Навіны

Ланцугі і абцугі

Сёлетняя вясна выдалася ў Беларусі надзвычай дэпрэсіўнай і рэпрэсіўнай. Стужка навін з дня ў дзень стракаціць новымі адміністрацыйнымі затрыманнямі, арыштамі, штрафамі. Нейкая бясконцая чарада пераследу, жалезныя абцугі дзяржавы, якая валачэ найбольш сумленных і неабыякавых людзей краіны ў свае прафанацыйныя суды, пастарункі, казематы, засценкі і турмы. Дзікае паляванне на людзей было запланавана ў высокіх кабінетах і абвешчана галоўнымі ідэолагамі дзяржавы. Сярод такіх і асоба Генадзя Давыдзькі, старшыні Белтэлерадыёкампаніі. Менавіта ён параўнаў іншадумцаў і палітычных апанентаў улады РБ з прусакамі. А што трэба рабіць з тараканамі – канешне душыць іх. Хвалі рэпрэсій папярэднічалі менавіта такія абразы чалавечай годнасці. Па нармальнаму на гэтага дзяржаўнага чыноўніка павінна была быць пачатая крымінальная справа за абразу людзей і распальванне варожасці. Але крымінальныя справы ў Беларусі заводзяць зусім на іншых людзей, на патрыётаў, якія нічым не парушылі закон. І цяпер амаль два дзясяткі чалавек – маладых адукаваных хлопцаў – сядзяць у турме пад следствам па абсурдным абвінавачванні ў стварэнні незаконна ўзброеных фармаванняў. Калечанне іх лёсаў на сумленні ўсіх гэтых прапагандыстаў і дзяржаўных ідэолагаў. Гэта з іх падачы шукаюць чорнага ката, там дзе яго ніколі не было. Толькі сабаку, вядома, прасцей – у час калі гандаль кругом. Збрэша разок, нажарэцца касцей – кожны сваім даражыць ланцугом.

З прычыны агульнай змрочнай сітуацыі яшчэ больш агідна чытаць і слухаць тых людзей, што нібыта дэкляруюць прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям, але якія, як вялікія разумнікі, працягваюць бэсціць і лаяць беларускую апазіцыю. Гэтыя “вялікія разумнікі” нават не разумеюць, што сістэмнай апазіцыі ў дзяржаве, дзе закручаны ўсе гайкі, ужо не засталося і не можа быць. Што пры агульнай, дастаткова вялікай, непрымальнасці людзьмі гэтага рэжыму і яго дзеянняў, на паверхні актыўнага ці нават дэкляратыўнага супраціву засталіся толькі адзінкавыя змагары-дысідэнты, нейкія дэмакратычныя групоўкі, адраджэнскія нацыянальныя клубы і асяродкі, якіх таксама паслядоўна “зачышчаюць”. А тое, што ў Беларусі шмат ахвярных, патрыятычных і сапраўды духоўных і нават гераічных лідараў – не выклікае ніякіх сумневаў. Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, спіс можна доўжыць – няўжо сярод нармальных людзей знойдзецца нехта, хто пачне і ў іх кідаць камяні. Безумоўна, не. А крыкуны і тыя, хто спалохаўся пры першай жа рэпрэсіі ў дачыненні да іх, працягваюць скуголіць і выліваць балеі памыяў на галовы няшчаснай апазіцыі, якая нібы вінаватая ва ўсім.

Больш даспадобы мне людзі, якія спрабуюць прапанаваць нешта канкрэтнае, нейкую альтэрнатыву. Нядаўна адна з такіх праграмаў была прэзентаваная шырокаму колу. Распрацаваная яна камандай лідара даўняй нацыянальнай апазіцыі Зянона Пазьняка і называецца Народная праграма “Вольная Беларусь”. Тут, праўда, іншая бяда. Усё б добра, толькі праграма гэтая арыентаваная на развіццё Беларусі пасля змены рэжыму. Бяда ж у тым, што ніхто не можа прапанаваць дэталёвага плану самой змены рэжыму. Нават на паперы цяжка распрацаваць і прыдумаць нейкі пазітыўны сцэнар пераменаў у сённяшняй Беларусі. Сваё бачанне ў фэйсбуку прадставіў іншы, больш малады беларускі эмігрант – Юрась Зянковіч. Калі каротка – сутнасць яго прапановаў палягае ў тым, што людзі павінны перастаць спадзявацца на ранейшую апазіцыю, а мусяць самы прыходзіць у яе і фінансаваць складкамі палітычных лідараў, з якіх можна будзе патрабаваць пасля справаздачы і канкрэтных вынікаў працы. Толькі план гэты таксама хутчэй адарваны ад рэальнасці і файны толькі на паперы. Як яго практычна ўвасобіць у жыццё – таксама ніхто не ведае.

Беларусь зараз, нібы карабель, які сарвала з якарных ланцугоў і панесла ў адкрытае бурлівае мора. Ці возьме штурвал у свае рукі нейкая разумная галава – застаецца толькі спадзявацца. Патоне гэты карабель, ці яго вынесе і выкіне ветрам на нейкі бераг – ніхто, на жаль, не ведае.

 

Уладзімір Хільмановіч 

11.05.2017

праваабарончыя сайты