Навіны

Астравец нешанцавання

Была такая папулярная песенька з савецкай эксцэнтрычнай кінакамедыі – “Остров невезенья”. Жылі там на выспе няшчасныя людзі-дзікуны, якім фатальна не шанцавала. Што б яны ні рабілі – справы ішлі няўдала, наперакос і недарэчна.Наша шматпакутная Беларусь, тэрыторыя ў сярэдзіне еўрапейскага кантыненту, усё больш нагадвае такую выспу спрадвечнага нешанцавання. У той час, як многія краіны былога сацыялістычнага лагеру, некаторыя рэспублікі былога Савецкага саюзу, здабыўшы сапраўдную незалежнасць ад Масквы, развіваюцца з большай ці меншай ступенню паспяховасці, суверэнная на паперы Беларусь ніяк не можа вырвацца з лапаў “расейскага мядзведзя”. Гэты ўсходні сусед стагоддзямі вядзе агрэсію на беларускія землі і не пакідае свайго пастаяннага памкнення знішчыць наш народ.

Ужо больш трыццаці гадоў прайшло з часу страшнай Чарнобыльскай катастрофы, калі ў Беларусь бяду прынёс “мірны атам”. Значная частка тэрыторыі нашай краіны апынулася забруджанай і непрыдатнай для жыцця, дзесяткі тысяч людзей атрымалі апраменьванне рознай ступені, тысячы дзяцей нарадзілася з рознай цяжкасці і характару паталогіяй. Тады яшчэ савецкая дзяржава цынічна кінула людзей у бядзе, цэлы час хлусіла пра маштаб пагрозы. Праваднікі гэтай палітыкі выганялі людзей на першамайскую дэманстрацыю пад радыяцыйны попел у 1986-ым, гэта яны садзілі радыяактыўныя воблакі з дапамогай авіяцыі на беларускія палеткі і паселішчы. Гэта яны хавалі і хаваюць дагэтуль праўду пра страшныя наступствы таго выбуху. Гэта яны пераследавалі людзей, навукоўцаў, якія імкнуліся адкрываць праўду.

Сапраўдныя навукоўцы даводзяць, што спатрэбіцца яшчэ прынамсі 300 гадоў, каб на забруджанай тэрыторыі не засталося цэзію. А ёсць жа яшчэ і іншыя радыяактыўныя элементы. Дакладна ведама, што адны страшныя хваробы, такія як лейкемія, развіваюцца адразу пасля выбуху, іншыя ж анкалагічныя захворванні з’яўляюцца толькі пасля сарака гадоў. А гэта азначае, што наперадзе непазбежна новыя беды і трагедыі. Ужо аднаго чарнобыльскага выбуху хопіць на тысячу гадоў. Але нягледзячы на ўсё гэта, сённяшняя, нібыта беларуская дзяржава, пад кіраўніцтвам сваіх крамлёўскіх патронаў будуе новую, патэнцыйна надзвычай страшную АЭС на тэрыторыі ўнікальнай прыроднай зоны – нашай Астравеччыны. Гіганцкі праект чужой дзяржавы, якая хоча пераўтварыць Беларусь у залежную калонію. Насельнікі ж Беларусі ў сваёй бальшыні не задумваюцца над сама галоўным у іх жыцці, не думаюць пра лёс сваіх дзяцей і ўнукаў. Мясцовыя жыхары альбо баяцца выступаць супраць гэтай злачыннай будоўлі, альбо наіўна спадзяюцца, што з пабудовай АЭС узнікнуць новыя працоўныя месцы. Не іначай як віламі радыёнукліды адкідваць збіраюцца!

Якіх яшчэ знакаў трэба народу, каб усведаміць усю пагрозу новай смертаноснай АЭС на нашай зямлі!? Ужо двойчы ляснуўся гэты імпартаваны расейскі рэактар. Адзін раз яго грымнулі з вышыні аб бетон, калі вялі рэпетыцыю ўстаноўкі рэактара. Яны ж усё робяць для пазёрства, для прапаганды “светлай атамнай будучыні”. Другі раз іншы корпус рэактара сутыкнуўся пры перавозцы з металічнай апорай кантактнай сеткі. Афіцыйныя рупары запэўніваюць, што ўсё ў парадку, але веры ім няма і ня можа быць ніякай. Паколькі гэтыя дзяржаўныя медыі і прэс-цэнтры заўсёды спецыялізаваліся і практыкуюцца дагэтуль на хлусні. Нават калі яны адзін раз са ста скажуць праўду – ці могуць ім паверыць людзі, якія маюць хоць адну звіліну ў мазгах?

Пачынаючы ад Чарнобылю, разнастайная сімволіка зашкальвае нібы тая страшная радыяцыя. Пішуць, што першая аварыя на АЭС здарылася ў ЗША ў мясцовасці, назва якой азначае прыблізна “тры астравы”. У многіх у памяці катастрофа ў японскай Фукусіме. А між іншым, з японскай мовы гэта назва перакладаецца як “Востраў шчасця”. Астравец у гэты семантычны шэраг кладзецца асабліва злавесна. Ведама ж, што сучасныя атамныя станцыі па магутнасці ў многія разы пераўзыходзяць даўнія, такія як чарнобыльская. І ранейшая прымаўка “Астравец – свету канец”, якая тлумачылася як аддаленае ад цэнтраў месца, набывае зусім іншы, вельмі змрочны сэнс.  

Уладзімір Хільмановіч

27.04.2017

праваабарончыя сайты