Навіны

Мір і вайна

Пасля шасці гадоў застою і дэпрэсіі беларускае грамадства абудзілася. Яно ўзрушана, абурана і больш радыкальна настроена, чым раней. Але пасля жорсткага рэагавання ўладаў на мірныя сходы і выступы, сілавога падаўлення і здушэння пратэстаў, рызыкуе яшчэ больш упасці ў дэпрэсію, зняверыцца ў тым, што ў дзяржаве хоць нешта можна зрабіць, змяніць, каб дамагчыся ўрэшце чаканай вольнасці. Аналітыкі прыводзяць слушныя і не зусім паралелі з сітуацыяй 2010 года, калі была разагнаная Плошча, а грамадства пагрузілася ў стан суцэльнага расчаравання і летаргіі. Беларускаму міру зноў абвешчана вайна.

Многія зараз пішуць, што рэжым перайшоў апошнюю маральную рысу, што для яго не засталося ніякіх бар’ераў стрымання, што дыктатура ўсталявалася канчаткова. Гэта ўсё, канешне, лухта, бо апошнія межы гэты рэжым перайшоў яшчэ ў 1999-2000 гадах, калі бясследна знікла некалькі апазіцыйных палітыкаў, журналіст і гэтыя палітычныя забойствы былі замоўчаны ўладай. Усё што адбывалася пасля – гэта толькі прылівы і адлівы з пэўнымі элементамі цунамі. Зараз вось прыйшла новая вялікая хваля палітычных рэпрэсій. З уладай нічога новага ці дзіўнага не адбылося і не адбудзецца. Дзіва хутчэй у іншым – як за ўсе гэтыя гады у час масавых жорсткіх збіванняў на плошчах нікога не забілі на смерць. Вось гэта сапраўдны цуд. Праўда, не будзем тут забывацца ні пра невытлумачаны дзіўны тэракт у менскім метро ў красавіку 2011-га і 15 загінулых, ні пра паспешлівы расстрэл двух маладзёнаў, якіх у тым выбуху звінавацілі, але віну якіх ніхто не даказаў.  

З уладай усё зразумела, гэты менскі філіял дыктатуры абваліцца адначасна, ці крыху раней, ці толькі крыху пазней, разам з сваім галоўным офісам у маскоўскім Крамлі. Невыпадкова ўслед за масавымі акцыямі пратэсту ў Беларусі, пайшлі мітынгі і па расейскіх гарадах. Пры гэтым гэты гібрыдны двухгаловы, ці шматгаловы рэжым, яшчэ можа загубіць мноства жыццяў, паламаць тысячы лёсаў. Такія рэжымы не ведаюць жалю – як гаворыцца, ні да жанчын, ні да старых, ні нават для дзяцей, што мы ўбачылі чарговы раз у час разгону мірных дэманстрантаў у цэнтры беларускай сталіцы. Гэтая сістэма збудавана на суцэльных хлусні і злосці, ашуканстве і нянавісці. Татальнае і абсалютнае зло – яе глыбінная сутнасць. Тут пытанняў няма даўно.

А вось да дурных і гарачых галоваў, якія не слухалі больш ціхіх, але разумных галасоў, пытанні застаюцца. Я маю на ўвазе тыя беларускія медыя-рэсурсы і некаторых палітыкаў, якія на хвалі народных пратэстаў яшчэ за пару тыдняў да Дня Волі сталі паўсюдна крычаць: “Рэжыму канец!, “25-га Беларусь прачнецца ў новай краіне!”, “Настала гадзіна рэвалюцыі!” і таму падобнае. Гэтыя дурныя заклікі ў значнай ступені справакавалі неадэкватныя загады кіраўнікоў і жорсткія дзеянні сілавікоў, у якіх чарговы раз “знесла дах”. Грамадзянская супольнасць зноў бязлітасна “зачышчана”, многія людзі дэмаралізаваны. Але вясна 2017 у значнай ступені адкрыла тысячам новых людзей вочы на сапраўдную сутнасць гэтага рэжыму. Таму, нягледзячы на новы разгром грамадзянскай супольнасці, улада не можа адчуваць сябе пераможцам – супраць яе выступіла зараз мноства новых, раней нейтральных людзей і нават былых прыхільнікаў. Новая хваля выступаў супраць антынароднай палітыкі, безумоўна, наперадзе, але калі – ніхто не ведае.  

Беларускі ж народ мусіць зараз знайсці новыя формы салідарнасці, новыя метады і спосабы негвалтоўнага змагання, выпрацаваць гэткі наш беларускі гандызм, элементы якога мы па-сутнасці ўжо бачылі ў гэтыя сакавіцкія дні на вуліцах і плошчах розных гарадоў. Людзі сталі разумнейшымі ў многім, яны ўжо не хочуць самападманвацца, не хочуць маўчаць і маўкліва цярпець здзекі. Яны пачынаюць усё больш ідэнтыфікаваць і фіксаваць выканаўцаў злачынных загадаў – карнікаў суддзяў, карнікаў-міліцыянтаў, карнікаў-“омоновцев”, адказных за растаптанне заканадаўства службовых асобаў. Адсюль усялякія вулічныя графіці, стрыт-арты, дзе з’яўляюцца партрэты канкрэтных, вінаватых у беззаконні, людзей. Асаблівая каста злачынцаў – гэта дзяржаўныя прапагандысты, на будучым беларускім “нюрнбергскім працэсе” яны павінны сядзець у першым шэрагу. Але пра гэта ўжо пазней.

Уладзімір Хільмановіч


02.04.2017

праваабарончыя сайты