Навіны

Еўрабачанне і еўрадуманне

Штогадовы конкурс песні “Еўрабачанне” для звычайных тэлегледачоў складаецца з дзвюх галоўных частак. Першая частка, гэта выступы канкурсантаў. Другая частка, не менш захапляльнае шоу, гэта працэс галасавання і выстаўлення балаў нацыянальнымі журы і самымі тэлегледачамі.

Частка першая, хоць і забаўляльная, але менавіта там тэлегледачы хочуць убачыць і ацаніць выключна для сябе прадстаўніка сваёй краіны, а таксама параўнаць яго выступ з іншымі. Ну і вызначыцца, зноў жа для сябе, хто на гэты раз быў лепшым. Пры гэтым большасць гледачоў не асабліва спадзяюцца, што лепшы на іх думку выканаўца стане пераможцам. Гэта, маўляў, усё ў мінулым, у тых часах, калі “АВВА” запальвала аўдыторыю не толькі на конкурсе, але і да, і пасля яго. Зараз, нібыта, усё па іншаму. Таму і проста патэлефанаваць каб аддаць свой голас вырашаецца далёка не кожны з тых, хто з заміраннем сэрца прыліпае да экрана тэлевізара і не можа адарвацца ад яго да самага сканчэння перадачы.

У другой жа частцы значна больш чым у першай у гульню ўступае яе вялікасць інтрыга. І зыходзіць яна зноў жа з таго ж пераканання, што выйграе той, за каго прагаласуюць, і прагаласуюць не толькі за яго талент і выступ, але і яшчэ па цэлым шэрагу сімпатый і прыярытэтаў, якія з цяперашнім выкананнем і ўвогуле з музыкай звязаныя даволі ўмоўна.

Усе, прыкладам, заўважылі такую заканамернасць, што суседзі стараюцца хоць адным балам падтрымаць суседзяў. Скандынавы скандынаваў, прыбалты прыбалтаў і гэтак далей. Пры ўмове, што гэтыя суседзі на сённяшні момант не ваююць між сабой.

Беларусь афіцыйна ні з кім не ваюе. У дадатак яе прадстаўнікі адны з нямногіх, хто выконваў сваю кампазіцыю на роднай мове. І таму яе шанцы атрымаць балы ад суседзяў, пры такім добрым выкананні, былі тэарэтычна вельмі высокімі. Але гэта толькі тэарэтычна. На практыцы яны моцна расчаравалі беларускіх аматараў конкурсу.

– Ты ўяўляеш, польскае і літоўскае нацыянальныя журы нам не паставілі аніводнага балу, – пазваніў мне знаёмы адразу пасля конкурсу. – Нашае журы палякам хоць нейкія балы паставіла.

– Можа ім наша песня зусім не спадабалася, – адказваю ўжо сонны, бо не вельмі цікаўлюся “Еўрабачаннем”, а на той момант і не падазраваў, што буду пісаць пра гэта. – Як яна можа не спадабацца суседзям, – заспрачаўся са мной знаёмы, які ў дадатак ёсць яшчэ і музыкам. Таму з яго аргументамі зусім не лічыцца было б знявагай – Суседзі па тэрыторыі маюць падобную музычную культуру, і адпаведна падобныя музычныя густы і прыярытэты. І калі ўкраінцам наша песня спадабалася больш за ўсе іншыя, бо ўкраінскае нацыянальнае журы паставіла беларусам вышэйшы бал, то як іншым суседзям яна магла не спадабацца зусім?

– Хіба маеш крыху рацыі, – пачаў прачынацца я, бо стала цікава. – А што там з баламі ад тэлегледачоў?

– Тут сітуацыя адваротная, – уздыхнуў музыка. – І палякі, і літоўцы, і латышы, я ўжо не кажу пра ўкраінцаў, усе нас падтрымалі. Хто мацней, хто слабей, але ўсе.

– Дык чаго так уздыхаеш?

– Бо ў гэтым галасаванні нашы тэлегледачы не далі ім балаў. І тут вельмі дзіўна як такое магло атрымацца. У галаве не ўкладваецца. Мяркуй сам. У Польшчы жыве багата беларусаў. Зразумела, што многія з іх прагаласуюць як грамадзяне Польшчы за Беларусь. Вось табе і нашы балы тэлегледачоў з Польшчы. Але ж і ў Беларусі жыве нямала палякаў. Карту паляка атрымала безліч людзей. А за выканаўца з Польшчы не было каму прагаласаваць з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

– У нас заўсёды праблемы з матэматыкай калі даходзіць да падліку галасоў, – смяюся я. – Распавядзі лепш пра Украіну. Ты казаў, яны Беларусь падтрымалі больш за ўсіх.

– Яны то так, – яшчэ глыбей уздыхнуў музыка і голас яго стаў яшчэ больш сумны. – Затое беларускае нацыянальнае журы не аддзячыла іх па-суседску аніводным балам. Ну то на наступны год і ад іхнага журы мы атрымаем дулю. Праўда нашы тэлегледачы адзін бал усё ж Украіне далі. Хоць, калі паглядзець як паказваюць падзеі на Украіне нашы агітацыйныя тэлеканалы, то і гэты бал нечага варты. Яго як мінімум за дзесяць трэба лічыць.

Віктар Сазонаў

30.05.2017

праваабарончыя сайты