Навіны

Раз’яднанне і скрайнасці

Непрыемна рэзнулі вока на мінулым тыдні дзве замежныя інфармацыі. У Францыі невядомыя вандалы зганьбілі магілу былога прэзідэнта краіны, генерала Шарля дэ Голя. На яго магіле быў зламаны крыж. Як ведама, Шарль дэ Голь быў заснавальнікам і прэзідэнтам Пятай рэспублікі. Гэтая асоба – сімвал руху французскага Супраціву ў гады другой сусветнай вайны. Дэ Голь дастаткова паспяхова кіраваў Францыяй з 1959-га па 1969-ы год. За час яго кіравання былыя французскія калоніі сталі незалежнымі дзяржавамі. А Францыя здабыла ў свеце вялікі аўтарытэт. Тыя, хто руляваў дзяржавай пасля яго спакваля вялі краіну ад традыцыйных каштоўнасцяў і хрысціянскай маралі ў фальшывы свет нібыта мультыкультурнасці, псеўдакаштоўнасцяў і палітычных гешэфтаў. Асаблівага размаху гэты працэс набраў ужо з сярэдзіны дзявяностых гадоў мінулага стагоддзя. Палітыка ўсіх гэтых “шыракаў-аляндаў” прывяла ў выніку да расколу грамадства, размывання нацыянальнай ідэнтычнасці, а ўрэшце – тэрарыстычных актаў з боку экстрэмісцкіх ісламскіх груповак. Дайшло да таго, што зараз дыскрымінацыі падвяргаецца ўжо карэнная тытульная нацыя, а быць, прыкладам, актыўным хрысціянінам – асабліва небяспечна ў Пятай рэспубліцы. Прыгадаем выпадак, калі ісламскі тэрарыст зарэзаў старога святара проста ў храме французскага гораду. А зараз во паламалі крыж на магіле дэ Голя. Пакуль невядома, хто гэта зрабіў – чарговыя ісламскія экстрэмісты ці карэнныя французы-атэісты з перакручанымі мазгамі, але гэта не так важна. Галоўнае – што мэтна, наўмысна паламалі крыж на магіле аднаго з нацыянальных герояў Францыі. Здарылася тое, што яшчэ гадоў дваццаць таму ўявіць было немагчыма.

Іншая ганебная інфармацыя даляцела з-за акіяна. У Новым Арлеане дэмантавалі апошні з чатырох даўніх абеліскаў у гонар Канфедэрацыі паўднёвых штатаў ЗША. Пяцімятровай статуі генерала канфедэратаў Роберта Лі, якая прастаяла ў гэтым горадзе ажно 130 гадоў, больш няма на ранейшым месцы. На думку цяперашніх уладаў штату Паўднёвая Караліна, помнікі выбітным вайскоўцам-канфедэратам сімвалізавалі расісцкае мінулае поўдня ЗША. Вось такія павароты, нават выкрутасы, гісторыі, такі нігілізм. Прыгадаю, што генерал Роберт Лі – адзін з высакароднейшых людзей свайго часу, доўгія гады яго імя было сімвалам вайсковай годнасці, адважнасці, гонару, пры жыцці ўсе, у тым ліку і яго ворагі, лічылі ваяра чалавекам слова і сумлення. Значны час Роберт Лі быў нацыянальным героем усёй Амерыкі, пакуль рэвізіяністы не пачалі перакручваць гісторыю і мяняць ацэнкі гістарычнай постаці на супрацьлеглыя. Пад выглядам змагання з расізмам у Еўропе і Амерыцы ўзніклі шырокія плыні, якія адмаўляюць усё нацыянальнае, усё традыцыйнае, усё праўдзівае. Па ўсім відаць, амерыканскае грамадства цяпер таксама вельмі раз’яднанае, што і пацвердзілі апошнія прэзідэнцкія выбары.

Праўдападобна мы ўвогуле жывем у эпоху грамадзянскіх расколаў і раз’яднанасці. І што характэрна, гэта не залежыць нават ад палітычнага ладу. Беларусь, Польшча, Україна, Францыя, ЗША, Карэя, спіс можна доўжыць – вельмі розныя дзяржавы, рознага роўню і развіцця. Але для ўсіх іх сёння характэрны менавіта паглыблены грамадзянскі раскол і раз’яднанасць нацыі. Ці знойдуцца ўрэшце палітыкі, якія здолеюць не паглыбіць, а хоць бы зменшыць гэты раскол – малаверагодна. Правільней сказаць, такія палітыкі напэўна ёсць, але малаімаверна, што пры дзейсных сістэмах яны могуць прыйсці да ўлады. А таму бліжэйшым часам варта чакаць чарговых грамадзянскіх канфліктаў. І новых тэрарыстычных актаў, падобных таму, што здарыўся тыдзень таму ў брытанскім Манчэстэры. Бо пакуль кіроўныя эліты не назавуць рэчы сваімі імёнамі і не паставяць горкі, але праўдзівы дыягназ стану сваіх грамадстваў, не прызнаюць тупіковасці сваёй недальнабачнай палітыкі, ніхто нават не будзе шукаць выхаду з хваробы і па-сапраўднаму дзейсных лекаў ад яе.

Уладзімір Хільмановіч

 

01.06.2017

праваабарончыя сайты