Навіны

115 гадоў з дня нараджэння Язэпа Пушчы

Беларускі паэт, крытык, перакладчык Язэп Пушча (сапраўднае прозвішча Іосіф Плашчынскі) нарадзіўся 20 траўня 1902 года ў вёсцы Каралішчавічы Мінскага павету (цяпер Мінскі раён). Паходзіў з сялянскай сям’і, бацькі Павел і Антаніна Плашчынскія былі непісьменнымі, працавалі на гаспадарцы і выхоўвалі шасцёра дзяцей. З гэтай сям’і выйшаў таксама літаратар Ізідар Плашчынскі (Гуткоўскі), які вучыўся ў БДУ, пазней эміграваў і памёр у ЗША ў старасці.

Язэп быў пятым дзіцём у сям’і, рана спазнаў цяжкую працу. У 1910-13 гадах вучыўся ў Каралішчавіцкім народным вучылішчы. У 1918-жніўні 1921-га – у Мінскім рэальным вучылішчы. У 1918-ым прачытаў першую беларускую кнігу – “Шляхам жыцця” Янкі Купалы. Наведваў курсы беларусазнаўства Наркамасветы БССР, там слухаў лекцыі Купалы, Коласа, Бядулі. У 1920-ым пазнаёміўся з Міхасём Чаротам, сяброўствам з якім даражыў усё жыццё. Цягам 1921-26 гадоў працаваў настаўнікам. У 1923 быў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб'яднання “Маладняк”, пазней – “Узвышша”.

У 1926 годзе працаваў у Інбелкульце. У 1925-27 гадах вучыўся на педагагічным факультэце БДУ. Увосень 1927-га перавёўся ў Ленінградскі ўніверсітэт. На чацвёртым курсе пакінуў там вучобу, вярнуўся ў Мінск. У 1929-30 працаваў стыль-рэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей.

Як пісьменнік Язэп Пушча дэбютаваў апавяданнем у 1922 годзе пад псеўданімам Лясун. Цягам 1925-30 гадоў выдаў некалькі паэтычных кніг. Вядомасць мелі яго “Лісты да сабакі”. Паэзія Пушчы апявала новае савецкае жыццё, раскрывала радасны стан разняволенага працаўніка – часта праз ранішні, вясновы пейзаж. Ёй уласцівыя глыбокі лірызм, танальнасць светлай споведзі-разважанні, выкарыстанне сродкаў народнай песні. Да высылкі выйшлі зборнікі вершаў паэта “Раніца рыкае”, “Vita”, “Дні вясны”, “Песні на руінах”, а таксама паэмы “Песня вайны” і “Цень Консула” (пачатковая назва “Песня акупацыі”), прасякнутыя ўражаннямі пра першую сусветную вайну, а таксама паэма “Крывавы плакат”. Была падрыхтавана да выдання кніга “Мой маніфест” (схаваная ў вуллі, а затым, пасля арышту брата, спаленая сястрой Лёдзяй). Быў падрыхтаваны да друку, але не выйшаў зборнік лірыкі “Грэшная кніга”. У канцы 1920-ых ускладніліся светаглядныя пошукі паэта, у некаторых яго творах прагучалі песімістычныя ноты.

Арыштаваны 25 ліпеня 1930 года па справе “Саюзу вызвалення Беларусі”. У 1931-ым НКВД асудзіў яго як “члена контррэвалюцыйнай арганізацыі” і за “антысавецкую агітацыю” да 5 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у Чэбаксарах, Шадрынску. Вызвалены 24 ліпеня 1935 года. У 1937-41 жыў у Мурамскім раёне Уладзімірскай вобласці, настаўнічаў. На чужыне пісаў мала. У гады вайны на фронце. Пасля зноў у Мурамскім раёне. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 30.1.1956. Вярнуўся з сям’ёй у Беларусь у 1958 годзе. Выпусціў з друку вершаваную казку “На Бабрыцы”, кнігу “Вершы і паэмы” і зборнік “Пачатак легенды”. На беларускую мову пераклаў аповесць Аляксея Талстога “Дзяцінства Мікіты”. Асобныя вершы паэта пакладзены на музыку і сталі песнямі. Для твораў пасляваеннага часу характэрна ўзбагачэнне ўтрымання, пашырэнне паэтычнага далягляду.

Да апошніх дзён жыў у Мінску. Памёр Язэп Пушча 14 верасня 1964 года. Пахаваны ў Каралішчавічах.

 

21.05.2017

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты