Навіны

Расейская кампанія выставіла прэтэнзіі Лукашэнку на $200 мільёнаў

Страты ў форме ўпушчанай выгады ацэненыя на $171 мільён, «экспрапрыяцыя камунальнага аб'екта» - на амаль $37 мільёнаў.

Маскоўская кампанія «Маноліум працэсінг» мае намер праз міжнародны суд спагнаць з Беларусі больш за 200 млн даляраў, калі за 6 месяцаў бакам не ўдасца дамовіцца аб сусветным урэгуляванні спрэчкі. Пра гэта tut.by распавялі інфармаваныя суразмоўцы.

Паводле інфармацыі крыніц, на мінулым тыдні расейская кампанія, якая больш за 10 гадоў таму збіралася на месцы тралейбуснага дэпо ў цэнтры Менска ўзвесці элітны комплекс, накіравала ўладам Беларусі даарбітражнае паведамленне, якое дае магчымасць кіраўніцтву краіны цягам паўгода знайсці развязанне ўзніклай праблемы і не даводзіць да пазову на суму звыш 200 млн даляраў. Як вынікае з дакумента, страты ў форме ўпушчанай выгады ацэненыя на 171 млн даляраў, «экспрапрыяцыя камунальнага аб'екта» - амаль на 37 млн даляраў.

У падліку сумы ўрону, прычыненага расейскай кампаніі, брала ўдзел вядомая ангельская кампанія-ацэншчыца Navigant. Ацэнка страт была праведзеная паводле стану на 31 сакавіка 2017 года і можа быць змененая на наступных стадыях перамоў паміж інвестарам і ўладамі Беларусі, вынікае з дакумента.

«Інвестар запрашае Рэспубліку Беларусь уступіць у перамовы і ўжываць захады для ўрэгулявання спрэчкі цягам 6 месяцаў, як гэта прадугледжана Дамовай аб Еўразійскім эканамічным саюзе», - цытуюць даарбітражнае паведамленне крыніцы.

«Рэспубліка Беларусь экспрапрыявалаь інвестыцыі і абавязана выплаціць інвестару хуткую і адэкватную кампенсацыю за гэта сумай рынкавага кошту інвестыцый», - гаворыцца ў высновах юрыдычнай кампаніі Baker&McKenzie, якая дзейнічае ў інтарэсах «Маноліум працэсінгу». Паколькі кампенсацыя не выплачаная, то на гэтую суму падлягаюць налічэнні адсоткаў «паводле стаўкі нацыянальнага міжбанкаўскага рынку ў фактычна выдадзеных крэдытах у далярах ЗША тэрмінам да 6 месяцаў, але не ніжэй за стаўку LIBOR».

Нагадаем, у 2003 годзе маскоўская «Маноліум працэсінг» бізнэсмэна Арама Екавяна і ягонага партнёра Андрэя Далгова перамагла ў тэндэры на забудову пляцоўкі ў межах вуліц Машэрава (былая Варвашэні), Чырвонай і Кісялёва, дзе размяшчалася тралейбуснае дэпо №1. Меркавалася, што на гэтым месцы інвестар пабудуе элітнае жыллё, 5-зоркавы гатэль і бізнэс-цэнтр на агульную суму 500 млн даляраў. Каб атрымаць пляц пад забудову, бізнэсоўцы пагадзіліся выдаткаваць 15 млн даляраў на новае тралейбуснае дэпо ва Уруччы і пералічыць 1 млн даляраў на будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі. Аднак будаўніцтва ў цэнтры горада так і не пачалося. А вось будынак новага дэпо быў дабудаваны.

У выніку апошнія некалькі гадоў інвестар і ўлады Менска высвятлялі справу ў судах і вышэйшых інстанцыях. Інвестар жадаў атрымаць укладзеныя ва Уруччы рэсурсы, раз інвестдамова з ім была скасаваная ў 2014 годзе. Але дзяржава налічыла штрафныя санкцыі, якія кампенсавалі выдаткі на будаўніцтва новага дэпо. Горад стаў намагаць на бязвыплатнай перадачы дэпо, бо інвестар самавольна займае зямельны надзел плошчай 8 га, бо права часовага карыстання ім ужо скончылася.

У выніку на пастанову судовых інстанцый усе дамовы з інвестарам былі скасаваныя, а дэпо на загад кіраўніка дзяржавы перададзенае гораду, паведаміў у сакавіку высокапастаўлены чыноўнік. Цяпер аб'ект знаходзіцца на балансе «Мінсктранса». Мэр Менска Андрэй Шорац сказаў, што дэпо варта перапраектоўваць. Што тычыцца пустуючай пляцоўкі на Машэрава, то цяпер распрацоўваецца архітэктурная канцэпцыя. Ужо вызначана, што гэта будзе жылая забудова. Плануецца, што заказчыкам праекта выступіць дзяржаб'яднанне «Мінскбуд».

Як стала вядома, даарбітражнае паведамленне накіраванае не толькі ў Менгарвыканкам, а таксама ў савет міністраў і адміністрацыю Лукашэнкі. У Менгарвыканкаме адмовіліся ад каментароў. У іншых структурах атрымаць каментар не ўдалося. Крыніца, блізкая да перамоваў, сказала, што беларускі бок зацікаўлены ў мірным урэгуляванні спрэчкі. Андрэя Далгова будуць «радыя бачыць у Беларусі». «Ці гатовыя правесці рэвізію ўсіх праектаў, да якіх ён меў дачыненне, - ад завода да аб'екта прыдарожнага сэрвісу пад Менскам», - сказаў суразмоўца.

Паводле інфармацыі нашых крыніц, «Маноліум працэсінг» рыхтуе яшчэ два пазовы да Беларусі. Фігурантам аднаго з іх таксама з'яўляецца Менгарвыканкам, з падачы якога судовымі інстанцыямі ў кампаніі «Тэкстур» быў экспрапрыяваны аб'ект па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 24 а, які належыць ёй на праве прыватнай уласнасці. Меркаваная сума пазову - 36,7 млн даляраў.

Андрэй Далгоў быў недаступны для каментароў. У Baker&McKenzie не адказалі на запыт.

03.05.2017
Крыніца: Хартыя 97

праваабарончыя сайты