Навіны

У Зэльве падатковая інспэкцыя патрабуе з чалавека грошы за 10 гадоў беспрацоўя

Каб дамагчыся выплаты падатку за даходы, якія жыхар Зэльвы Аляксандар Лінкевіч не прызнае, падатковая інспэкцыя хоча пазбавіць яго правоў кіроўцы і права выезду за мяжу.

Зэльвенскі раённы суд не задаволіў пазоў Зэльвенскай раённай падатковай інспэкцыі да мясцовага жыхара Аляксандра Лінкевіча з тым, каб пазбавіць яго правоў на кіраваньне аўтамабілем і права выезду за мяжу за тое, што ён, быўшы беспрацоўным, нібыта ня выплаціў падаткаў на даходы за амаль дзесяцігодзьдзе.

Суд прапанаваў падатковай шукаць іншыя шляхі спагнаньня запазычанасьці. Аляксандар Лінкевіч цяпер будзе сам падаваць у суд на падатковую інспэкцыю.

Аляксандар Лінкевіч распавёў Свабодзе, што каля 10 гадоў ня меў сталай працы, хоць меў спэцыяльнасьць сьлесара мэханазборачных работ. Да гэтага працаваў, дзе толькі ўдавалася: на будоўлі і ў калгасе, а пазьней жыў зь сям’ёю пераважна з выпадковых заробкаў, кажа Лінкевіч:

Думаеце, гэта добра вось так жыць? Але так сёньня жыве палова краіны, калі грошы даюць бацькі альбо дзед з бабаю за свае пэнсіі ўтрымліваюць. Я не вінаваты ў тым, што няма працы, няма дзе ўладкавацца.

— Мне няма чаго ўтойваць, паколькі дапамагалі мае бацькі і жончына маці. Думаеце, гэта добра вось так жыць? Але так сёньня жыве палова краіны, калі грошы даюць бацькі альбо дзед з бабаю за свае пэнсіі ўтрымліваюць. Я не вінаваты ў тым, што няма працы, няма дзе ўладкавацца. Заводы стаяць, а заробкі такія, што сям’ю не ўтрымаць. І красьці я не пайшоў.

Апошнія 3 месяцы Лінкевіч афіцыйна ўладкаваўся на працу ў Польшчы, плаціць там падаткі, у вольны час прыяжджае да сям’і ў Зэльву. Сёлета яго выклікалі ў раённую падатковую інспэкцыю і папрасілі запоўніць дэклярацыю.

Дэклярацыю спадар Лінкевіч запоўніў, пісаў, што на ўтрыманьне яго і ягонай сям’і грошы пэўны пэрыяд часу давалі альбо ягоныя бацькі, альбо цешча.

У падатковай, аднак, выявілі, што Лінкевіч на працягу пэўнага часу езьдзіў у Польшчу, а значыць, запраўляў аўта, купляў рэчы, якія заносіліся на мяжы ў кампутар, а потым былі перададзеныя ў падатковую. У выніку атрымалася, што ягоныя расходы перавысілі даходы паводле складзенай дэклярацыі.

Я прасіў, каб падатковая прадаставіла мне доказы таго, што менавіта я аплочваў гэтыя расходы. Такіх доказаў мне ніхто ня даў.

— Але ж я падаткавікоў пытаюся: адкуль вы ўзялі, што калі я езьдзіў у Польшчу, то запраўляў бак за свае грошы? Чаму вы палічылі гэта за мае расходы? Побач сядзеў ці мой бацька, ці мая цешча, і яны запраўлялі аўта за свой кошт. Я прасіў, каб падатковая прадаставіла мне доказы таго, што менавіта я аплочваў гэтыя расходы. Такіх доказаў мне ніхто ня даў.

Лінкевіч, у сваю чаргу, запатрабаваў, каб падатковая паказала яму камэральны акт, дзе б памесячна было расьпісана, якія даходы ён меў, бо ў адваротным выпадку яму прапаноўваюць плаціць за тыя даходы, якіх ён ня меў наагул.

Начальнік падатковай інспэкцыі Зэльвенскага раёну Сьвятлана Панасік патлумачыла Свабодзе, што камэральны акт не складаецца паводле дэклярацыі аб даходах і маёмасьці:

— Робіцца разьлік на падставе складзенай ім самім дэклярацыі, і спадару Лінкевічу гэта не адзін раз тлумачылі, і нават у пісьмовым выглядзе. Ды і ён сам запоўніў сваю дэклярацыю, у падатковай зрабілі разьлік, і атрымалася пэўная сума.

У адным зь лістоў з падатковай інспэкцыі Лінкевічу тлумачаць, што да расходаў фізычнай асобы залічваюцца расходы ў памеры пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Маўляў, дзяржава вызначыла неабходную для захаваньня здароўя чалавека колькасьць харчоў, нехарчовых тавараў і паслуг, што ў выніку складае пражытковы мінімум у краіне. І вось, маўляў, сума, якая перавышае даходы над расходамі, і зьяўляецца падатковай базай для налічэньня падаходнага падатку. На што Лінкевіч адказвае наступным чынам:

Тое, што дзяржава прыняла за пражытковы мінімум, не заўсёды было ў маёй сям’і. Прыняць то яны прынялі, але хто даў мне і маёй сям’і гэты пражытковы мінімум?

— Тое, што дзяржава прыняла за пражытковы мінімум, не заўсёды было ў маёй сям’і. Прыняць то яны прынялі, але хто даў мне і маёй сям’і гэты пражытковы мінімум? Мы нават і даходу такога на кожнага сямейніка ня мелі, а мне налічылі, што расходы перавышаюць даходы.

Зыходзячы з дэклярацыі, Лінкевічу першапачаткова налічылі каля 1 тысячы рублёў недаплачаных падаткаў у бюджэт. Пасьля таго, як ён здолеў сабраць дадатковыя дакумэнты, сума падатку зьменшылася да 700 рублёў. І на падставе таго, што падатак не заплочаны, інспэкцыя выступіла з пазовам у суд, каб пазбавіць Лінкевіча права на кіраваньне аўтамабілем, а таксама права на выезд за мяжу.

Праўда, рашэньне Зэльвенскага раённага суду прагучала не на карысьць падатковай інспэкцыі. Суд прапанаваў падаткавікам шукаць іншыя шляхі спагнаньня недаплочаных падаткаў.

Лінкевіч настойвае на тым, што нічога не павінен плаціць дзяржаве. Паводле яго, падатковая павінна прызнаць, што бяздоказна налічыла суму на даходы, якіх ён насамрэч ня меў. З гэтае прычыны Лінкевіч зьбіраецца падаваць у суд на інспэкцыю.

Падатковая інспэкцыя хоча, каб я заплаціў падаткі з тых даходаў, якіх ня меў. Яны не паказалі мне камэральнага акту, ім дастаткова напісаць паперу, ні на што не спасылаючыся.

— Мне крыўдна за ўсё гэта, паколькі я столькі гадоў без нармальнай працы і ніхто ні разу нічога не прапанаваў. Калі было цяжка, то дзяржава ад мяне адвярнулася, нават ніхто не пацікавіўся, як я гадую сваіх дзяцей, дзе і за што жыву. А цяпер раптам у мяне знайшлі недаплочаныя падаткі. Падатковая інспэкцыя хоча, каб я заплаціў падаткі з тых даходаў, якіх ня меў. Яны не паказалі мне камэральнага акту, ім дастаткова напісаць паперу, ні на што не спасылаючыся. Але так немагчыма, у нас яшчэ ёсьць права і суды. Буду змагацца.

16.05.2017

праваабарончыя сайты