Навіны

У Слоніме ўлада запрасіла на круглы стол прадстаўнікоў грамадскасці

Упершыню ў Слонімскім раённым выканкаме прайшоў круглы стол з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці і дэмакратычных партый. Размова пра сацыяльна-эканамічнае становішча ў раёне цягнулася тры з паловай гадзіны. У ёй узялі ўдзел раённыя ўлады, кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў, прадстаўнікі лакальнага бізнесу і  грамадскасці. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня раённай вертыкалі Алег Таргонскі.

Як кажа адзін з прысутных, слонімскі актывіст Віктар Марчык, сустрэча прынесла пэўныя вынікі, хоць і прайшла не так, як першапачаткова планавалі дэмакраты.

– Канешне, круглы стол прайшоў не так, як мы хацелі і планавалі. Не такая ў нас была дыскусія. Больш, канешне, улады расказвалі, што яны зрабілі за гэты перыяд станоўчага. Але ўсё такі ў нас была магчымасць задаць ім пытанні і была магчымасць напрыканцы сустрэчы выказацца. Ніхто нас не перабіваў і мы свае прапановы выказалі.

У прыватнасці, грамадскія актывісты прапанавалі свой план па стварэнні дадатковых працоўных месцаў у горадзе, і выказалі спадзяванне, што падобныя супольныя сустрэчы будуць арганізоўвацца і надалей. Як кажа Віктар Марчык, раённае кіраўніцтва пакуль што пагадзілася на арганізацыю падобных круглых сталоў, не выключана, што адзін раз у квартал.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: http://www.racyja.com/hramadstva/u-slonime-ulada-zaprasila-na-krugly-st/

20.04.2017

праваабарончыя сайты