Навіны

Алена Анісім: Нацыянальны ўніверсітэт усё роўна будзе…

“Згодна з маніторынгам, 21 універсітэт у Беларусі гатовы перайсці на беларускамоўнае навучанне”, – кажа дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Нагадаем, што адносна не так даўно на адной з прэс-канферэнцый Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра Нацыянальны беларускамоўны ўніверсітэт прыкладна так – “будзем абмяркоўваць”. І звярнуўся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім і Ігара Марзалюка з прапановай стаць суадносна рэктарам і прарэктарам.

РР: Ці ёсць нейкія зрухі ў гэтым накірунку?

Алена Анісім: Міністэрства адукацыі на словах быццам бы падтрымала ідэю, але не больш за тое. Зразумела, што пакуль яны нічога не будуць рабіць па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта. Што датычыцца нашага Грамадскага камітэта, то мы неўзабаве збярэмся і падсумуем тое, што ёсць. Нам людзі даюць звесткі і пра кадры, якія могуць працаваць ва ўніверсітэце, ёсць магчымасць зарэгістраваць установу. Пры гэтым многія вельмі зацікаўленыя ў ажыццяўленні ідэі, далучаюцца да працы новыя людзі з такім жа мысленнем і разуменнем таго, як усё павінна быць. Адным словам, пераходзім да практычнага рэчышча. Трэба вызначацца ўжо канкрэтна – у бліжэйшы месяц-два.

РР: Наколькі сёння важнае для грамадства пытанне стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта?

Алена Анісім: Надзвычай важнае! І пакуль яго не вырашым, яно будзе “правісаць”. Нават калі дзяржава не захоча пераводзіць нейкі ўніверсітэт на беларускамоўнае навучанне, мы ўсё роўна будзем займацца гэтым пытаннем самі.

РР: Ці ёсць з гэтай нагоды нейкая пазіцыя ў дзяржаўных чыноўнікаў? Альбо чакаюць, пакуль дадуць загад…

Алена Анісім: Адзіная пазіцыя была выказана ў Інстытуце мовазнаўства падчас Дня роднай мовы. Там было сказана, што, згодна з маніторынгам, 21 універсітэт у Беларусі гатовы перайсці на беларускамоўнае навучанне. Але далей слоў справа не ідзе, трэба ўвесь час штурхаць. Зрэшты, дзяржаўныя ВНУ пэўным чынам звязаны бюракратычнай сістэмай. А наша задача ўсё-такі, каб Нацыянальны ўніверсітэт быў новай формай, адпавядаў сучасным патрабаванням, каб там прысутнічала студэнцкая свабода.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: http://www.racyja.com/kultura/alena-anisim-natsyyanalny-universite/

20.04.2017

праваабарончыя сайты