Навіны

Тры адказы на зварот Вадзіма Саранчукова

Старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў атрымаў адказ на свой зварот у Гродзенскую абласную пракуратуру, у якім ён звяртаў увагу на шматлікія парушэнні грамадзянскіх правоў у дачыненні да сябе і ягоных родных, якія, на яго думку, здзейсніла гарадзенская тэлерадыёкампанія ў прапагандысцкім фільме “Марш в никуда”. На сённяшні дзень абласная пракуратура зварот пераслала ў гарадскую пракуратуру, а тая ў абласное ўпраўленне ўнутраных спраў. Адпаведна, абласны УУС пераслаў у Ленінскі РАУС, у дадатак абласная пракуратура накіравала зварот у Тэлерадыёкампнію Гродна.  Тут, як кажуць, без сто грам не разбярэшся. Паўстае сапраўдная павуціна. Але як бы там не было, у адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам цягам аднаго месяца з моманту звароту Вадзім Саранчукоў павінен атрымаць матываваны адказ на свой зварот у абласную пракуратуру. Выглядае на тое, што ніводная з інстанцый не хоча разбіраць справу па сутнасці, жадаючы яе спіхнуць на ніжэйшыя органы.

Каментуючы дадзеную сітуацыю Вадзім Саранчукоў адзначыў: “Я чакаю, што згодна з дзеючым заканадаўствам атрымаю матываваны адказ на свой зварот з абласной пракуратуры, дзе я ясна выклаў сваю пазіцыю і прэтэнзіі да Гарадзенскай радыёкампаніі. Відавочна, што на дадзены момант пракуратура ўхіляецца ад выканання правоў і законных інтарэсаў грамадзян, скідаючы маю справу па калідорах ніжэйстаячых інстанцый. Думаю, што гэтую справу хочуць традыцыйна забалбатаць, зацягваючы час, каб прыдумаць чарговую адпіску”.

Нагадаем, што пасля масавых пратэстаў у Гародні, звязаных з сумнавядомым прэзідэнцкім Дэкрэтам № 3 аб так званых “дармаедах”, гарадзенская тэлерадыёкампанія паказала прапагандысцкі  фільм “Марш в никуда”, у якім былі парушаны асабістыя правы гарадзенскіх дэмакратычных актывістаў у выглядзе шматлікіх абразаў.

17.05.2017

праваабарончыя сайты