Навіны

Новы палітычны калейдаскоп

Амерыканскія “тамагаўкі” паляцелі на ваенныя аб’екты сірыйскага дыктатара. І прыляцелі дакладна туды, куды і былі выпушчаныя. Рэакцыя амерыканскай ваеннай машыны на прымяненне сірыйскімі войскамі хімічнай зброі аказалася імгненнай. І не толькі ваеннай машыны. Але і палітычнай эліты таксама. Гэтым разам ніякіх эмацыйных крыкаў у шырокіх міжнародных залах, збудаваных выключна для бездапаможнага развядзення рук у бакі ўплывовымі асобамі свету і прыняцця рэзалюцый кшталту “глыбока занепакоеныя”, або “выказваем абурэнне”. Цяпер усё аказалася па-іншаму. Заклікі Крамля, што трэба зараз доўга разбірацца хто там так няўдала распарадзіўся зброяй масавага паражэння атрымалі жорсткі адказ Белага дома, што ёсць на тое дакладныя звесткі хто і як распарадзіўся той зброяй. І яны не на карысць сірыйскай улады.

Такая актыўнасць Вашынгтона надала рашучасці і яго саюзнікам. Свет змяніўся ў адно імгненне. Час трыумфу палітычных хуліганаў, якія бралі верх на міжнароднай арэне над кожнымі лагічнымі развагамі і ўгаворамі цывілізаванага свету, каб тыя не буянілі, скончыўся. Ім больш не хочуць саступаць толькі з тае прычыны, што яны палітычныя хуліганы і што толькі яны маюць права псіхаў валодаюць манаполіяй на задзірысты радыкалізм. І зразумела чаму. Хуліган толькі да тае хвіліны смелы і толькі тады трымае ў страху іншых, пакуль на даляглядзе не з’яўляецца паліцыянт. Тады ўсё становіцца на свае месцы. І тут у сілу ўступае зусім іншае правіла, якое дэкларуе, што каб слыць каралём, трэба быць каралём. Ну а калі ты не кароль, то паводзь сябе адпаведна. А то ў нос можна дастаць.

Палітычная раскладка ў свеце памянялася ў імгненне вока як пры павароце калейдаскопа. Нібыта і корпус не разваліўся, і геаметрычныя фігуры засталіся, але сталі зусім іншыя. І як не круці той калейдаскоп, ці ў той бок ці ў адваротны, былога малюнка ўжо не будзе.

Таму зараз усе сур’ёзна задумаліся, што гэтая новая раскладка нясе для іх краіны. Задумаліся і кіраўнікі таталітарных дзяржаў і іх унутраныя апаненты. З’явіліся развагі і пра Беларусь. Маўляў, такая рэзкая змена на міжнародным палітычным полі пойдзе не на карысць Беларусі. У прыватнасці, выказваюцца думкі, што расейскі кіраўнік будзе шукаць чым яму кампенсаваць тыя маральныя і рэпутацыйныя страты ў свеце, якія ён зазнаў. І як быццам бы самы просты шлях іх нечым пакрыць, гэта па-гаспадарску замацавацца на зямлі заходніх суседзяў, а то і ўвогуле на зло лютаму ворагу абвесціць Беларусь сваёй вотчынай. Балазе, глеба для гэтага падрыхтаваная даўно.

Але тут трэба проста ўспомніць, што расейскі лідар ніколі не хаваў свайго жадання далучыць Беларусь да сваёй краіны цалкам або часткамі. І каб мог, то даўно гэта зрабіў бы незалежна ад уздыму ці падзення яго рэпутацыі ў свеце. І заяўляў ён пра неабходнасць такога далучэння задоўга да таго, як праславіўся тым, што нібыта вывеў усю хімічную зброю з Сірыі і такім чынам уратаваў сірыйскага кіраўніка ад ракетнага ўдару Амерыкі.

Як аказалася, не ўратаваў, а толькі адцягнуў непазбежнае. Так і з Беларуссю. Каб мог, то даўно далучыў бы яе да бязмежных тэрыторый сваіх уладанняў. Ну а сённяшняя сітуацыя тым больш неспрыяльная для такіх дзеянняў. На фоне таго, як лідары вялікай сямёркі абмяркоўваюць увядзенне новых санкцый, а народ Расеі ўсё больш актыўна пачынае патрабаваць справядлівасці і нават зменаў, планаваць новыя авантуры гэта тое самае, што з заробкам калгасніка планаваць купіць замак у Шатляндыі. Марыць пра гэта то можна. Як гаворыцца, калі ты пра нешта марыш, дык ні ў чым сабе не адмаўляй. Але не планаваць.

Таму Расея зараз стаіць перад галоўным для яе выбарам: калі не быць разам, дык хоць не супрацьстаяць цывілізаванаму свету. А Захад не зачыняе перад ёй мажлівасці нават быць разам. У такой сітуацыі самы час задумацца як з меншымі стратамі для рэпутацыі вярнуць захопленае, а не як захапіць яшчэ.

Ну але калі Расея яшчэ мае такі выбар, то з яе постсавецкімі хаўруснікамі сітуацыя яшчэ горшая. Яны ўвогуле губляюць усялякую вагу. І патрэбу таксама.

Віктар Сазонаў


24.04.2017

праваабарончыя сайты