, абарона і, зразумела, ахвяры. І сярод непасрэдна тых, хто ваюе з абодвух бакоў, і не толькі сярод іх… Хтосьці проста жыў у тым месцы, куды паляцелі снарады. І хацеў жыць далей. Не атрымалася нават проста жыць. Хоць як, хоць дзе, але каб жыць… Зрэшты, забітым жаўнерам таксама хацелася жыць. Вельмі моцна хацелася…

Гэта не першы раз ужо там. Так ужо было. Было зусім нядаўна. А пасля з’явіліся надзеі. Надзеі, што ўвесь цывілізаваны свет не пацерпіць у цэнтры Еўропы такога жаху. Надзеі не спраўдзіліся. Выслоўе “заграніца нам паможа” па-ранейшаму належыць літаратурнаму герою і ў рэальным жыцці мае прыкладна такі ж саркастычны сэнс як і ў неўміручым мастацкім творы.

Але тапелец хапаецца за саломку. Чалавек заўсёды верыць у тое, у што хочацца верыць. Асабліва калі няма іншага выйсця. І людзі, якія жылі ў небяспечнай зоне, зноў паверылі. У адваротным выпадку ўцяклі б адтуль. Але ім цынічна падкінулі новыя надзеі. Яны былі прапісаныя ў так званых Мінскіх пагадненнях. Там задэкляравана і спыненне агню, і перамовы, і дэлегацыі, і адвод цяжкіх узбраенняў з абодвух бакоў, і палітычныя дывідэнды… Ну а чаму б не запісаць гэта ўсё на паперу?! Дзеля нейкіх сваіх мэтаў, або нават дзеля забавы або разнастайнасці. Як казаў класік – папера ўсё сцерпіць.

Такога сцэнару, як на гэтай паперы, які замарожваў сітуацыю, хацела б напэўна еўрапейская палітычная эліта. Бо калі яна не можа нічога істотнага зрабіць у гэтым рэгіёне і няздольная аніякім чынам паўплываць на працэс увогуле, і ў прынцыпе не можа прыняць аніякага радыкальнага палітычнага і практычнага дзеяння, то хай усё хаця б цягнулася б на іх думку так, як цягнулася. У замарожаным і вялацякучым стане, дзе хоць крыху і пастрэльваюць, але даюць мажлівасць заявіць, што збольшага Мінскія пагадненні даюць плён і адчыняюць новыя перспектывы для дыялогу Еўропы з Крамлём.

Не атрымалася. І на гэты раз не атрымалася. І не магло атрымацца. Бо ў тое, што можа атрымацца, не верыў ніхто ад самага пачатку. Нават тыя, хто падпісваў дакументы ў беларускай сталіцы. І вось цяпер зноў тэрмінова на экстранныя паседжанні збіраюцца дыпламатычныя структуры, назвы якіх ужо і называць не хочацца. Для іх чарговае абвастрэнне ва Ўкраіне стала “нечаканасцю”! Ой, якія наіўныя людзі!!! А можа не наіўныя? Можа трэба пашукаць іншае слова для іх азначэння?! Хочацца ў іх спытаць словамі аднаго з герояў фільма “Усё той жа Мюнхгаўзен”, які спытаў свайго галоўнакамандуючага, калі пасля абвешчанага перамір’я пачуў страляніну: “Яны што ў вас, газет не чытаюць”?

Але, здаецца, што сённяшнія вялікія людзі, ад якіх залежаць лёсаносныя рашэнні, сапраўды газет не чытаюць. І нічога не чытаюць. Бо ўсе сур’ёзныя аналітыкі прадказвалі менавіта такое развіццё падзеяў на ўсходзе Ўкраіны і ўвогуле ў рэгіёне, якое і здарылася. І не хавалі свае прадказанні, а друкавалі іх у прэсе з аналізам і довадамі. Чаму іх ніхто не браў пад увагу? Як гаворыцца – не маеце свайго розуму, дык жывіце розумам іншых. Але ж як не маеш свайго розуму, то па гэтай жа банальнай прычыне і не ведаеш пра гэта. Па гэтай жа прычыне не можаш ацаніць і здольнасці іншых. Вось і з’явілася новая еўрапейская палітыка, якая прадугледжвае пацяпленне адносінаў з Крамлём. Яшчэ да апошняга ўзброенага канфлікту ва Ўкраіне з’явілася. І ўжо аніякія падзеі не могуць на гэта паўплываць.

А еўрапейскія палітыкі цынічна заклікаюць абодва бакі спыніцца раўназначна. І вось ужо і еўрапейская прэса з асцярожнасцю паведамляе, што цяжка разабрацца, хто першы пачаў страляніну. І пішуць ужо не пра Ўкраіну, а вакол Украіны. А большасць СМІ, здаецца, увогуле перастала цікавіць гэтая тэма.

Я ужо не гавару пра прэсу ў краінах СНД. Нават пра тую, якая называе сябе незалежнай. А каб разабрацца што да чаго, асвятліць трэба ўсяго адно толькі пытанне. І гэтае пытанне – на тэрыторыі чыёй краіны вядуцца баявыя дзеянні.

Віктар Сазонаў


12.02.2017

праваабарончыя сайты