Навіны

Пад вартай застаюцца 19 фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”

На 17 красавіка, па інфармацыі Праваабарончага цэнтра “Вясна”, 19 фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” застаюцца пад вартай. Усім ім прад’яўлены абвінавачванні па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса.

Пацверджання звестак аб прад’яўленні камусьці з арыштаваных абвінавачванняў па артыкуле 287 КК праваабаронцы “Вясны” не маюць.

Варта нагадаць, што яшчэ 24 сакавіка, падчас прэс-канферэнцыі са сваякамі затрыманых па справе “аб арганізацыі масавых беспарадкаў”, Праваабарончым цэнтрам “Вясна” была распаўсюджана заява, прынятая супольна з шасцю праваабарончымі арганізацыямі - Беларускім Хельсінкскім камітэтам, Цэнтрам прававой трансфармацыі, Камітэтам абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”, Беларускім Домам правоў чалавека імя Б. Звозскава, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Беларускім дакументацыйным цэнтрам, у якой адзначаны палітычна матываваны характар гэтай крымінальнай справы, якая разглядалася ў рэчышчы нагнятання істэрыі дзеля запалохвання грамадства напярэдадні Дня Волі.  

На сённяшні дзень Праваабарончаму цэнтру  “Вясна” вядома сутнасць абвінавачванняў, прад’яўленых фігурантам справы, аднак не вядомы аб’ём і якасць доказаў, якія пакладзены ў іх аснову і аналіз якіх дазволіць ацаніць дзеянні абвінавачаных паводле крытэраў вызначэння паняцця “палітычны зняволены”.  Разам з тым, важнай з’яўляецца ўмова, каб аргументы наконт палітычнага характару пераследу фігурантаў справы падзяляла і шырокая міжнародная супольнасць.

ПЦ “Вясна” працягвае пільна адсочваць дадзеную крымінальную справу, аказваць прававую дапамогу сем’ям яе фігурантаў. Адносна публікацый у газеце СБ і ролікаў па БТ мы адзначаем, што ўлады груба парушаюць прэзумпцыю невінаватасці затрыманых, яшчэ да судовага разбіральніцтва фармуючы іх негатыўны вобраз у грамадстве, што з’яўляецца недапушчальным парушэннем прынцыпаў канстытуцыйных правоў грамадзянаў. 

18.04.2017

праваабарончыя сайты