Навіны

Помнік Льву Сапегу ўстановяць паміж танкам Т-34 і Леніным

Сёлета ў Слоніме нарэшце будзе ўстаноўлены і адкрыты помнік былому слонімскаму старосце, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу (1557-1633). Пра гэта ішла гутарка на апошнім пасяджэнні Слонімскага райвыканкама. Помнік канцлеру будзе ўстаноўлены ў цэнтры Слоніма ў скверыку на Першамайскай вуліцы. У гэтым невялікім скверыку ўжо стаіць помнік-танк з аднаго боку, а з другога — помнік Леніну, які паказвае рукой на Спаса-Прэабражэнскі сабор. Паміж імі будзе ўстаноўлены і помнік Льву Сапегу.

На думку слонімскіх мастакоў, для такога невялікага скверыка тры помнікі ў адным месцы — гэта неабдуманы і безгустоўны крок слонімскіх архітэктараў. Помнік павінен быць пастаўлены ў зусім іншым месцы, але не побач з помнікам-танкам Т-34 і вялікім помнікам Леніна.

 Але ўжо прынятае рашэнне, і адпаведныя службы прыступілі да рэалізацыі арганізацыйных мерапрыемстваў па ўстаноўцы помніка.

Нагадаем, што помнік Льву Сапегу ў Слоніме мяркуюць паставіць ужо каля 20 гадоў. І праект помніка ёсць, але заўсёды не хапала фінансаў на сам помнік, які пагадзіўся зрабіць Народны мастак Беларусі Іван Міско, які родам са Слонімшчыны. Магчыма, сёлета слонімцы яго нарэшце дачакаюцца. Пры Льву Сапегу Слонім стаў культурным, прамысловым і палітычным месцам. Побач з замкам на беразе Шчары канцлер Сапега ўзвёў мураваны палац, дзе са студзеня 1597 года праходзілі генеральныя сеймікі Вялікага княства Літоўскага. У слонімскім замку знаходзілася і добрая бібліятэка, архіў, творы мастацтва. Леў Сапега добраўпарадкаваў у Слоніме вуліцы, масты, дарогі, пабудаваў шмат аўстэрый. Ён адкрыў новыя кірмашы, прамысловыя мануфактуры, будаваў адміністратыўныя і гаспадарчыя будынкі.

Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Чытай больш на: http://www.racyja.com/hramadstva/pomnik-lvu-sapegu-ustanovyats-pamizh-t/

18.05.2017

праваабарончыя сайты