Навіны

Станіслаў Шушкевіч: Лукашэнка губляе ўладу

Сілавікі-няўдачнікі прыдумалі «справу патрыётаў», каб апраўдаць сваё існаванне.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

- Сёння паводле справы «Белага легіёну» праходзіць блізу 30 чалавек. Чаму рэжым пачаў гэты відавочна палітычны пераслед патрыётаў?

- Мой адказ будзе вельмі простым: гэта нязграбная правакацыя, прыдуманая ўрадам і сілавікамі-няўдачнікамі, каб апраўдаць свае рэпрэсіі, выкліканыя страхам перад масавымі народнымі акцыямі. Мірны пратэст супраць улады паказваецца як нейкія «тэрарыстычныя штучкі».

Гэта ардынарная правакацыя. І вельмі непрыстойна на дзяржаўным узроўні займацца такім паскудствам. Але іншага выйсця ў гэтага прымітыву – Лукашэнкі і ягоных падхалімаў – проста няма. Таму яны і займаюцца правакацыямі.

Уявіць сабе, што тут хтосьці рыхтаваў супраць іх узброенае выступленне – гэта трэба быць або ідыётам, або правакатарам чыстай вады, або дзяржаўным тэрарыстам.

Улада ў Беларусі займаецца дзяржаўным тэрорам – гэта абсалютна адназначна. І каб апраўдаць свой тэрор, яна і сфабрыкавала «справу патрыётаў». Больш ніякіх прычын тут няма. Я і ў думках не дапускаю (а я ведаю некаторых з гэтых людзей), што фігуранты «справы патрыётаў» рыхтавалі нешта такое, што ім прыпісваюць прымітывы, накшталт Паўла Якубовіча, Генадзя Давыдзькі, і іншы зброд.

- Трэба затрыманых у справе «Белага легіёну» афіцыйна прызнаць палітвязнямі? Ці дапаможа гэта вырашыць пытанне аб іх вызваленні?

- Я не з'яўляюся спецыялістам у тых юрыдычных канонах, згодна з якім кагосьці прызнаюць палітвязнем. Але я думаю, што гэты факт трэба прызнаць і, напэўна, ёсць падставы ўважаць гэтых людзей за палітвязняў. Акрамя таго, гэта дасць зразумець беларускаму ўраду, што ён пайшоў на брудную правакацыю і прынізіў годнасць і дзяржаўны статус нашай краіны.

Гэта незразумелая ўлада працягвае нас «здзіўляць». Пра такі ўрад Збігнеў Бжэзінскі казаў, што ён «пераходны». Вось і беларускі рэжым чарговым разам паказаў, што ён – несапраўдны, пераходны. І ён не можа далей утрымліваць уладу ў краіне.

Таму што людзі будуць і далей бяднець, губляць магчымасці для нармальнага чалавечага жыцця. І рэжым будзе з дапамогай такіх сфабрыкаваных спраў «апраўдваць» сваё існаванне.

Беларусі цяпер патрэбна поўная змена палітычнай сістэмы. Толькі гэта прывядзе да лібералізацыі і пазітыўных зменаў у эканоміцы. А без гэтага мы так і застанёмся на ўзбочыне гісторыі.

- Як павінны рэагаваць краіны Захаду на рэпрэсіі супраць беларускіх патрыётаў?

- Адназначна: яны павінны максімальна салідарызавацца з дэмакратычным рухам у Беларусі.

На жаль, заходнія краіны не маюць поўнага ўяўлення пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. І мы павінны ім гэта выразна паказаць. Калі ў іх з'явіцца выразная карціна таго, што робяць беларускія ўлады – яны прымуць больш гучныя і жорсткія меры.

Заходнія ўрады павінны ведаць, што «справа патрыётаў» распрацавана беспрынцыповымі і і «шустрымі» паліттэхнолагамі –ворагамі беларускага народа.

Фігурантаў «справы патрыётаў» трэба як мага хутчэй вызваляць, не чакаючы, як сябе павядуць праваабарончыя арганізацыі. Таму што ўсё гэта «справа» - чыстай вады правакацыя.

18.04.2017

праваабарончыя сайты