Навіны

Імідж краіны

Доўгатэрміновая пазітыўная рэпутацыя краіны здабываецца дзесяцігоддзямі альбо нават стагоддзямі. Для гэтага трэба паспяхова развіваць эканоміку, мець устойлівую дэмакратычную палітычную сістэму, незалежную судовую ўладу, забяспечваць правы чалавека, старанна выбудоўваць дыпламатычныя дачыненні з іншымі дзяржавамі. І шмат чаго іншага. Кароткачасовы ж імідж дзяржаве ствараюць разнастайныя культурніцкія ці спартовыя праявы. Беларусь прэзентавалася апошні тыдзень на двух форумах: штогадовым чэмпіянаце свету па хакеі і таксама штогадовым песенным конкурсе Еўрабачання.

На пачатку пра хакей. Зборная Беларусі з году ў год выступае ў вышэйшым дывізіёне, але аніводнага разу за апошнія дзесяць год не здолела здзейсніць нейкае падабенства сенсацыі, так як гэта было на алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці, калі яна выйшла ў паўфінал турніру. Мяняюцца трэнеры, мяняюцца гульцы, а комплекс няўдачніка і лузера застаецца. Зрэшты, калі аналізаваць глыбей і казаць аб’ектыўна, месцы з 10-га па 14-е сярод мацнейшых дружын свету – гэта заканамерна нашы. Мала набудаваць лёдавых палацаў і кідаць грошы на развіццё аднаго клуба ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Патрэбная яшчэ развітая інфраструктура, выбудаваная піраміда спорту ад дзіцячага праз юнацкі і моладзевы да дарослага. А хакей не такі танны від спорту, асабліва ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі. Але замест укладанняў у дзіцячы спорт, штогод праводзяцца даражэзныя калядныя шоў з удзелам галоўнага хакеіста дзяржавы, які дзеля задавальнення сваіх нерэалізаваных амбіцый не шкадуе выдаткаў, іншыя прапагандысцкія акцыі. А за гэтыя, на вецер выкінутыя сродкі, можна было б, прыкладам, істотна падвысіць заробкі тым жа дзіцячым трэнерам. Многія людзі разумеюць сітуацыю вакол беларускага хакею і прапаганды, якая штогод лопаецца як мыльная бурбалка. Дэкляруецца, што нібыта амаль едзем па медалі – а ў выніку ледзь захоўваем прапіску ў вышэйшым дывізіёне. І антураж такі, што многія ўжо не хочуць заўзець за хакейную зборную – чужая аляпаватая сімволіка, швэдары гульцоў з напісамі прозвішчаў лацінкай па-расейску, камедыйная, відавочна арганізаваная ідэолагамі і праплачаная з дзяржаўнай кішэні група падтрымкі, напэўна з ліку цяперашніх камсамольцаў. У Парыжы, дзе праходзіць чэмпіянат, сярод заўзятараў беларускай каманды можа было ўбачыць і недарэчныя для хакею саламяныя капелюшы і нават сцяг СССР. Тыпу “у хакеі мы тожа рускія, толька са знакам другова качаства”. А ў выніку як заўсёды – пшык і чарговыя маланкі з боку Зеўса-дзяржаўца – маўляў зноў усё карэнным чынам перабудуем. І як заўсёды вінаватыя ўсе, акрамя галоўнага хакеіста – кіраўніка ўсім спортам.

А вось удзел беларусаў у Еўрабачанні на гэты раз сапраўды парадаваў, хоць і пакінуў пэўны прысмак незадаволенасці выніковым 17-ым месцам. Упершыню Беларусь была прадстаўлена песняй на роднай мове, што выклікала прыліў заўзення ў многіх, нават тых, хто ніколі гэты конкурс раней не глядзеў. Асабіста я невялікі знаўца, а тым больш не аматар поп-музыкі, але мне падаецца кампазіцыя нашага дуэта Naviband была ўзорнай у сэнсе адпаведнасці ранейшаму фармату Еўрабачання. Проста традыцыяналізм і гетэрасексуальнасць зараз у Еўропе, як кажуць сучаснай мовай, не ў трэндзе. А галасаванне, асабліва выбар так званых прафесійных журы, заўсёды надзвычай палітызаванае. Таму, прыкладам, калі Азербайджан аддаў Беларусі максімальныя 12 балаў, Арменія не дала аніводнага пункту. Характэрна і “ўзаемнасць” з Украінай – калі журы нашага паўднёвага суседа дало беларусам максімум, то афіцыёзнікі РБ украінцам – нуль. Можа гэта дасць разуменне некаторым украінцам пра сапраўднае стаўленне ўладаў Беларусі да Ўкраіны!? Затое балгарскі спявак, за якога выступала Расея, прадказальна атрымаў ад беларускага журы 12 пунктаў. Сама Расея з палітычных прычын не выступала ў конкурсе ўвогуле, але на рэпутацыю конкурсу старалася ўплываць максімальна. Зразумела ў які бок. Але толькі яшчэ больш умацавала свой негатыўны імідж. Беларуская ж прысутнасць на Еўрабачанні была пазітыўнай і аптымістычнай.   

Уладзімір Хільмановіч

18.05.2017

праваабарончыя сайты