Навіны

Урад Беларусі адрэагаваў на зварот Мікалая Уласевіча ў КПЧ ААН (дакумент)

Камітэт ААН па правах чалавека працягвае прыцэдуру разгляду скаргі грамадскага актывіста з Астравеччыны Мікалая Уласевіча.
Як вядома, падчас мінулагодніх выбараў ён быў кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Падчас выбарчай кампаніі паспрабаваў выкарыстаць сваё права выступіць на дзяржаўным тэлебачанні і размясціць ў дзяржаўнай раённай газеце «Астравецкая праўда» перадвыбарчую праграму.  Але як абласная тэлерадыёкампанія, так і рэдакцыя раённай газеты «Астравецкая праўда» адмовілі ў прадстаўленні тэлеэфіру і друку праграмы. Пры гэтым спаслаліся на тое, што ў тэлевыступе і праграме Мікалаая Уласевіча ўтрымліваліся як быццам бяздоказныя сцвярджэнні, што іншы кандыдат у дэпутаты па  выбарчай акрузе Адам Кавалько  раней здзяйсняў злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці.

У верасні 2016 г. Мікалай Уласевіч абскардзіў дзеянні тэлерадыёкампаніі і рэдакцыі ў суд Астравецкага раёна. Але той не прыняў да разгляду скаргу, бо, па меркаванні суда, такія скаргі паводле Выбарчага кодэкса не падлягаюць разгляду ў судзе – гэта кампетэнцыя Цэнтральнай і акруговай выбарчых выбарчых камісій. Адхілілі скаргі Уласевіча на дзеянні раённага суда як абласны, так і Вярхоўны суд. Таму Мікалай Уласевіч мусіў звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека  на той падставе, што яму Рэспубліка Беларусь не забяспечыла судовы разгляд скаргі на дзеянні тэлерадыёкампаніі і рэдакцыі газеты, а таксама парушыла яго права на распаўсюд інфармацыі.

Паводле працэдуры разгляду Камітэт даў магчымасць выказацца па справе Ураду Рэспублікі Беларусь. На гэтай падставе прадстаўніцтва Беларусі ў ААН за №02-05/508 прадставіла свае пярэчанні.

У пярэчаннях адзначаецца, што артыкулам 74 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжаны пазасудовы парадак абскарджання парушэння права кандыдата ў дэпутаты на выступы па дзяржаўным тэлебачанні, радыё, у друку. І падкрэсліваецца, што адсутнасць у Выбарчым кодэксе судовага парадку абскарджання парушэння дадзеных правоў абумоўлена сціснутымі тэрмінамі этапаў выбарчых кампаній і неабходнасцю аператыўнага спрошчанага парадку разгляду скарг па пытаннях, якія непасрэдна не ўплываюць на ход і вынікі выбараў.

Урад таксама мяркуе, што Мікалай Уласевіч не выкарыстаў усе ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны: не звярнуўся на імя старшыні Вярхоўнага суда і не выкарыстаў магчымасць абскарджання па лініі органаў пракуратуры, якая аказвае як быццам эфектыўную дапамогу.

Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў, каментуючы пазіцыю Рэспублікі Беларусь, адзначае:

 - Як кажуць, тонучы Урад хапаецца за саломінку. Зразумела, што зрыў агітацыйнай кампаніі кандыдата ў выглядзе пазбаўлення магчымасці давесці да выбаршчыкаў сваю пазіцыю на тэлебачанні і СМІ  практычна не пакідае шанцаў на абранне чалавеку, які не займае кіруючых пасад у рэгіёне, а таму малавядомаму. Адсутнасць жа  магчымасці абскарджваць у суд дзеянні рэдакцый дзяржаўных СМІ ў дадзеных сітуацыях робіць апазіцыйнага кандыдата безабаронным, бо акруговыя і Цэнтральная выбарчая камісія, куды ён можа скардзіцца, па складу фактычна падкантрольныя існуючай уладзе, а таму такога кандыдата не абароняць. Відавочна, калі Камітэт ААН па правах чалавека падтрымае пазіцыю Мікалая Уласевіча, то адпаведныя органы мусяць ініцыяваць змяненні ў артыкул 74 Выбарчага кодэкса. А што тычыцца мяркуемага Урадам невыкарыстання Мікалаем Уласевічам усіх унутраных сродкаў правававой абароны, то на гэта адкажу пытаннямі да Урада: а ці можна назваць эфектыўнай беларускую судовую абарону чалавека, калі раённы, дзве інстанцыі абласнога і адна Вярхоўнага суда не задаволілі скаргі Мікалая Уласевіча? Гэта суд ці бюракратычная карусель?
       

 

17.05.2017

праваабарончыя сайты