Навіны

100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мацукевіча

Мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Мікалай (свецкае імя Міхал Мацукевіч) нарадзіўся 2 чэрвеня 1917 года на хутары Суяцін (Новавузенскі павет Самарскай губерні, Расея). Паходзіў з праваслаўнай сям’і беларусаў-бежанцаў. У час першай сусветнай вайны бацькі – Кандрат і Домна (з роду Дзямковічаў) Мацукевічы выехалі ў бежанства з роднай вёскі Моталь на Берасцейшчыне. У 1921 годзе Міхал пасля смерці маці і сястры, вярнуўся разам з бацькам і двума братамі ў Моталь. У 1932 годзе скончыў пачатковую школу. Пазней вучыўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе. Служыў у польскім войску ў Брэсце, удзельнічаў у нямецка-польскай вайне 1939 года, быў паранены. У лістападзе 1939-га вярнуўся дадому. Вучыўся на настаўніцкіх курсах у Брэсце. Пазней пераехаў у Пінск. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі працаваў на ўласнай гаспадарцы. У красавіку 1944-га арыштаваны нямецкімі ўладамі і вывезены ў Германію. Да лютага 1945 года быў на прымусовых работах, капаў акопы паміж гарадамі Кобленц і Бон. Вызвалены амерыканскімі войскамі.

З сакавіка 1945 года Мацукевіч жыў у Вялікабрытаніі, дзе працаваў на ферме недалёка ад шатляндскага Глазга. Падтрымліваў сувязі з беларускімі перасяленцамі ў Нямеччыне. У 1946 годзе ў час наведвання сваякоў у беларускім лагеры ў Ватэнштэце пазнаёміўся з беларускім грамадскім дзеячам Міколам Шылам. У 1947 годзе ўдзельнічаў у 1-ым з’ездзе Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі. Пасля 1949-га жыў у Лондане, дзе цягам двух гадоў працаваў адміністратарам Беларускага дома.

У жніўні 1951-га Мацукевіч пераехаў у Канаду. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Калегіі Святога Андрэя ў горадзе Вініпег. Рукапакладзены ў сан іерэя 6 траўня 1952 г. іерархам Украінскай грэцка-праваслаўнай царквы мітрапалітам Іларыёнам. Са жніўня 1954-га жыў у Таронта, дзе арганізаваў прыход Святога Кірылы Тураўскага. Першую літургію адслужыў у кастрычніку 1954-га. Апрача Таронта святарскія абавязкі выконваў у гарадах Садберы, Атава, Манрэаль і іншых. З сярэдзіны 1960-ых штомесяц прыязджаў на набажэнства да беларускіх вернікаў у Дэтройт (ЗША). Адзін з арганізатараў там беларускага праваслаўнага прыхода Святога Духа. У кафедральным саборы Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку ў кастрычніку 1966-га пастрыгся ў манахі і прыняў імя Мікалай. На наступны дзень узведзены архіепіскапам БАПЦ Сергіем у сан ігумена і архімандрыта. У змаганні груповак БАПЦ прыняў бок епіскапа Васіля Тамашчыка. Рукапакладзены ў сан епіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага ў сакавіку 1968-га ў Аўстраліі. Спрыяў выданню царкоўна-рэлігійных кніг “Праваслаўны малітоўнік” (1966) і “Службоўнік” (1980). У траўні 1983 г. на надзвычайным саборы БАПЦ у Кліўлендзе абраны першым іерархам БАПЦ. На 3-м саборы БАПЦ у царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку (штат Нью-Ёрк) абраны паўторна першым іерархам. Канфліктаваў з іншай буйнай групоўкай з цэнтрам у Брукліне і пад кіраўніцтвам спачатку Андрэя (Крыта), а затым Ізяслава (Бруцкага). Саборам БАПЦ гэтай групоўкі на Мікалая была накладзена анафема, якую ён прызнаць адмовіўся і аб'явіў пра некананічнасць бруклінскай БАПЦ. У лютым-сакавіку 1992 г. наведаў Беларусь, сустракаўся з мітрапалітам Філарэтам.

Памёр Мацукевіч 20 чэрвеня 2002 г. у Таронта. Пасля смерці Мікалая большая частка яго царквы перайшла пад кантроль БАПЦ Ізяслава (Бруцкага). 

02.06.2017

Відэа

праваабарончыя сайты