Навіны

Гісторыя па коле

Не пакідае адчуванне цыклічнасці гісторыі. Тыя падзеі, якія адбываюцца зараз у Беларусі, вельмі нагадваюць час трыццацігадовай даўніны і дазваляюць меркаваць, што яна развіваецца якраз па спіралі. Шкада толькі, што нам, хто памятае час сканання Савецкага саюзу, зараз не па дваццаць гадоў, а па пяцьдзесят і больш…

Люты – звычайна спакойны месяц у сэнсе грамадскай актыўнасці. Абуджэнне часцей надыходзіць увесну, аднак на гэты раз працэс пайшоў хутчэй. На пляцы розных беларускіх гарадоў павалілі людзі, прычым пайшлі туды стыхійна, спантанна і неарганізавана. Мусіць перасталі верыць тэлевізару, у якім апавядаецца пра сацыяльны рай у Беларусі. А кропляй, што перапоўніла чашу, здавалася б, бясконцага цярпення, стаў падатак на так званых “дармаедаў” – на людзей, якія насамрэч у пераважнай бальшыні цяжка працуюць, забяспечваюць сваіх блізкіх і выжываюць насуперак дзеянняў і палітыкі нядбайнай дзяржавы. Больш таго, яны памагаюць і сваім сем’ям, і хай не наўпрост, але спрыяюць краіне ў няпростай эканамічнай сітуацыі. Але дзяржаўнаму ненажэрнаму чэраву ўсё мала. Велізарны штат дзяржаўных чыноўнікаў, сярод якіх асабліва трэба вылучыць разнастайных прапагандыстаў, ідэолагаў, а таксама процьму сілавых структур – вось дзе сапраўдныя дармаеды на шыі народу. Але людзі больш трываць не хочуць і дзяржава зараз узяла паўзу, ня ведае што рабіць – ці размахваць далей сваёй карнай дубінай, ці… А зрэшты яны толькі і ўмеюць, што дубінай, на нейкае рэфармаванне і эвалюцыю няздольныя. Але калі на вуліцы выходзіць ужо не пару соцень актыўных апазіцыянераў-іншадумцаў, а тысячы ўчарашніх “нейтралаў” – то дзяржава пачынае баяцца. А паколькі яе кіраўнік знік на нейкім чарговым загадкавым адпачынку, то і галоўнага рашэння прыняць няма каму. Але можна не сумнявацца, што сапраўднае аблічча гэтая дзяржава яшчэ пакажа. Як шчыра і выразна паказаў яго начальнік усёй міліцыі Рэспублікі Беларусь Ігар Шуневіч. На пытанне, чаму ён на 9 мая апранае мундур афіцэра НКВД (перакладаць гэтую жудасную абрэвіятуру на нашу мову не трэба!), ён наўпрост адказаў, што ганарыцца сваімі папярэднікамі – “сотрудниками органов внутренних дел”, якія змагаліся з узброенымі бандамі і нацысцкімі недабіткамі пасля вайны. Пра тое, што людзі ў гэтай форме найперш знішчалі, расстрэльвалі дзясяткі тысяч ні ў чым невінаватых суграмадзян, міністр унутраных спраў сціпла прамаўчаў. Але і так усё зразумела пра яго ідэалы.

   Іншая гарачая тэма – гэта абарона Курапатаў. Пакуль адны мужыкі, якія ніяк не могуць пазбыцца савецкай традыцыі, жлукцілі гарэлку ў “дзень зашчытніка ацечаства”, іншыя, пераважна маладыя хлопцы, кінуліся бараніць мемарыяльнае месца ад незаконнай будоўлі. Абарона Курапатаў – гэта ня проста абарона памятнага месца. Гэта абарона нашай гістарычнай памяці, беларускай нацыянальнай годнасці, чалавечай вартасці. І вось тут міліцыя не прыходзіць на дапамогу. Наадварот арганізоўвае правакацыі альбо патурае ім. Але грамадства ўжо абуджаецца. Мабыць упершыню супраць апаганьвання незаконным будаўніцтвам ахоўнай тэрыторыі выступілі святары ўсіх асноўных канфесій. І ўжо нават дзяржаўныя прапагандысты сталі казаць пра тое, што Курапаты трэба пакінуць у спакоі.

   У кожнага свая памяць і свае героі. Памяць Шуневіча наказвае яму пакланяцца савецкім антыбеларускім правадырам, памяць Беларусаў – іншая. У 1988 годзе ў газеце “Літаратура і мастацтва” быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога смерці”, які выклікаў шырокі грамадскі рэзананс. Пасля гэтага у Менску былі ўтвораныя рэспубліканскае грамадскае гісторыка-асветнае таварыства памяці ахвяр сталінізму “Мартыралог Беларусі” і аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Неўзабаве прайшоў ужо легендарны мітынг-рэквіем “Дзяды”, які быў гвалтоўна разагнаны сілавымі структурамі. Менавіта тады вырас сведамы арганізаваны беларускі палітычны рух, вынікам якога стала заваёва суверэнітэту.

   Сённяшняя ўлада аднаўляе помнікі крывавым бальшавікам. А ў Курапатах паўстаў сапраўды народны крыжовы мемарыял, які бароніць беларускі Народ. Такая праўда, такая хада нашай гісторыі.

Уладзімір Хільмановіч

 

01.03.2017

Архіў

Сьнежань 2018
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты