Навіны

Лукашэнка вярнуў плату за ўезд у памежную зону, падвоіў яе і зьмяніў назву

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 132 «Аб зьмене ўказаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», паводле якога ўводзіцца плата за наведваньне памежнай зоны.

Дзяржаўны збор за ўезд у памежную зону быў скасаваны ад 1 студзеня 2017 году. Цяпер плата вяртаецца, але пад іншай назвай: уводзіцца плата дзяржаўнага збору за выдачу пропускаў у памежную зону. Плаціць трэба і грамадзянам Беларусі, і іншаземцам.

Плаціць ня трэба тым, хто ў памежнай зоне выконвае службовыя абавязкі, наведвае месцы пахаваньня родзічаў, мае там нерухомасьць, хто наведвае сваякоў-памежнікаў, а таксама дзецям да 14 гадоў і «ўдзельнікам вайны» (цытата паводле афіцыйнага камэнтару на сайце president.gov.by — поўны тэкст указу пакуль не апублікаваны ў адкрытым доступе).

Паводле ранейшага паведамленьня памежнага камітэту, стаўка збору за выдачу пропуску мае скласьці 0,4 базавай велічыні (9 рублёў 20 капеек на момант публікацыі), пропуск будзе дзейнічаць 2 гады. Раней памер платы за ўезд складаў 0,2 базавай велічыні.

27.04.2017
Крыніца: Радыё Свабода

праваабарончыя сайты