Навіны

Мікалай Статкевіч: Лукашэнка не давярае беларускаму войску ў сітуацыі народных пратэстаў

Галоўная задача сёння - абараніць нейтралітэт і незалежнасць краіны.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу (БНК) Мікалай Статкевіч.

- Увосень у Беларусі пройдуць вучэнні «Захад-2017», якія выклікаюць занепакоенасць усяго свету, бо нясуць пагрозу рэгіянальнай бяспецы. Як вы як вайсковы афіцэр пракаментуеце гэтыя манеўры?

- Па-першае, гэта сумесныя вучэнні з чужой дзяржавай і яны накіраваны супраць вайсковага альянсу вядучых краін свету. Фактычна, вучэнні «Захад-2017» уцягваюць Беларусь у канфлікт з краінамі Захаду і чым яны скончацца - незразумела. З улікам таго, што цяпер адбываецца ва Украіне, прыбыццё расейскіх войскаў у Беларусь можа скончыцца і зусім непрадказальна. Гэтыя вучэнні з'яўляюцца грубым парушэннем Канстытуцыі Беларусі, між іншым артыкула аб нейтралітэце нашай краіны.

Па-другое, існуе рэальная пагроза таго, што расейскія войскі з Беларусі не пойдуць. Дыктатар Лукашэнка занадта глыбока ўграз у сумнеўных праектах з Расеяй, ён шмат вінен на сённяшні дзень усходняму суседу і занадта шмат у чым ад яго залежыць. Таму вучэнні «Захад-2017» пагражаюць самому існаванню незалежнай беларускай дзяржавы.

Ёсць яшчэ адзін момант. Увосень чакаецца новы рост сацыяльных пратэстаў у Беларусі. Гэтага чакаем мы, але гэтага чакае і баіцца і ўлада. І якраз да восені Лукашэнка запрашае ў Беларусь замежныя войскі. У верасні пройдуць вайсковыя манеўры, а ў кастрычніку ў Пухавіцкім і Асіповіцкім раёне пачнуцца вучэнні расейскага спецназа. Магчыма, дыктатар ужо не ўпэўнены ў лаяльнасці беларускага войска ў сітуацыі масавых народных пратэстаў.

- Узначалены вамі БНК стаў лідарам палітычных сілаў Беларусі. Вы неаднаразова заяўлялі, што гатовыя змагацца за мірную нейтральную Беларусь. Як БНК будзе супрацьстаяць маючым адбыцца вучэнням?

- Мы павінны абараніць нашу незалежнасць і мір на нашай зямлі. Беларусь - мірная нейтральная краіна, і мы не дамо больш уцягваць сябе ў войны з кім-небудзь.

Не ўцягваць Беларусь у вайсковыя канфлікты і скасаваць вучэнні «Захад-2017» стане асноўным патрабаваннем, якое прагучыць на акцыі 3 ліпеня а 14.00 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Мы будзем патрабаваць менавіта скасавання гэтых манеўраў, нам не патрэбныя ў Беларусі чужыя войскі. Як афіцэр магу сказаць: беларускае войска само ў стане праводзіць вучэнні на выдатна.

У нас ёсць толькі адзін спосаб абараніць сваю незалежнасць - выйсці на мірную акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. На жаль, у Беларусі няма нармальнага парламента, дзе пытанне скасавання вучэнняў з замежным войскам можна было б вырашыць заканадаўча. Рэжым пакінуў беларусам толькі вулічныя акцыі для выказвання сваёй пазіцыі. Таму спыніць гэтыя вучэнні мы зможам толькі выйшаўшы на Плошчу.

- Што вы параіце рабіць беларусам ва ўмовах сур'ёзнай пагрозы незалежнасці іх краіны?

- акцыя 3 ліпеня патрэбна не толькі для барацьбы супраць замежнай інтэрвенцыі. Выйшаўшы на Плошчу ў Менску, мы зможа абараніць сваю годную будучыню.

Увесь свет рухаецца шляхам прагрэсу. У развітых краінах вось-вось чакаецца новая тэхналагічная рэвалюцыя, калі ў найбліжэйшыя некалькі гадоў альтэрнатыўная энэргетыка стане больш выгаднай, чым вуглевадародная. Гэта азначае поўны крах завязанай на расейскай нафце луканомікі. Лукашэнка ператварыўся сам у жабрака пры панскім стале Расеі і хоча такімі зрабіць і беларусаў. Што будзе з нашай прамысловасцю, калі ўжо праз некалькі гадоў пачнецца масавая вытворчасць электрамабіляў? Дыктатар душыць любыя праявы творчай ініцыятывы ў Беларусі і выракае нашых дзяцей на жыццё ў заняпалай, адсталай краіне.

Калі мы выкажам нерашучасць цяпер - гэта будзе вельмі дорага каштаваць нашым дзецям.

Мы павінны цяпер, не адкладаючы на пазней, падняць прынцыповае пытанне аб міры на беларускай зямлі. Беларусы ведаюць, што такое вайна. Калісьці мы заплацілі за вайну таталітарных рэжымаў жыццём кожнага трэцяга. Цяпер беларусаў зноў хочуць уцягнуць у вайсковыя канфлікты.

Таму самая важная задача на найбліжэйшы час - абараніць нейтралітэт і незалежнасць нашай краіны.

Прыйшоў час змагацца за вызваленне Беларусі. І не толькі ад замежнай акупацыі: трэба вызваліць краіну ад унутранага акупанта дзеля будучыні нашых дзяцей і нармальнага развіцця.

3 ліпеня а 14.00 мы павінны выйсці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, каб абараніць мірную Беларусь і змагацца за вызваленне нашай краіны.

https://charter97.org/be/news/2017/5/31/251658/

31.05.2017

Архіў

Сакавік 2021
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты