Навіны

“Мова Нанова” з Аркадзем Жукоўскім і Алесем Дзянісавым (шмат фота)

На традыцыйнай панядзелкавай сустрэчы курсаў “Мова нанова” ў Гародні гэтым разам паважаным госцям быў вядомы у нашым горадзе празаік Аркадзь Жукоўскі. Выступаючы перад прысутнымі, паважаны творца зрабіў невялічкі экскурс у гісторыю беларускага прыгодніцкага рамана і зрабіў параўнаўчы аналіз як гэты жанр прадстаўлены у нашых суседзяў расейцаў і асабліва палякаў.

- Ідэя якую я рэалізую у сваёй творчасці вельмі простая – гэта вяртанне беларускай шляхты беларускаму чытачу. Нашы суседзі як з захаду так і ўсходу зрабілі усё магчымае, каб нас пераканаць, што шляхта не мае дачынення да беларусаў. “Мы – сялянская нацыя, курныя хаты у світках і лапцях”, дарэчы гэтыя лапці у Беларусі не былі распаўсюджаныя. Сваімі творамі я хачу разбіць гэтыя штампы. Таму, што без шляхты нацыя няпоўная, а шляхта здолела пакінуць незнішчальны след у гісторыі і культуры беларусаў. Пераважна я пішу пра часы Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, як звалася наша дзяржава у ХVII-XVIII cт. і нам трэба гэтым ганарыцца бо мы яе нашчадкі” – адзначыў Аркадзь Жукоўскі.

Пад час сустрэчы прысутныя маглі азнаёміцца з раманамі якія былі надрукаваны спосабам самвыдату і  рознымі выдавецтвамі. У прыватнасці “Галс” убачыў свет у выдавецкай ініцыятыве “Гарадзенская бібліятэка”, а з вялікай трылогіі “Прастрэлены Талер” пакуль атрымалася надрукаваць першы том за уласныя сродкі аўтара. Як заўважыў спадар Аркадзь: “Калі раман закончаны я браў і раздрукоўваў яго і рабіў кнігу, якую пасля даваў чытаць зацікаўленым асобам. Спадзяюся, што атрымаецца выдаць астатнія часткі трылогіі “Прастрэлены Талер” і яшчэ адзін мой вялікі твор пад назвай “Дыплом на царства”, у якім я апісваю падзеі у Масковіі 1612 года, зноў жа дзе галоўнымі удзельнікамі тых падзей былі беларуская шляхта і украінскія казакі”.

Апошнім акордам сустрэчы стаў міні-канцэрт знакамітага гарадзенскага музыкі, лідара гурта “Дэецюкі” Алеся Дзянісава, які спяваў свае новыя песні на вершы Уладзіміра Караткевіча.

Эдвард Дмухоўскі

 

18.04.2017

праваабарончыя сайты