Навіны

Пенсіянер купіў кватэру ў Менскім раёне і трапіў на падатак $4 тысячы

Падаткавікі зацікавіліся купляй мужчыны праз невялікія ягоныя даходы.

Пенсіянер з Полацка ў 2015 годзе набыў кватэру ў Менскім раёне, якая абышлася яму больш чым у 100 тысяч дэнамінаваных рублёў. Падаткавікі зацікавіліся купляй мужчыны праз невялікія ягоныя даходы. Пры гэтым пенсіянер не браў крэдыт на набыццё нерухомасці, паведамілі tut.by у інспекцыі МПЗ Віцебскай вобласці.

— У сувязі з усталяваннем паводле вынікаў папярэдняга аналізу значнага перавышэння выдаткаў над даходамі ў названай фізічнай асобы была запатрабаваная дэкларацыя аб даходах і маёмасці, — адзначаюць у інспекцыі МПЗ Полацкага раёна.

Праз перавышэнне выдаткаў над даходамі мужчына заплаціў падаходны падатак у 8 тысяч рублёў.

Падаткавікі ўдакладняюць, што «на асаблівым кантролі знаходзяцца такія буйныя выдаткі фізічных асоб, як набыццё элітнай нерухомасці і замежнай валюты».

Так, спецыялісты інспекцыі МПЗ Віцебскага раёна папрасілі дэкларацыю аб даходах і маёмасці ў мужчыны, які на мытні задэклараваў «значную суму замежнай валюты». Падаткавікі ўсталявалі перавышэнне выдаткаў над атрыманымі даходамі і налічылі падаходны падатак у 9 тысяч рублёў.

У студзені-сакавіку падаткавікі Віцебскай вобласці прад'явілі фізічным асобам да выплаты падаходны падатак на 208,6 тысячы рублёў праз неадпаведнасць выдаткаў даходаў.

— За непрадстаўленне дэкларацыі аб даходах і маёмасці альбо ўказанне ў ёй няпоўных ці недакладных звестак 25 парушальнікаў прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Агульная сума накладзеных адміністрацыйных штрафаў склала 9,4 тысячы рублёў, — удакладнілі ў інспекцыі МПЗ Віцебскай вобласці.

18.04.2017
Крыніца: Хартыя 97

праваабарончыя сайты