Навіны

Пуцін дазволіў ФСБ адбіраць землі

Кіраўнік РФ падпісаў указ, які дазваляе ФСБ адбіраць зямельныя надзелы для дзяржаўных патрэб.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін надзяліў Федэральную службу бяспекі (ФСБ) правам адбіраць зямельныя надзелы для дзяржаўных патрэб. Адпаведны ўказ апублікаваны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі, піша РБК.

У адпаведнасці з указам змены ўносяцца ў палажэнне аб ФСБ Расеі, зацверджанае ўказам прэзідэнта краіны ад 11 жніўня 2003 года №960. «Унесці... змены, дапоўніўшы пункт 9 падпунктам 73 наступнага зместу: прымае ў межах сваіх паўнамоцтваў пастановы аб канфіскацыі зямельных надзелаў і (або) размешчаных на іх аб'ектаў нерухомай маёмасці для дзяржаўных патрэб Расейскай Федэрацыі», - гаворыцца ў дакуменце.

З яго таксама вынікае, што рэалізацыя ўказа не запатрабуе павелічэння штатнай колькасці вайскоўцаў і грамадзянскага персаналу органаў ФСБ ці вылучэнні дадатковых сродкаў з федэральнага бюджэту.

ФСБ папрасіла надзяліць яе правам канфіскоўваць землі ў канцы жніўня 2016 года. У спецслужбе адзначалі, што новыя паўнамоцтвы дазволяць ёй «напоўніцу забяспечыць развязанне задач, ускладзеных на ФСБ Расеі дзейным заканадаўствам і цалкам адпавядаюць арт.49 [Зямельнага кодэкса]».

Гэтым артыкулам устаноўлена, што адабранне зямель для дзяржаўных патрэб можа ажыццяўляцца ў выключных выпадках, звязаных з выкананнем міжнародных дамоваў, будаўніцтвам, рэканструкцыяй аб'ектаў дзяржаўнага і мясцовага значэння, а таксама на iншых падставах, устаноўленых федэральнымі законамі.

У тлумачальнай запісцы да праекту ўказа, падрыхтаванага ФСБ, гаварылася, што права адбіраць землі патрэбнае спецслужбе для гарантавання бяспекі ў зонах з асаблівымі ўмовамі выкарыстання тэрыторый і паблізу дзяржаўных межаў.

Раней з аналагічнай просьбай выступіла Федэральная служба аховы (ФСА) Расеі. У канцы сакавіка 2017 года Пуцін падпісаў указ аб надзяленні структуры правам канфіскоўваць землі для дзяржпатрэб. Да гэтага служба магла толькі бестэрмінова карыстацца зямельнымі надзеламі.

 

 

16.05.2017

праваабарончыя сайты