Навіны

170 гадоў з дня смерці Станіслава Юндзіла

Станіслаў Юндзіл, навуковец-прыродазнавец, батанік, доктар філасофіі і тэалогіі, нарадзіўся 6 траўня 1761 году ў маёнтку Ясенцы (цяпер Вараноўскі раён). 

Паходзіў з шляхецкага роду Юндзілаў гербу “Лебедзь”, сын Бенядыкта і Ружы з роду Даўгялаў. Пачатковую адукацыю атрымаў у бацькоўскім доме. Уступіў у ордэн піяраў, навучаўся ў піярскіх калегіюмах у Лідзе (там скончыў тры пешыя класы), Шчучыне, Любяшове на Валыні. Быў высвечаны на ксяндза, два гады настаўнічаў – У Расенях і Вільні. Працягваў адукацыю ў Віленскай акадэміі, дзе слухаў лекцыі вядомага навукоўца Жана Жылібера, які першым распачаў грунтоўнае вывучэнне флоры і фаўны ВКЛ. На яго працы абапіраўся і Юндзіл. У 1785 годзе перасяліўся ў Шчучын, дзе ўзначаліў мясцовую піярскую школу. Увёў там курс батанікі і заклаў батанічны садок, упершыню ў сваім жыцці пачаў ствараць навуковы гербар мясцовай флоры. У выніку рэформаў, праведзеных Юндзілам, Шчучынская школа зрабілася адной з найлепшых піярскіх школаў. Потым на нейкі час вярнуўся ў Вільню, дзе выкладаў ў мясцовай піярскай школе логіку і метафізіку. Неўзабаве ўладальнік Шчучына Сцыпіён запрасіў яго ў свой маёнтак для выхавання сыноў. Там Юндзіл меў багата вольнага часу, каб займацца самаадукацыяй і навукай, прыступіў да калекцыянавання выпханых птушак У 1790 годзе пачаў чытаць лекцыі ў галіне заалогіі і гісторыі прыроды ў піярскіх школах. Брак патрэбнага дыдактычнага матэрыялу і падручнікаў падштурхнуў яго да складання адпаведных настаўленняў-дапаможнікаў, у якіх даў звесткі пра лекавыя расліны сучасных Беларусі, Літвы і Польшчы. Сабраныя калекцыі ў ваколіцах Вільні, Ліды і Шчучына, на жаль, былі знішчаны і страчаны ў час паўстання 1830-31 гг.

3 1792 году Юндзіл –  віцэ-прафесар Галоўнай школы ВКЛ. Як найвыдатнейшаму з айчынных батанікаў яму выдаткавалі сродкі на паездку за мяжу з мэтай удасканалення ў навуках: слухаў лекцыі ў Кракаве і Вене, вандраваў у наваколлі Карпатаў, азнаёміўся з акадэмічным батанічным садам у Вене і шэрагам іншых садоў, вывучаў мінералогію Саксоніі, дзе таксама знаёміўся з мясцовымі горна-металургічнымі заводамі, наведаў Прагу, Дрэздэн, іншыя гарады. У 1793 годзе наведаў руднікі і горнымі заводы ў Вугоршчыне, вывучаў досвед тамтэйшай ветэрынарнай школы, на ўзор якой меў намер стварыць школу ў Вільні. У звязку з трэцім падзелам Рэчы Паспалітай ня мог вярнуцца ў Вільню, застаўся ў Вене, дзе даваў прыватныя ўрокі і паралельна вывучаў ветэрынарыю. Заклаў у аўстрыйскай сталіцы сад лекавых раслінаў.

У кастрычніку 1797 году вярнуўся на пасаду экстраардынатарнага прафесара на катадры натуральнай гісторыі ў Віленскай акадэміі, дзе і заставаўся да канца жыцця. 3 1799 году ўзначальваў кабінет натуральнай гісторыі ўніверсітэту і батанічны сад, якім кіраваў 27 гадоў. З 1802 году – прафесар натуральнай гісторыі і батанікі (да 1824 году). Пакінуў цэлы шэраг грунтоўных навуковых працаў. Пад псеўданімам Ваўрынец Кастрыца выдаваў сатырычны часопіс “Bibliafobia” (“Бібліяфобія”). Стварыў мемуары –  каштоўную крыніцу з гісторыі Віленскага ўніверсітэту і культурнага жыцця ВКЛ. У 1824-ым па стане здароўя пакінуў працу. Далейшыя гады жыцця друкаваў у перыёдыцы артыкулы, успаміны, часам прасякнутыя горыччу і іроніяй. На схіле сваіх дзён цалкам страціў зрок.

Пахаваны на Бернардынскіх могілках у Вільні. Нейкі час лічылася, што Юндзіл пахаваны на касцельнай тэрыторыі мястэчка Нача (Вараноўскі р-н).

 

18.04.2017

праваабарончыя сайты