Навіны

Духоўны цэнтр

Гэтыя размовы я памятаю з дзяцінства. Ад сваіх дзядоў. Людзі яны, як і большасць прадстаўнікоў гэтага пакалення, былі нешматслоўныя. Трапацца дзеля блявузгання не любілі. І нават калі вельмі запытаеш, пра сябе расказвалі мала і сціпла. Пры гэтым добра ўзважваючы і прадумваючы кожнае слова.

Адзін толькі прыклад. Як я ішоў у войска, сярод безлічы парадаў падвыпіўшых гасцей на маіх праводзінах пра тое, як там лепш сябе паводзіць і як там лепш прыстасавацца ад дзеда я пачуў толькі адну фразу:

– Ты там, галоўнае, пастарайся па людзях не страляць.

У гэтай фразе было ўсё. І цяжар пражытага, і жыццёвы досвед, і грунтоўная абдуманасць таго, што раіш. Але мы, дзеці, любілі падслухаць пра што дзяды гамоняць за чаркай. У тыя часы, калі дарослыя сядалі з бутэлькай за стол, у нас на Ашмяншчыне дзяцей туды не дапускалі. З розных прычын. Няма чаго дзецям узірацца на тое як п’юць гарэлку. Ды і пры гарэлцы дарослыя могуць і брыдка выславіцца, ды і сказаць нешта лішняе, адваротнае таму, што вучаць у савецкай школе. А такія рэчы трэба тлумачыць на цвяроза. І не за сталом. Ды і не прыйшоў быў яшчэ час пра ўсё расказаць.

І ўсё ж мы многае пачулі. Вельмі моцна мяне ўражвалі размовы пра пачатак вайны. Калі ў 39-ым годзе і нашы дзяды, беларусы, апынуліся ў польскім войску, якое не вытрымала націску з двух бакоў адразу. І асабліва пра савецкі палон, калі нейкі камісар сартаваў палонных. Афіцэраў адразу аддзялілі ад астатніх. Іх павезлі туды, адкуль не вяртаюцца. З шарагоўцамі абыходзіліся больш мякка.

Але самай прадуманай прапагандысцкай сістэмай, якая мусіла давесці насельніцтву Заходняй Беларусі, што прыйшла нібыта іхняя ўлада рабочых і сялян, была пастаноўка з сярэднім саставам, такім, як мой дзед, які быў капралам. Такіх вайскоўцаў пастроілі і прымусілі выцягнуць рукі ўперад. А камісар падыходзіў да кожнага і правяраў ці ёсць на руках мазалі. Калі мазалёў не было, то небараку адпраўлялі разам з афіцэрамі.

Тыя, у каго мазалі тады яшчэ не паспелі былі пазлазіць, праз доўгія гады ўспаміналі ў гамонках паміж сабой пра сваіх знаёмых лекараў, настаўнікаў, інтэлігентаў, ды і нават земляробаў, у якіх мазалі да рук не браліся, і якія ніколі больш не вярнуліся дахаты. Яны называлі іх імёны ды смуткавалі пра гаротны лёс іх сем’яў, з каторымі бальшавікі абышліся гэтак жа. Толькі крыху пазней. Іх таксама некуды вывозілі. І зараз мы ведаем куды.

Адно з такіх месцаў – Курапаты. Яго адкрылі і паказалі беларусам. Яго паказалі ўсяму свету. Хто меў вочы, той убачыў. Хто меў сэрца, той заплакаў. Хто меў сумленне, той паставіў свечку, крыж, або проста схіліў галаву, ўшаноўваючы памяць закатаваных ахвяраў сталінізму. А вось хто не меў нічога з гэтага, той пачаў нішчыць і самы Курапаты, і тых, хто ўшаноўваў памяць загінуўшых там продкаў.

Па людскіх касцях, як па нацыянальнай памяці прайшла аўтамабільная траса. Тады гэтую частку народнага мемарыяла Курапаты да канца адстаяць не ўдалося. Зараз там пачаліся новыя будаўнічыя работы. На людскіх рэштках мусіў паўстаць нейкі там цэнтр…

Бітва духоўных нашчадкаў тых, хто расстрэльваў і тых, хто бараніў, пачалася з новай сілай. Больш чым мільённы горад Менск пакуль што актыўна не ўмяшаўся ў гэтую бітву. Яе вядуць пакуль што толькі самыя сумленныя яго прадстаўнікі. Хачу паўтарыць, горад актыўна не ўмяшаўся пакуль што. Але чыю пазіцыю Менск зараз заняў – стала відавочна.

У адваротным выпадку духоўныя нашчадкі тых, хто расстрэльваў, не саступілі б, а з вялікім задавальненнем знішчылі б ушчэнт гэты народны мемарыял. А не знішчылі таму, што зараз яны зразумелі, што гэты паўтарамільённы горад, як і дзесяцімільённая краіна, ужо выспелі да таго, каб умяшацца ў гэтую спрэчку актыўна. Менавіта актыўна, а не толькі дапамагаючы рэчамі, ежай і сродкамі, як зараз.

І гэта можа здарыцца ў кожную хвіліну. А можа здарыцца і так, што да гэтага выспее і ўся Еўропа. Беларусь называюць яе геаграфічным цэнтрам. Калі ўважліва паглядзець на мапу, то так яно і ёсць. А ў цэнтры Беларусі – Курапаты. Духоўны цэнтр Беларусі. А можа і ўсёй Еўропы.

Віктар Сазонаў


07.03.2017

праваабарончыя сайты