Навіны

Без варыянтаў

Здарылася тое, што мусіла здарыцца.

Людзі выйшлі на вуліцу. І гэта пры тым, што арганізацыі практычна аніякай не было. Толькі заклікі каб прыйшлі. Ды і заклікі не кожны мог зразумець. Адны лідары апазіцыі кажуць пра адну дату, другія пра другую. Нават папракнуць адны другіх паспелі. Так толькі заблытаць можна, а не арганізаваць. Але людзі прыйшлі ўсядно.

І гэта пры тым, што выходзіць небяспечна. Улада зрабіла ўсё, каб выходзіць было страшна. Неверагодна вялікія кары за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, мноства спецслужбаў якія здымаюць прама ў твар кожнага, небяспека падпасці пад пераслед –  ужо даўно не мажлівасць у тэорыі, а звычайная практыка і звыклая беларуская рэчаіснасць.

І гэта пры тым, што спадзяванні малыя. Перспектывы смутныя. Нават калі гэты падатак адменяць, гэта ўсядно нічога не вырашае. І не паляпшае агульнай сітуацыі. Справа не ў гэтым канкрэтным падатку…

– Я прыйшоў змагацца за сваю годнасць, – кажа сярэдніх гадоў мужчына. – Я ўсё жыццё працаваў. А пасля мяне скарацілі. І вось зараз, з самай высокай дзяржаўнай трыбуны, людзі, якія знішчылі нашу эканоміку і пакінулі мяне без працы, называюць мяне дармаедам. А ў мяне яшчэ мазалі не паспелі пазлазіць. А яшчэ ў мяне малыя дзеці. Мне сорамна ім глядзець у вочы. Яны пытаюцца ў мяне што такое “тунеядзец”. Як мне ім растлумачыць, што я не дармаед!?

– А я прадпрымальнік, – гаворыць малады мужчына. – І прадпрымальнік вельмі паспяховы. У мяне ёсць грошы. Я плачу вельмі шмат падаткаў. І я магу дазволіць сабе, каб мая жонка не працавала. Я працую за нас абодвух. Бо ў мяне гэта атрымліваецца. А падаткаў выплачваю можа за дваццаць чалавек. Я працую па пятнаццаць гадзін штодзённа і без выходных. Таму мая жонка займаецца хатняй гаспадаркай, дзецьмі, сваімі і маімі бацькамі і мной. У яе клопатаў не менш чым у мяне. Але мы так вырашылі, размеркавалі абавязкі і правільна зрабілі. У нас стала атрымлівацца. І вось ёй прыходзіць “ліст шчасця”. Яна аказваецца некаму мусіць заплаціць! За што? У нас ёсць грошы! Мы маглі б сабе дазволіць і гэтую выплату. Але як мы будзем тады выхоўваць сваіх дзяцей? Што мы ім скажам, што іх руплівая матуля дармаедка? Не! Мы лепш ім пакажам хто сапраўдныя дармаеды.

У Менску, Гародні, Берасці, Гомелі, Магілёве, Віцебску людзі паказалі, што яны ўжо самыя могуць арганізавацца і нават гэта зрабілі. І гэта азначае, што цяпер з імі ўжо нічога не зробіш. Бо з грамадствам, якое можа самаарганізавацца, змагацца немажліва. Іх патрабаванні не сканчаліся эканамічнымі ўльтыматумамі. У іх не было партрэтаў аніякіх лідараў, ні ўладных, ні апазіцыйных. Але ў іх былі бел-чырвона-белыя сцягі. І гэтым усё сказана.

Пачаўшы з патрабавання адмены дэкрэта пра так званых дармаедаў, прысутныя закончылі патрабаваннямі свабодных выбараў, як гэта было ў Менску. У Гародні людзі крычалі : “Не бойцеся!!!”. А галоўнымі выкрыкамі па ўсёй краіне было неўміручае “Жыве Беларусь!!!”.

– У мяне проста няма грошай каб плаціць, – кажа сталага веку жанчына.

– А ў мяне больш няма цярпення каб цярпець, – кажа яе сяброўка. Першая хваля вулічных акцый скончылася.

Ва ўладных колах зараз хіба ламаюць галовы што ім з гэтым усім рабіць. Думаю, што разглядаць яны будуць толькі два варыянты. Першы – заціснуць гайкі яшчэ больш, пакараць удзельнікаў, мажліва ўвесці пры патрэбе каменданцкі час, ці яшчэ што там, сілаў на ўсё гэта пакуль што хапае. Не хапае грошаў.

Другі варыянт – гэта лёгкая паказная лібералізацыя, ілжэбачнасць круглага стала з прадстаўнікамі грамадскасці, адмена дэкрэта… Зноў жа будзе бракаваць грошай.

Вось і атрымліваецца, што абодва варыянты для ўлады кепскія. Саступаць гэтая ўлада не прызвычаеная, не ўмее гэтага рабіць і не хоча. А заціскаць гайкі ўжо няма куды. Можна разьбу сарваць.

Для апанентаў улады першы варыянт таксама кепскі. З ім усё ясна. Але калі хто думае, што для іх другі варыянт добры, то ён таксама моцна памыляецца. Другі варыянт не можа быць добрым, бо ён несапраўдны.

Сітуацыя патавая.

Без варыянтаў.

Віктар Сазонаў   


25.02.2017

праваабарончыя сайты