Навіны

Прырода, дубіна і Карта паляка

Як прагназавалі многія, у тым ліку два тыдні таму і ваш пакорлівы слуга, улада Рэспублікі Беларусь зноў узялася за рэпрэсіі супраць сваіх грамадзян. І тут ня трэба быць нейкім аракулам ці вялікім экстрасенсам. Дубіна – гэта асноўны і па вялікім рахунку адзіны аргумант кожнай аўтарытарнай сістэмы. Як бы яна не мімікравала і не гуляла ў розныя знешнія праявы лібералізацыі, якая б адліга не дэкляравалася – усё гэта гульні і пыл у вочы наіўным людзям, многія з якіх самы хочуць падманвацца. Дастаткова больш менш ведаць гісторыю Савецкага саюзу, сутнасць гэтай дзяржавы, каб зразумець простыя рэчы – дзяржавы з ідэаламі і сутнасцю дыктатуры не могуць існаваць без рэпрэсій і падаўлення грамадзян, якія выступаюць супраць няздарнай, нікчэмнай і антынароднай ганебнай палітыкі. Ваўкі і шакалы ніколі не бываюць ад нараджэння і не становяцца потым вегетарыянцамі, такая іх прырода, такая глыбінная сутнасць. Таму і чарговая ўяўная “адліга” скончылася так хутка.

Улада Беларусі на гэты раз відавочна памылілася са сваім абсурдным дэкрэтам пра дармаедаў. Яна наўпрост зачапіла тую катэгорыю насельніцтва, якая дваццаць гадоў сядзела нібыта мыш пад венікам. У выніку супраць дзяржаўнай палітыкі рабавання выступілі цяпер не столькі грамадска актыўныя, палітычна сведамыя людзі, як раней на акцыях дэмакратычнай апазіцыі, а ўчарашнія нейтралы і нават ранейшыя прыхільнікі Лукашэнкі і яго курсу. На плошчах беларускіх гарадоў у гэтыя лютаўска-сакавіцкія дні можна было пачуць і настальгію па Савецкім саюзе, і зайздрасць у бок Захаду, і спадзяванні на “матухну Расею”, і выказванні, што нават у 90-ыя гады было лепш. Такія апошнія настроі народу дзяржаўнай уладзе як сярпом па адным вельмі саромным месцы. Бо яна заўсёды дэкляравала, што вывела краіну з “ліхіх дзевяностых”, нібыта з развалу і безнадзейнасці, нават ганарылася гэтым. А тут выяўляецца, што насамрэч амаль 23 гады вяла і ўрэшце прывяла краіну ў тупік, а людзей у дэпрэсію і агрэсіўнасць. Таму і дадзена каманда пляжыць усіх грамадска-палітычных актывістаў і тых журналістаў, якія асвятляюць пратэстныя падзеі. Таму і пайшлі татальныя рэпрэсіі, каб збіць палітычныя настроі, перавесці пратэст і публічнае абурэнне хоць бы ў рэчышча эканамічнай незадаволенасці. Таму і прыпыніў начальнік дзяржавы свой абсурдны ўказ. Тыя, хто паляцеў хутчэй плаціць і заплаціў ганебны падатак, ужо кусаюць локці. Зразумела, што гэтая дзяржава нічога ім не верне. Па сваёй прыродзе яна здольная толькі забіраць, абіраць, захопліваць і махаць, махаць рэпрэсіўнай дубінай. Што перыядычна і робіць, спалучаючы часам методыку бізуна і невялікага перніка.

Многіх здзіўляе, чаму ў гэтых народных сацыяльных акцыях пратэсту амаль нічога не адбываецца на Гарадзеншчыне, наш рэгіён выглядае такім пасіўным і дастаткова інертным. Маё асабістае тлумачэнне гэтага наступнае – мясцовае насельніцтва гэтага рэгіёну яшчэ не настолькі збяднела, як іншыя рэгіёны Беларусі. Жывучы на паграніччы, зацягнуўшы пасы і сцяўшы зубы, яно, умудраецца яшчэ зарабіць на нейкім чаўночным бізнесе, перапродажы, усяляк камбінуе. Многія ездзяць на заробкі ў Польшчу і яшчэ могуць так-сяк забяспечыць сябе і свае сем’і. Гэта не Гомельшчына ці Магілёўшчына, дзе ўжо няма столькі гастарбайтараў у Расею, дзе з малога памежнага гандлю ў сумежныя ўкраінскія ці расейскія раёны ўжо амаль нічога не заробіш. На Гарадзеншчыне амаль кожны трэці трымае ў адной кішэні фігу для ўраду, якую выцягваць, аднак, не спяшаецца ці не хоча. Бо ў іншай кішэні гэты кожны трэці мае прыхаваную Карту паляка, якую атрымаць становіцца ўсё прасцей. І, маючы гэтую Карту паляка, кожны з іх думае, што ў сама горшы і крытычны момант, ён “зваліць” з гэтай дзяржавы, пакіне гэты тэлевізійны “сацыяльны рай” і нават свае родныя мясціны. Таму нібыта і “спіць” Гарадзеншчына.

Але вясна яшчэ толькі ўваходзіць у свае правы. Прырода больш прадказальная, чым палітыка. Ды ў кожным разе гэтая вясна будзе вельмі цяжкай.  

Уладзімір Хільмановіч

14.03.2017

праваабарончыя сайты